https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Унук легендарнага героя Раман Заслонаў прадставіў у Віцебску свой жывапіс


Работы Рамана Заслонава ўжо былі прадстаўлены ў Мінску і Гомелі. У Віцебску выстаўка затрымаецца да 30 сакавіка.
Унук легендарнага партызана, мастак з сусветным імем Раман Заслонаў прадставіў 3 сакавіка ў Віцебску свае жывапісныя работы.

Адкрыццё выстаўкі прайшло пры аншлагу - віцебскія мастакі, рэжысёры, майстры фатаграфіі, мастацтвазнаўцы, аматары мастацтва абмяркоўвалі яркія, напоўненыя колерам і эмоцыямі палотны, разглядалі дробныя дэталі, рабілі адкрыцці, дзяліліся ўражаннямі ад убачанага і ўспамінамі пра аўтара.

Аказалася, што ў Віцебску многія ведаюць Рамана Заслонава - нехта з ім вучыўся, хтосьці быў разам у студэнцкім атрадзе, іншыя памятаюць яго як мастака-пастаноўшчыка аднаго са спектакляў Коласаўскага тэатра.

У час вернісажу адбыўся і кароткі брыфінг, у ходзе якога Раман Заслонаў падзяліўся з журналістамі сваімі ўражаннямі ад цяперашняга Віцебска. "Мне было вельмі цікава, як змяніўся горад. Спектакль мы ставілі ў 80-я, тады з боку службовага ўвахода тэатра адкрываўся прыгожы пейзаж, але сабораў не было. Цяпер многія з іх вярнуліся на свае месцы, і ты разумееш, што яны сапраўды павінны тут быць. Горад папрыгажэў, вельмі прыемна гуляць па вуліцах старога Віцебска, тут свая атмасфера. Мне яшчэ пашанцавала, што выпаў, ужо напэўна апошні, снег, які так прыемна храбусціць пад нагамі, а на душы пры гэтым цёпла ад вашай гасціннасці. Тым больш што я тут знайшоў сваіх сваякоў, сустрэў старых сяброў, - расказаў мастак. - Добрая архітэктура - гэта, вядома, важна, але галоўнае напаўненне любога месца - гэта людзі. І калі сустракаеш добрыя позіркі, ад гэтага становіцца цяплей і хочацца жыць".

Згадваючы сваю работу над спектаклем у Коласаўскім тэатры, Раман Заслонаў адзначыў, што ствараючы спектакль "Сняданак з невядомымі", творчы калектыў працаваў дзень і ноч.

"Гэта была крыху дэтэктыўная гісторыя, і на сцэне павінен быў знаходзіцца аўтамабіль. Зрабіць гэта было цяжка, але ў нас усё атрымалася", - падзяліўся мастак і дадаў, што ў адстойванні сваёй пазіцыі стваральнікам спектакля даводзілася "змагацца" з мастацкім саветам. Раман Заслонаў прызнаўся, што тэатр ён любіў з "глыбокага дзяцінства".

"Часта хаджу ў тэатр, мару яшчэ як-небудзь у ім папрацаваць, праявіць сябе. Тэатральнасць прысутнічае і ў маім жывапісе. Гэта дае магчымасць уявіць два светы - нашу рэчаіснасць і нейкую гульню. Як гэтыя маленькія фігуркі марыянетак на карцінах, яны адначасова і лялькі, і жывыя людзі", - сказаў мастак.

Практычна на ўсіх прадстаўленых у Віцебску палотнах дамінуючае становішча займаюць жанчыны, менавіта вакол іх круціцца свет. "Тут супадаюць два аспекты - асабісты і творчы, - растлумачыў мастак. - Я мужчына і таму мяне жанчыны цікавяць і як аб`ект, і як суб`ект. Гэта можа выклікаць розную рэакцыю, у тым ліку нязгоду і спрэчкі, але маё пакланенне перад гэтым вобразам відавочна. Мне складана штосьці дадаць - работы гавораць шмат аб чым".

Адказваючы на пытанне аб тым, як у сям`і захоўваецца памяць пра Канстанціна Заслонава, унук героя расказаў, што яго маці напісала кнігу аб даваенным і ваенным перыядзе дзеда. "Мы жывём з гэтай гісторыяй, яна важная частка жыцця сям`і. Гэта не знешні фактар, гэта ўнутраны стан і для мяне нейкая жыццёвая планка, мерка", - падкрэсліў Раман Заслонаў.

У канцы гутаркі журналісты пацікавіліся ў знакамітага госця, з якім колерам у яго асацыюецца Віцебск. Аказалася, што гэта тры колеры. "У вашым горадзе я бываю зімой. Знешні пейзаж - шэрае неба, белы снег і залатыя купалы", - сказаў на заканчэнне мастак.

4 сакавіка 2016, Віцебск
Алёна Ціханава - БЕЛТА
 
Дата публикации:04.03.2016
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:778
 
Ключевые слова:
Выставка Роман Заслонов Віцебск Живопись
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме