https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Сем фактаў пра Уладзіміра Мулявіна


Знакамітаму "Песняру" 12 студзеня споўнілася б 75 гадоў.
Уладзімір Мулявін нарадзіўся ў 1941 у Свярдлоўску (цяпер Екацерынбург, Расія), вучыўся ў мясцовым музычным вучылішчы, працаваў у сібірскіх філармоніях.

У 1963 запрошаны ў Белдзяржфілармонію. У 1968 заснаваў пры ёй ансамбль «Лявоны», які ў 1970 стаў «Песнярамі».

Вывучыў беларускую мову, каб працаваць з народнай песняй. Дзякуючы «Песнярам» беларускі фальклор і класічная паэзія (Купала, Колас, Багдановіч, Танк) сталі вядомыя на ўвесь СССР. Сабраў залаты склад музыкаў: Місевіч, Барткевіч, Кашапараў, Тышко, Дзямешка, Дайнэка, Палівода.

У 2002 Мулявін трапіў у жорсткую аўтааварыю і 26 студзеня 2003 памёр ад атрыманых траўмаў у шпіталі. Пахаваны на Усходніх могілках Мінска.

«Песняры» застаюцца адным з найбольшых культурных дасягненняў Беларусі ў ХХ стагоддзі.

Продкі Уладзіміра Мулявіна былі заможнымі сібірскімі купцамі

Яны мелі свае магазіны, былі адукаванымі. Савецкая ўлада рэпрэсавала іх. І ўжо бацька Уладзіміра, Георгій Мулявін, быў простым рабочым на заводзе «Уралмаш». Ён быў музычна адораным, добра іграў на гітары. Георгій сышоў з сям`і да іншай жанчыны, пакінуўшы жонку з трыма дзецьмі.

Мулявін не меў скончанай музычнай адукацыі, бо яго адлічылі з другога курса

Яго першым настаўнікам музыкі быў палітвязень Аляксандр Наўроцкі.

Як расказваў Мулявін, гэты выпускнік Харкаўскага інстытута культуры і былы вязень сталінскіх лагераў быў незвычайна таленавітым музыкам-педагогам. Ён першым разглядзеў у Мулявіну не толькі талент, але і каласальную працаздольнасць. Наўроцкі займаўся са сваім выхаванцам па шэсць-сем гадзін у суткі, і ў выніку Мулявін паступіў у Свярдлоўскае музычнае вучылішча. Ён вучыўся на аддзяленні народных інструментаў, а самастойна асвоіў гітару, фартэпіяна і стварыў джаз-бэнд.

Мулявін не меў скончанай музычнай адукацыі, бо яго адлічылі з другога курса за «нізкапаклонства перад заходняй музыкай».

Рваў уласныя ноты

Патрабавальнасць Мулявіна да сябе пераходзіла усякія межы. Калі на першым выкананні песні публіка рэагавала вяла, Мулявін пасля канцэрта рваў уласныя ноты, і песня больш не выконвалася.

Песні пісаў на досвітку

Між 4-й і 9-й гадзінамі раніцы.

Прымаючы на працу ў «Песняры», Мулявін прасіў кандыдата праспяваць куплет з «Белавежскай пушчы»

Калі прэтэндэнт браў верхнія ноты, ён мог разлічваць на ўваход у склад групы.

Тры жонкі, чацвёра дзяцей

У 1959 18-гадовы Уладзімір Мулявін ажаніўся з артысткай Лідзіяй Кармальскай, якая выступала ў рэдкім жанры мастацкага свісту. У 1961 у іх нарадзілася дачка Марына, а ў 1975 — сын Уладзімір.

У тым самым 1975 шлюб з Кармальскай распаўся, і Мулявін ажаніўся з Святланай Слізскай. У 1976 у іх нарадзілася дачка Вольга.

Другі шлюб пратрымаўся да 1981, калі Мулявін, развёўшыся, ажаніўся з акцёркай Святланай Пенкінай. (Пазнаёміў іх калега па «Песнярах» Уладзіслаў Місевіч.) У 1982 ва Уладзіміра і Святланы нарадзіўся сын Валерый.

Брата забілі, сын загінуў ад наркотыкаў

Смерць брата Уладзіміра, Валерыя Мулявіна, так і не была расследаваная. Ён загінуў у Ялце ў 1973-м, пасля канцэрта. Пракуратура і міліцыя адразу агучылі версію: упаў на парапет і разбіўся. Але «пясняр» Уладзіслаў Місевіч сцвярджаў у інтэрв`ю, што Валерыя забілі крымінальнікі. «Яго прайгралі ў карты. Прычым, імаверна, злачынцы паставілі на кон Валодзю. Але не вельмі разабраліся, хто з братоў хто, а можа, вырашылі, што кіраўнік — той, хто старэйшы».

У дзень смерці брата Мулявін з «Песнярамі» быў вымушаны адспяваць два канцэрты. Чыноўнікі не дазволілі адмяніць іх. Крымінальную справу закрылі «за адсутнасцю доказаў». Валерый Мулявін пахаваны на Чыжоўскіх могілках Мінска.

Трагічнай была і смерць сына Уладзіміра Мулявіна — таксама Уладзіміра. Як дзве кроплі вады падобны на бацьку, ён таксама быў музыкам і нават супрацоўнічаў з дзяржаўнымі «Песнярамі». Пасля быў асуджаны за распаўсюд наркотыкаў на турэмны тэрмін і ў 2006 сканаў у зняволенні. Прычынай смерці, як паведамлялася, было працяглае ўжыванне наркотыкаў.

Што датычыць самога Мулявіна, то яго пад канец жыцця былыя калегі звінавацілі ў злоўжыванні алкаголем. З гэтага і пачаліся расколы ў ансамблі, калі з`явіліся «Беларускія песняры» і іншыя асколкі былой велічы.

Наша Ніва, 12 студзеня 2016
 
Дата публикации:12.01.2016
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:709
 
Ключевые слова:
Уладзімір Мулявін Песняры Музыка
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме