https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Гісторыка-культурны музей-запаведнік "Нясвіж" удастоены прыза "Еўропа Ностра - 2016"


Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве культуры Беларусі.
Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік "Нясвіж" удастоены прыза "Еўропа Ностра - 2016" у катэгорыі "Адданая служба".

Журы прэміі было ўражана манументальнай работай па стварэнні музея ў нядаўна адноўленым палацы Радзівілаў усяго за некалькі месяцаў.

"Аднаўленне аб`екта і стварэнне музея не было лёгкай задачай, беручы пад увагу адносную аддаленасць аб`екта ад буйных гарадоў і сталіцы, а таксама пашкоджанні і запушчанасць, якія ён зведаў на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. Здольнасць музея падтрымліваць цікавасць грамадскасці і выдатная лічба 400 тысяч наведвальнікаў штогод таксама заслугоўваюць узнагароды", - лічаць у вядучай ерапейскай арганізацыі ў галіне спадчыны "Еўропа Ностра".

Праект стварэння музея ўключаў уладкаванне 30 экспазіцыйных залаў і фондаў, якія захоўваюць 20 тысяч прадметаў. Адметны і той факт, што музей знайшоў агульную мову з папярэднімі ўладальнікамі палаца.

Нашчадкі Радзівілаў пражываюць у Польшчы, Вялікабрытаніі, Італіі і іншых краінах. Умацаванне ўзаемаразумення паміж нашчадкамі роду і супрацоўнікамі музея дало магчымасць апошнім атрымаць доступ да калекцый Радзівілаў, тым самым узмацняючы ўражанні наведвальнікаў ад гэтага элегантнага замка і пацвярджаючы, што яго багатая гісторыя захоўваецца ў адпаведнасці з яе кантэкстам, лічаць еўрапейскія эксперты.

Журы прызнае і адказнасць, з якой музей-запаведнік "Нясвіж" ставіцца да складанага мінулага палаца.

"Супрацоўнікі музея саслужылі вялікую службу сваёй установе. Павага, з якой яны ставяцца да Радзівілаў праз амаль сотню гадоў пасля іх выгнання з роднага дома, сведчыць, наколькі моцныя еўрапейскія культурныя карані роду ў гэтай частцы свету.

Супрацоўнікі музея-запаведніка выйшлі далёка за рамкі сваіх абавязкаў, і дзякуючы гэтаму яны могуць быць прыведзены ў якасці прыкладу іншым работнікам гэтай сферы", - перакананы эксперты.

Цырымонія ўзнагароджання пройдзе вечарам 24 мая ў тэатры "Сарсуэла" у Мадрыдзе. Каля тысячы чалавек, уключаючы прафесіяналаў у галіне спадчыны, валанцёраў і спонсараў з усёй Еўропы, будуць прымаць удзел у мерапрыемстве.

Пераможцы прадставяць свае дасягненні раніцай 24 мая на спецыяльнай цырымоніі ў штаб-кватэры Каралеўскай школы архітэктуры ў Мадрыдзе, а таксама паўдзельнічаюць у розных мерапрыемствах Еўрапейскага кангрэса спадчыны ў Мадрыдзе, які пройдзе 22-27 мая.

Дарэчы, гэта ўжо другі выпадак прысуджэння ўзнагароды "Еўропа Ностра" праекту з Беларусі. У 1993 годзе гэтага прыза ўдастоены Мірскі замак за аднаўленне і рэстаўрацыю.
_______________________________________

Europa Nostra ("Еўропа Ностра") - агульнаеўрапейская федэрацыя арганізацый, што працуюць у галіне спадчыны, якую падтрымлівае шырокая сетка дзяржаўных органаў, прыватных кампаній і фізічных асоб. Створана ў 1963 годзе. Працуючы ў сарака краінах Еўропы, арганізацыя з`яўляецца голасам грамадзянскай супольнасці, які выступае за захаванне і папулярызацыю еўрапейскай культурнай спадчыны. Яна адзначае найбольш выдатныя прыклады захавання і папулярызацыі спадчыны, уручаючы прыз "Еўропа Ностра".

11 красавіка 2016, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:11.04.2016
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:766
 
Ключевые слова:
Нясвіж Музеи Замки Беларуси Реставрация Радзівілы
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме