Паводле слоў Уладзіміра Матусевіча, абсалютным лідарам застаецца кніга «Генацыд беларускага народа». «Сярод мастацкай літаратуры з вялікім адрывам ад астатніх ідзе «Дзікае паляванне караля Стаха». Яе выпускала некалькі выдавецтваў, у тым ліку і дзяржаўнае выдавецтва «Беларусь», — сказаў ён.
У топе таксама знаходзяцца «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» Уладзіміра Караткевіча, «Абеліск» і «Знак бяды» Васіля Быкава, а таксама «Выбраныя творы» Максіма Багдановіча. «Вялікія паказчыкі па чытальнасці ў перакладной літаратуры. Тут папулярныя “Маленькі прынц” Антуана дэ Сэнт-Экзюперы, “Тры таварыша” і “Трыумфальная арка” Эрыха Марыі Рэмарка, “Партрэт Дарыяна Грэя” Оскара Уайльда, а таксама “Мастацтва кахаць” Эрыха Фромма. Яшчэ невялікая, але ўжо прыкметная рэалізацыя ў перакладаў на рускую мову нашай беларускай класікі», — дадаў Уладзімір Матусевіч.
Адзначыў ён і папулярнасць атласа «Мая Беларусь» і альбома «99 знакамітых мясцін Беларусі», а таксама выдадзенай і прэзентаванай летась кнігі «Смак беларускай гісторыі», тыраж якой, паводле слоў Уладзіміра Матусевіча, разышоўся ў «Белкнізе» літаральна за паўгода.
«Белкніга» актыўна займаецца прасоўваннем беларускай кнігі за мяжу. «У мінулым годзе беларускую літаратуру прадстаўлялі ў Расіі ў некалькіх фарматах — як на базе кнігарняў, так і на кнігарнях, такіх як кніжны фестываль “Чырвоная плошча” у Маскве і Санкт-Пецярбургскі міжнародны кніжны салон», — адзначыў Уладзімір Матусевіч.
Дырэктар падзяліў кнігі, якія карыстаюцца найбольшым попытам у расіян, на тры блокі. У першы ўвайшлі кнігі пра Беларусь рознай скіраванасці: літаратура пра беларускія традыцыі, альбомы, даведнікі пра цікавыя мясціны, кнігі пра беларускую культуру і гісторыю. Другім блокам, папулярным у расіян, Уладзімір Матусевіч назваў вытворча-практычную літаратуру. У трэці блок увайшла мастацкая літаратура як на беларускай, так і на рускай мове.
«У выдавецтва “Мастацкая літаратура” ёсць добрае пачынанне, якое будзе прадоўжана, — серыя кніг беларускай класікі на рускай мове. Яна ў рускамоўнага чытача таксама карыстаецца вялікай цікавасцю. Чытаюць як выхадцы з Беларусі, так і самі расіяне», — дадаў ён.
«У выдавецтва “Мастацкая літаратура” ёсць добрае пачынанне, якое будзе прадоўжана, — серыя кніг беларускай класікі на рускай мове. Яна ў рускамоўнага чытача таксама карыстаецца вялікай цікавасцю. Чытаюць як выхадцы з Беларусі, так і самі расіяне», — дадаў ён.
Таксама Уладзімір Матусевіч адзначыў папулярнасць дзіцячай літаратуры. «Наша дзіцячая літаратура ў сілу агульнасці і блізкасці моў таксама папулярная ў расіян. Кнігі для дзяцей у нас змястоўныя, прыгожыя і цікавыя, а таксама дастаткова даступныя па кошце. Яны маюць свой попыт і свайго чытача ў Маскве, Санкт-Пецярбургу і ў іншых рэгіёнах Расіі», — падкрэсліў ён.
Звязда, 29 студзеня 2024