Сяргей Гейсцер, галоўны навуковы супрацоўнік Навукова-даследчага інстытута Узброеных Сіл, доктар тэхнічных навук, прафесар:
— Важна зразумець прыроду захаплення камп`ютарнымі гульнямі. На мой погляд, гэта магчымасць самарэалізавацца ў віртуальным свеце, што далёка не заўсёды атрымліваецца ў рэальнасці. Адсюль вызначаюцца альтэрнатывы — гульні, якія дзіцяці па душы і ў якіх ён можа праявіць сябе. Прычым яны павінны быць даступнымі, разнастайнымі і займальнымі. Такімі альтэрнатывамі могуць стаць спартыўныя гульні, інтэлектуальныя (шахматы, шашкі), творчасць (напрыклад, радыёмадэляванне, авіямадэляванне, фатаграфія, маляванне, лепка). Не абысціся дзецям і без гульняў у двары з аднагодкамі, якія падыходзяць для рознага ўзросту: у квача, "вайнушку", футбол, мястэчкі (гульня забытая, а раней вельмі папулярная), хакей на дарозе без канькоў. Толькі на карысць будуць паходы ў лес, на рэчку.
Лізавета Лісіца, вучаніца 7 класа Мажэйкаўскай
СШ Лідскага раёна:
— Замена камп`ютарным гульням ёсць! Толькі, на жаль, з-за таго, што амаль у кожнага з нас ёсць камп`ютар, мала хто заўважае нешта іншае. Калі ў мяне яшчэ не было гэтай цуда-тэхнікі, мы з маімі сябрамі гулялі ў шматлікія гульні. А як толькі з`явіўся камп`ютар, іх стала значна менш. А з падключэннем інтэрнэту іх увогуле не стала: пачалі радзей выходзіць на вуліцу, менш сустракацца. Я разумею, што гэта няправільна, але сама такая ж: калі ёсць вольны час, адразу за камп`ютар! Максімум, колькі я магу без яго пратрымацца, гэта 2 дні!
Рафаіл Цюцін, вядучы спецыяліст цэнтральнага
апарата ДТСААФ:
— Альтэрнатыва ёсць заўсёды. Веласпорт, велатурызм, футбол, хакей і іншыя віды спорту. Аднак трэба разумець, што гэтыя гульні патрабуюць немалых матэрыяльных выдаткаў. А гэта не ўсім бацькам па сілах. Таму і атрымліваецца, што менш затратныя для бацькоў і больш даступныя для дзяцей — камп`ютарныя гульні. І як бы сённяшнія бацькі не скардзіліся на сваіх нашчадкаў, яны добра разумеюць, што сучасныя тэхналогіі дазволілі ім не прыкладаць шмат намаганняў і грошай на тое, каб іх дзеці былі заўсёды "пры справе".
Падрыхтавала Вераніка Канюта
Звязда, 25 студзеня 2013