https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Беларускі мультфільм "І.С.Бах" атрымаў прэмію расійскай кінаакадэміі "Залаты арол"


Аб гэтым паведамілі на кінастудыі "Беларусьфільм".
Беларускі мультфільм "І.С.Бах" атрымаў "Залатога арла" - прэмію Нацыянальнай акадэміі кінематаграфічных мастацтваў і навук Расіі ў намінацыі "Лепшы анімацыйны фільм" 2012 года.

Перамога Беларусі на прэстыжным форуме - першая за ўсю 42-гадовую гісторыю айчыннай мультыплікацыі. Прэмію "Залаты арол" называюць расійскім "Оскарам". Яна прысуджаецца за выдатныя дасягненні ў галіне кінематаграфіі і за выключны прафесійны ўклад у развіццё расійскага і сусветнага кіно. У гэтым годзе ў конкурсе прымалі ўдзел 32 мультыплікацыйныя стужкі.

"Мы цяпер толькі пачынаем выстаўляць "І.С.Баха" на фестывалі і спадзяёмся на поспех. У гэтым годзе мультфільм паедзе як мінімум на 15 кінафестываляў. Пададзены ўжо заяўкі на ўдзел у Міжнародным фестывалі анімацыйных фільмаў AniFilm у Чэхіі, Міжнародным фестывалі анімацыйнага кіно Golden Kuker у Балгарыі", - расказаў дырэктар студыі анімацыйных фільмаў кінастудыі "Беларусьфільм" Ігар Галіноўскі.

"Мультфільм "І.С.Бах" - музычна-біяграфічная стужка з серыі транснацыянальнага адукацыйнага праекта "Казкі старога піяніна" сумеснай вытворчасці "Беларусьфільма" і расійскай студыі "Мір". У карціне адлюстраваны асноўныя вехі біяграфіі нямецкага кампазітара, творчасць якога не атрымала прызнання сучаснікаў. "Чацвёрты эпізод з цыкла "Казкі старога піяніна" аб`ядноўвае два фільмы: "І.С.Бах" і "П.Чайкоўскі". Карціну аб нямецкім класіку мы рабілі самастойна, а фільм аб рускім музыканце здымалі нашы калегі. Дарэчы, восенню 2012-га на "Вялікім фестывалі мультфільмаў" у Маскве стужка "І.С.Бах" стала другой у праграме "Прэм`еры" па выніках галасавання гледачоў", - адзначыў Ігар Галіноўскі.

У гэтым годзе плануецца выпусціць яшчэ два фільмы з серыі "Казкі старога піяніна". Расійскія мультыплікатары здымуць карціну "Дэбюсі", а беларускія майстры - стужку "Шапэн". Дарэчы, работа над мультфільмам пачалася ўжо. Беларускі глядач зможа яго ўбачыць у канцы восені гэтага года.

Штогадовая прэмія "Залаты арол", пераможцаў якой выбірае Нацыянальная акадэмія кінематаграфічных мастацтваў і навук Расіі на чале з рэжысёрам Уладзімірам Навумавым, уручаецца з 2002 года. У гэтым годзе на статуэтку "Залатога арла" ў 20 намінацыях прэтэндавала 19 расійскіх ігравых, дакументальных, анімацыйных фільмаў і тэлесерыялаў і 3 замежныя карціны.

28 студзеня 2013, Мінск
Алена Пунтус - БЕЛТА
 
Дата публикации:28.01.2013
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:2373
 
Ключевые слова:
Конкурс Мультипликация Беларусьфільм
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме