Справе Анастасіі ўжо 3 гады — за гэты час праз яе дом прайшлі больш чым 340 жывёл. Пачалося ўсё з таго, што дзяўчына чытала форум "Суперкот", дзе валанцёры дапамагаюць бяздомным жывёлам знайсці новы дом. "Сэрца сціскалася, калі чытала там гісторыі няшчасных жывёл", — кажа Насця. Паступова яна стала валанцёрам "Суперкота", а потым заснавала дамашні прытулак для бяздомных кошак і сабак.
Жывёл Насце прыносяць людзі з просьбай часова іх у сябе патрымаць, часта выхаванцаў дамашняга прытулку знаходзяць на сметніках. Здараецца, што жыхароў прытулку даводзіцца лячыць, вазіць да ветэрынара, стэрылізаваць, памяшчаць у каранцін. "Адной з усімі даволі цяжка справіцца: і пакарміць, і выгуляць, і палячыць, і пагуляць — тут вельмі патрэбная дапамога валанцёраў. Хто можа, пералічвае грошы на дабрачынны рахунак, хтосьці прывозіць ежу або прыязджае і дапамагае даглядаць гадаванцаў", — адзначае Насця.
Паводле яе слоў, галоўная мэта прытулку — знайсці ўсім жывёлам новы дом.
Дапамагчы ў гэтай добрай справе можна, звязаўшыся з валанцёрамі "Суперката" або пералічыўшы грошы на дабрачынны рахунак МООЛЖ "Суперкот", прытулак для жывёл УНП 194901770, МФО 153001369, р/р, 3015102634010 у Цэнтры банкаўскіх паслуг № 706 "БПС-Банка" ў Мінску, адрас банка: вул. Раманаўская слабада, 14-а, код 369.
БелаПАН, 30 ліпеня 2012