У прэзентацыі бралі ўдзел не толькі аўтары — пісьменнік Уладзімір Арлоў і мастак Зміцер Герасімовіч, але і вядомыя гісторыкі, навуковы рэдактар кнігі Зміцер Санько.
Выдатна аформлены том — свайго роду працяг выдання Арлова і Герасімовіча "Краіна Беларусь", што выходзіла пяцітысячным накладам і цалкам раскупілася. Кніга пачынаецца матэрыяламі аб суіснаванні балтаў і славянаў на беларускіх землях, а сканчаецца аповедам аб сённяшнім жыцці беларусаў у Літве.
Як адзначыў Уладзімір Арлоў, дзень для прэзентацыі быў абраны невыпадкова — менавіта 6 жніўня Францыск Скарына выдаў першую беларускую друкаваную кнігу. З гэтай нагоды бібліятэка падрыхтавала выставу гістарычнай літаратуры, з якой маглі азнаёміцца наведнікі прэзентацыі.
Нягледзячы на тое што цана выдання складае каля 350 тысяч рублёў, шмат хто з удзельнікаў імпрэзы тут жа набылі яго.
БелаПАН, 6 жніўня 2012