З гэтай нагоды з журналістамі сустрэліся прадстаўнікі Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі. Як заявіў Анатоль Ваньковіч, старшыня камісіі Парламенцкага Сходу па бяспецы, абароне і барацьбе са злачыннасцю, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, у гісторыі Беларусі і Расіі было шмат цяжкіх выпрабаванняў, падчас якіх правяралася жыццёвая сіла народа і трываласць дзяржаўных асноў — у тым ліку да гэтых падзей можна аднесці і вайну 1812 года
Ён выказаў думку, што падзеі 200-гадовай даўнасці трэба выкарыстоўваць у ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі нашых дзяржаў:
— Выхаванне чалавека-патрыёта, гатовага да самаахвяравання, які самааддана любіць сваю радзіму, свой народ — гэта павінна з`яўляцца прыярытэтам, — падкрэсліў Анатоль Ваньковіч.
А вось яго калега з Расіі Аляксей Казакоў, член камісіі Парламенцкага Сходу па інфармацыйнай палітыцы, член камітэта Дзяржаўнай Думы па рэгламенце і арганізацыі працы Дзяржаўнай Думы, мяркуе, што падзеі 1812 года можна выкарыстоўваць пры будаўніцтве ідэалогіі Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі:
— Сёння абмяркоўваецца пытанне яднання Расіі і Беларусі, і некаторыя кажуць, што ніякага ідэалагічнага падмацавання няма, што ў нас розныя гісторыі, што мы па-рознаму бачым падзеі. Калі ўзяць Айчынную вайну 1812 года, то ў некаторых беларускіх падручніках вышэйшых навучальных устаноў ад 1994 года слова "Айчынная" прыбралі. Потым вярнулі ў 1998 годзе, потым зноў прыбралі. А пасля сказалі, што быццам мы па-рознаму ўдзельнічалі ў гэтай вайне... Але самае галоўнае, што славянскія народы заўсёды былі адзінымі. І яны, як адзіны хрыбет, здольны аб`яднаць вакол сябе ўсе астатнія народы і зрабіць другі полюс двухпалярнага палітычнага свету.
Пры гэтым прадстаўнік Расіі чамусьці лічыць, што "славянскія народы ніколі ў жыцці не будуць інтэграваныя ў еўрапейскую культуру", і прапануе разглядаць сумесныя гістарычныя падзеі як аснову і фундамент для аб`яднання славянскіх народаў.
— Мы павінны дакладна зразумець, у якім напрамку мы збіраемся разам рухацца. Калі мы хочам рухацца сумесна, калі мы верым у вялікае славянскае адзінства і ў тое, што славянскі народ з`яўляецца хрыбтовай нацыяй для еўразійскага аб`яднання, то сёння мы павінны глядзець на гістарычныя падзеі менавіта праз гэтую прызму. І Айчынная вайна 1812-га — гэта прыклад яднання нашых народаў, прыклад сумеснай перамогі...
На прэс-канферэнцыі таксама прысутнічаў Ігар Груцо, кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры славянскай гісторыі і метадалогіі гістарычнай навукі Мінскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка, і ён выказаў думку, што ў падзей 1812 года вельмі вялікі патэнцыял турыстычнага выкарыстання.
Дарэчы, адпаведная навуковая праца праведзена, аб`екты, якія ўяўляюць турыстычны і гістарычны інтарэс, ужо вызначаны. Застаецца толькі ствараць адпаведную турыстычную інфраструктуру, распрацоўваць маршруты і прывабліваць турыстаў. Разам з тым Ігар Аляксеевіч расказаў, што яшчэ недастаткова вывучана бітва пры пераправе напалеонаўскай арміі праз Бярэзіну ў лістападзе 1812 года.
— На Бярэзіне адбылася не проста бітва дзвюх армій, а трагедыя еўрапейскіх народаў. Бо акрамя салдат, чый прафесійны абавязак — змагацца, на берагах аказаліся ўцягнутымі ў гэтыя падзеі і мясцовыя жыхары, цывільныя людзі, якія адступалі.
Гісторык паведаміў, што на сёння не знойдзены астанкі гэтых людзей, таму было б вельмі добра правесці археалагічныя даследаванні. І, дарэчы, праект такіх сумесных беларуска-французскіх даследаванняў ужо існуе, але пакуль няма сродкаў на яго фактычную рэалізацыю. Ігар Груцо спадзяецца, што хутка мінімальныя грошы для пачатку будуць знойдзены і ўжо сёлета ў верасні праект будзе распачаты. Цікава, што пры правядзенні гэтых раскопак ёсць верагоднасць знайсці і славуты напалеонаўскі скарб. Але ці пашанцуе французскім і беларускім археолагам — пакажа жыццё.
Павел Бераснеў
Звязда, 9 чэрвеня 2012