Як паведамілі ў прадстаўніцтве ЕС, на фестывалі будуць прадстаўленыя 15 фільмаў з 13 краін. На бліжэйшыя выходныя, 12 і 13 мая, запланаваныя паказы двух поўнаметражных мультфільмаў для дзяцей, іх бацькоў і настаўнікаў. Уваход на ўсе паказы вольны.
У праграму кінафестывалю ўключаныя такія фільмы, як "Каралева" (Вялікабрытанія), "Вясёлая каза: легенды старой Прагі" (Чэхія), "Аднойчы" (Ірландыя), "Даражэнькая" (Швецыя), "Зіма даўжынёю ў год" (Германія), "Бяжы, сястра, бяжы" (Фінляндыя), "Усе песні толькі пра каханне" (Францыя), "На раздарожжы" (Беларусь) і іншыя.
Як нагадваюць у прадстаўніцтве ЕС, 9 мая 1950 года міністр замежных спраў Францыі Рабэр Шуман прадставіў свае прапановы, вядомыя як "Дэкларацыя Шумана". Гэты дакумент лічыцца пачаткам стварэння Еўрасаюза. "Дзень Еўропы стаў адным з яго сімвалаў і шырока адзначаецца ў ЕС і краінах за яго межамі. Гэта нагода для імпрэзаў і святкаванняў, якія робяць Еўропу і яе грамадзян і нацыі ЕС бліжэйшымі адно да аднаго", — адзначаецца ў прэс-рэлізе прадстаўніцтва.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 10 мая 2012