https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


25 чэрвеня ў Магілёве пачаўся фэстываль духоўнай музыкі «Магутны Божа»


Праходзіць ён сямнаццаты раз. Два мінулыя гады фэстываль не праводзіўся. Сёньня фэстывальная праграма распачалася выставамі й канцэртам камэрнага хору. Заўтра ўрачыстае адкрыцьцё фэсту.
Пра фэстываль абвестак па горадзе пакуль няшмат. Некалькі расейскамоўных расьцяжак разгорнутыя на асноўных вуліцах гораду, два інфармацыйныя стэнды, таксама на расейскай мове, выстаўленыя ля будынка аддзелу культуры гарвыканкаму й катэдральнага касьцёла. На пляцоўцы ля кінатэатру «Радзіма» — сцэна з эмблемай фэстывалю. На эмблеме на беларускай мове напісана толькі назва фэстывалю. Чаму абвесткі пра фэстываль толькі на расейскай мове, зьвяртаюся з пытаньнем да супрацоўніцы аргкамітэту:

«Калі вы дасьведчаны ў фэстывалі, то мусіце ведаць, што гімн фэстывалю „Магутны Божа“ выконваецца на беларускай мове выканаўцамі ўсіх нацыянальнасьцяў, якія ўдзельнічаюць у фэстывалі. Вось гэта мы павінны прыкмячаць. А што тычыцца расейскай ці беларускай мовы, то ў нас дзьве дзяржаўныя мовы. І калі замежнік прыяждждае да нас і ведае якую з славянскіх моў, то гэта расейская. Таму для зручнасьці ўсіх удзельнікаў фэстывалю так зроблена. А потым, я лічу, што ў нас дзьве мовы дзяржаўныя».

​​У сёлетняй праграме фэстывалю бальшыня ўдзельнікаў — з Расеі і Беларусі. Выступяць таксама музыкі з Вэнэсуэлы, Гішпаніі, Польшчы ды Мэксыкі. У аргкамітэце кажуць яшчэ пра выступы выканаўцаў зь Нямеччыны й Баўгарыі.

Натхняльнікам і адным з арганізатараў фэстывалю «Магутны Божа» быў былы ксёндз Магілёўскай катэдры, цяпер біскуп Віцебскі Ўладзіслаў Блін.

Музыкі зь якіх краінаў бралі ўдзел у фэстывалі на яго пачатку, пытаюся ў айца Ўладзіслава: «Літва, Расея. Украіна дужа любіла прыяжджаць на фэстываль да нас. Польшча, Нямеччына. Чэхі прыяжджалі. З Англіі, канечне. Францыя прыяжджала да нас. Я дужа шчасьлівы, што гэты фэстываль пасьля перапынку аднавіўся».

Ці ўсё задавальняе магілёўцаў у сёлетнім фэстывалі — з такім пытаньнем я зьвярнуўся да мінакоў пешаходнай вуліцы Ленінскай:

Спадарыня: «Ад пачатку фэстываль праходзіў на пляцоўцы ля касьцёла. Там гэта было больш неяк узвышана. Усіх выканаўцаў прыемна было слухаць менавіта ў касьцёле, а не на стадыёне ці вось на гэтай пляцоўцы».

Адкрыцьцё фэстывалю адбудзецца ў абласным палацы культуры, а вось завяршэньне ўпершыню за ўсю яго гісторыю пройдзе на стадыёне. Уваход туды будзе платны.

Вось яшчэ адно меркаваньне: «Я паглядзела праграму сёлетняга фэстывалю, і мяне зьдзівіла, што на ім выступіць такі калектыў, як хор Турэцкага. Мне заўжды здавалася, што яны выконваюць не духоўную музыку. Цяперашняя праграма ня тое што прымітыўная, але задужа простая».

​​Заўсёднік фэстывалю Міхась Булавацкі адзначае, што фэстываль страціў сваю былую прыцягальнасьць. Беларускай мовы, зазначае спадар Булавацкі, ад фэстывалю да фэстывалю ўсё менш:

«Павольная русыфікацыя — гэта стыль кіраваньня ўва ўсіх працэсах. У тым ліку й у тых працэсах, якія наагул павінны быць беларускімі. Гэта проста выразнае сьведчаньне таго, што ў нас хочуць забраць мову родную. Нават цяжка параўноўваць, што было на пачатку й што адбываецца цяпер».

Упершыню фэстываль духоўнай хрысьціянскай музыкі «Магутны Божа» адбыўся ў 1993 годзе. Назва фэстывалю паходзіць ад аднайменнага музычнага твору паэткі Натальлі Арсеньневай і кампазытара Мікалая Равенскага. Паводле палажэньня, усе ўдзельнікі фэстывалю павінны ведаць гімн «Магутны Божа» на мове арыгіналу. Традыцыйна на адкрыцьці й закрыцьці фэстывалю гучыць гімн «Магутны Божа». Гэтае патрабаваньне застаецца абавязковым і для ўдзельнікаў сёлетняга фэстывалю. Перапынак у правядзеньні фэстывалю «Магутны Божа» ў аргкамітэце тлумачаць праблемамі зь фінансаваньнем.

Радыё Свабода
25 чэрвеня 2012, Менск
 
Дата публикации:25.06.2012
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:3083
 
Ключевые слова:
Фэст культуры Магілёў Магутны божа Духовная музыка
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме