Традыцыйна на выставе свой стэнд мае і наша "Звязда". Сёлета ён будзе пашыраны — пад адным "дахам" з найстарэйшай беларускай газетай будуць несці мову ў народ такія выданні, як "ЛіМ", "Вожык", "Полымя", "Нёман" і "Маладосць".
Для шаноўных падпісчыкаў і чытачоў (як без гэтага!) рыхтуюцца сюрпрызы. Раскрыем толькі некаторыя з іх. Па-першае, наведнікаў чакаюць віктарыны і розыгрышы, прымеркаваныя да 95-годдзя "Звязды". Таму, каб атрымаць прыемны прыз, рэкамендуецца асвяжыць у памяці ўсё, што вы ведаеце пра юбілярку. Па-другое, у праграме — танцавальнае караоке і шарж-сесія ад "Вожыка". Акрамя таго, штодзень чакаюцца шматлікія "аўтограф-сесіі" з удзелам беларускіх пісьменнікаў, а ў падпісчыкаў будзе магчымасць сустрэцца з любімымі аўтарамі і фотакарэспандэнтамі. А 27 красавіка адбудзецца розыгрыш білетаў у тэатр.
Нагадаем, што падчас працы выставы ў павільён Футбольнага манежа (праспект Пераможцаў, 20/2) будуць пускаць толькі па запрашальных білетах. Таму не забудзьцеся выразаць (і запоўніць!) у нумары "Звязды" за 20 красавіка рэгістрацыйны купон. Апошні на ўваходзе можна будзе абмяняць на запрашальны білет. Сваю працу міжнародная выстава працягне да 28 красавіка.
Надзея Дрыла
Звязда, 21 красавіка 2012