https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Магілёўскі бізнэсовец ахвяраваў на заклад за Статут ВКЛ


У Магілёве зьбіраюць грошы на выкуп аднаго асобніка Статута Вялікага княства Літоўскага, распрацаванага і выдадзенага Львом Сапегам у 1588 годзе.
Дабрачынную акцыю па зборы сродкаў абвясьціў музэй гісторыі Магілёва. Калі Статут выкупяць ён застанецца ў гэтым музэі. Для таго, каб прыдбаць арыгінальнае выданьне неабходна сабраць 45 тысяч даляраў.

Цяпер асобнікам Статута валодае маскоўскі калекцыянэр. Ён выставіў выданьне на продаж у адну з маскоўскіх антыкварных крамаў. Спэцыяліст зь Беларускага Нацыянальнага гістарычнага архіву Зьміцер Яцкевіч сьцьвярджае, што ў яго няма сумневаў, што асобнік Статута сапраўдны. Ён езьдзіў у Маскву і аглядаў выданьне:

«Доктар кнігазнаўчых навук Гусева з Расейскай публічнай бібліятэкі пацьвердзіла сваё ранейшае заключэньне. Са свайго боку намі былі агледжаныя 600 аркушаў кнігі на прадмет сапраўднасьці паперы, выяўленыя былі асноўных філіграні, якія былі прадатаваныя апошнімі дзесяцігодзьдзямі шаснаццатага стагодзьдзя і ў прынцыпе яны адпавядаюць падобным выданьням статута», — зазначае Зьміцер Яцкевіч.

Інфармацыю пра продаж экзэмпляра Статута адшукаў беларускі калекцыянэр Андрэй Радкоў. Ён і прапанаваў музэю выкупіць яго. Раней з ініцыятывы спадара Радкова музэй гісторыі Магілёва пры дапамозе прыватных ахвяраваньняў прыдбаў старадрук канца 18 стагодзьдзя «Часоўнік». Каб выкупіць экзэмпляр Статута давядзецца прыкласьці куды болей высілкаў чым на «Часоўнік», зазначае Андрэй Радкоў:

«Пытаньне толькі ў адным — як за два месяцы сабраць 40 тысяч 500 даляраў. 45 тысячаў — гэта кошт Статута. Мне падчас папярэдніх перамоваў удалося зьнізіць кошт кнігі больш чым на дзесяць працэнтаў. Грошы зьбіраюцца на афіцыйны рахунак музэю».

Вядома, што за экзэмпляр Статута ўжо ўнесены заклад — чатыры з паловай тысячы даляраў. Гэтую суму ахвяраваў магілёўскі бізнэсовец.

З шасьцідзесяці існуючых асобнікаў Статута, выдадзеных на старабеларускай мове, ніводнага няма ў Беларусі. Ранейшыя спробы прыдбаць хаця б адзін экзэмпляр выданьня не далі плёну. Гісторык Зьміцер Яцкевіч зазначае:

«Ніводнага кірылічнага статута ў нас гэтага пэрыяду з друкарні Мамонавічаў няма — гэта безумоўна. Гэта наша справа гонару кожнага беларуса і наагул краіны, каб ён быў у нас. Хаця б адзін для пачатку. Безумоўна такія справы аднаасобна ня робяцца. Павінны ўсе быць разам».

А што думаць пра неабходнасьць выкупу нацыянальнай рэліквіі магілёўцы. Вось некаторыя зь меркаваньняў:

Спадар: «Адзін экзэмпляр трэба недзе ў Ратушы захоўваць. Можа быць заможныя прадпрымальнікі дапамогуць. Але ж сума завялікая...».

Юнак: «Яна можа стаць сымбалем нашага гораду. Тым больш, калі яна ў Расеі знаходзіцца, гэта ж ня правільна. Законы таго часу — яны не малаважныя й цяпер. Іх можна супаставіць з нашым часам».

Юначка: «Любы горад і любая краіна павінна ведаць сваю гісторыю. Калі няма ніводнага экзэмпляра, то пажадана, каб гэтая кніжка ў нас зьявілася».

Спадарыня: «Усё у нас у чужых людзей. Такая рэч, як Статут павінна, павінна вярнуцца ў Беларусь. Усё прыходзячае і сыходзячае, а Статут вечны для беларуса».

Музэй гісторыі Магілёва месьціцца ў Ратушы. Тры гады таму больш за тысячу магілёўцаў падпісаліся пад зваротам да гарадзкой улады, каб будынак ратушы быў наноў адбудаваны. Цяпер ратуша — адзін з гарадзкіх сымбаляў. Гісторыкі спадзяюцца, што Статут Вялікага княства Літоўскага зойме пачэснае месца ў экспазыцыі музэю.

Радыё Свабода, 26 траўня 2012
 
Дата публикации:26.05.2012
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:3054
 
Ключевые слова:
Статут Магілёў Музеи Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме