Святочныя набажэнствы праходзяць ва ўсіх каталіцкіх і пратэстанцкіх храмах краіны. У пастырскім пасланні мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звяртае ўвагу на тое, што "сучасны свет супрацьстаіць прысутнасці Бога на зямлі".
"Мы можам вызнаваць нашу веру ў Бога, аднак у той жа час жыць так, як быццам Езус не ўваскрос. Шукаем шчасця ў нязгодных з воляй Божай сексуальных задавальненнях і сквапных накапленнях матэрыяльных рэчаў. Забіваем ненароджанае жыццё. Выказваемся за разводы. Падтрымліваем штучнае апладненне і сурагатнае мацярынства. Не захоўваем прынцыпаў хрысціянскай этыкі. З лёгкасцю можам прынізіць годнасць чалавека. Практыкуем акультызм, магію, варажбу і г.д. Шукаем саміх сябе ў этнічнай ідэнтычнасці, сацыяльным ці эканамічным статусе. Нярэдка хвалімся: "Я добра адукаваны, разумны, не такі, як іншыя; мой заробак большы, чымся ў іншых; я атрымаў вялікую спадчыну, і ўсё гэта падымае мой статус у грамадстве", — адзначае мітрапаліт.
"Такім чынам, Бог вельмі часта трактуецца як нейкі талісман. З`яўляецца дадаткам да таго цяпла, якое мы хочам стварыць вакол сябе. Гэта вядзе да змешвання сэнсу з глупствам, праўды з хлуснёй, жыцця са смерцю", — гаворыцца ў пастырскім пасланні.
"Гісторыя мукі і смерці Хрыста — гэта гісторыя трыумфу фальшу над праўдай, несправядлівасці над справядлівасцю, злога духа над дабром, — падкрэслівае Тадэвуш Кандрусевіч. — Езус быў фальшыва абвінавачаны за злачынствы, якіх не здзейсніў, несправядліва асуджаны на смерць, якой не заслужыў… Гэта гісторыя здрады і хлусні, несумленнасці і ганебнасці, нявернасці і гвалту, накіраваная супраць нявіннай і бездапаможнай ахвяры. Усё гэта прыходзіць нам у галаву ў Вялікую пятніцу".
"Смерць — гэта не канец гэтай гісторыі. Ёсць яшчэ адна частка. Найбольш важная, бо, як кажа прыказка, "смяецца той, хто смяецца апошнім". І ў гэтай частцы гісторыі мы бачым Езуса ўваскрослым у славе. І гэта тая Добрая Навіна, якую нам нясе свята Пасхі", — адзначае ў сваім пасланні да паствы кіраўнік Рыма-каталіцкага касцёлу Беларусі.
"Нам неабходна памятаць аб гэтым у наш час новых ганенняў на хрысціянства. Аб чым сведчыць прыняцце ў многіх краінах свету, якія нават ганарацца развітой дэмакратыяй, супярэчных Божаму і натуральнаму закону пастановаў, забарона хрысціянскіх сімвалаў, імкненне ўчыніць веру прыватнай справай чалавека. Сёння няўзброеным вокам бачна ўсё большае праяўленне секулярных і лібералістычных тэндэнцый і прапаганды матэрыяльнага атэізму. Сучасны чалавек усё часцей і часцей адракаецца ад Бога і жыве так, як быццам Яго зусім няма. Гэта шлях у нікуды", — упэўнены мітрапаліт Кандрусевіч.
Паводле апошніх дадзеных, у Беларусі дзейнічае 619 рымска-каталіцкіх парафій, аб`яднаных у чатыры дыяцэзіі, 18 грэка-каталіцкіх парафій, больш за 1.000 пратэстанцкіх абшчын.
8 красавіка 2012
belsat.eu