https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Памёр беларускі кіна- і тэлеаператар Валерый Булдык


27 лютага пасля цяжкай працяглай хваробы памёр беларускі кіна- і тэлеаператар Валерый Булдык, сааўтар шматлікіх тэлевізійных праграм і фільмаў.
Валерый Булдык нарадзіўся 8 лістапада 1946 года. З 1972 года працаваў на Беларускім тэлебачанні. Сярод яго работ — фільмы "Вінт", "Песня пра зубра", "Новая зямля", "Паляванне на апошняга жорава", "Пагарэльцы", "Страсці па Рагнедзе", "Белы сон", фільм-балет "Альпійская балада" і многія іншыя. Ён зняў сотні тэлевізійных перадач.

Апошнія гады жыцця Булдык працаваў на тэлеканале "Белсат". Сярод найбольш значных яго работ — фільмы "Брэсцкая крэпасць. Дзве абароны", "Лабатамія", "Код прысутнасці", "Крыжы Беларусі". Булдык уваходзіў у творчыя групы стваральнікаў праграм "Белсата" "Маю права" і "Эксперт", якія карыстаюцца вялікай папулярнасцю гледачоў.

"Для нас, сцэнарыстаў, рэдактараў, рэжысёраў, мастакоў, гукааператараў, асвятляльнікаў, ён быў галоўным звяном у працы. Таму што ён быў выбітным аператарам Беларускага тэлебачання. Не гэтага сённяшняга, гэтак званага "нацыянальнага", а нашага старога Беларускага тэлебачання. Калі жыццё — гэта вялікая рака, то ў ракі заўсёды ёсць прычалы. Работы Булдыка — гэта прычалы памяці нашай агульнай ракі. Ён працаваў аператарам з пачатку сямідзясятых да самых апошніх дзён. Працаваў сумленна, укладваючы ў кожны кадр сваю душу вялікага мастака. Такіх прычалаў нашай памяці на сваім веку ён стварыў нямала", — гаворыцца ў некралогу, які падпісалі яго калегі Аляксандр Каткоў, Галіна і Уладзімір Самойлавы, Аляксандр Чарнушэвіч, Юрый Хашчавацкі, Ала Масіенка.

"Хто ёсць мы? Проста адбітак святла. Сонечнага ці штучнага. Праца аператара заключаецца ў тым, каб злавіць і зафіксаваць гэты адбітак. Не кожны, хто трымае камеру ў руках, можа гэта зрабіць па-сапраўднаму. Таму што перш чым зафіксаваць выяву, яе трэба зразумець і зафіксаваць у сваёй душы. Валерый гэта ўмеў. Ён быў майстрам сваёй справы" — так азваўся пра калегу Уладзімір Самойлаў.

Пахаванне Валерыя Булдыкі адбудзецца 28 лютага. Пра месца і час будзе паведамлена дадаткова.

Сяргей Пульша, БелаПАН
Мінск, 27 лютага 2012
 
Дата публикации:27.02.2012
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:3696
 
Ключевые слова:
Некролог Валерий Булдык Белорусское кино
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме