https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Некаранаваная сталіца


Сёлета Нясвіж афіцыйна абраны культурнай сталіцай Беларусі.
Але гэты прыгожы горад заўсёды з`яўляўся адным з самых значных гісторыка-культурных цэнтраў нашай краіны. Так, першыя кнігі на роднай мове, якія былі выдадзены на тэрыторыі Беларусі, убачылі свет менавіта ў Нясвіжы. У 1562 годзе Сымон Будны выдаў кнігі "Катэхізіс" і "Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам". З Нясвіжам звязана дзейнасць Тамаша Макоўскага, які стварыў першую падрабязную карту Вялікага Княства Літоўскага, а таксама гравюры Нясвіжа, Клецка, Масквы. Варта ўзгадаць і пра тое, што Нясвіж быў сталіцай Вялікага Княства Літоўскага (праўда, "некаранаванай"), калі ў 1561 годзе Мікалай Радзівіл Чорны ў сувязі з ад`ездам вялікага князя ў Польшчу быў прызначаны выконваць яго абавязкі. Узгадаем, што сёння на тэрыторыі горада знаходзіцца 19 аб`ектаў, якія маюць статус гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Не дзіва, што Нясвіж без праблем абышоў іншых канкурэнтаў на званне культурнай сталіцы.

— Калі мы ехалі "забіраць" у Гомеля званне культурнай сталіцы, думалі, чым уразіць тамтэйшую публіку, тым больш што наш горад невялікі, мае ўсяго 14 тысяч насельніцтва, а Гомель па памерах стаіць на другім месцы пасля Мінска, — расказвае Міхаіл Мацэль, начальнік аддзела ідэалогіі Нясвіжскага райвыканкама. — Але мы знайшлі цікавыя хады, дзякуючы якім трымалі ўвагу гомельскай публікі. Нас яднае блізкае гістарычнае мінулае. Так, Гомель на 80 гадоў старэйшы за Нясвіж. Але на 80 гадоў наш горад раней атрымаў Магдэбургскае права. А яшчэ пэўны час Гомель не ўваходзіў у склад Вялікага княства Літоўскага, а быў у расійскім падданстве, а далучыў яго да ВКЛ Юрый Радзівіл з Нясвіжа, які камандаваў войскам Вялікага княства.

— Але, напэўна, не толькі спасылкамі на гістарычнае мінулае можа сёння пахваліцца Нясвіж? Цяжка ў Беларусі знайсці населены пункт, дзе быў бы зроблены такі аб`ём рэстаўрацыйных работ, як тут.

— Сапраўды. Рэстаўрацыйныя работы пачалі праводзіцца ў Нясвіжы з 80-ых гадоў мінулага стагоддзя, прычым не перарываліся нават у самыя цяжкія, нестабільныя гады. Пачалося ўсё з парку і азёраў, з апошніх была спушчана вада і вывозіліся сапрапелі. Можна сказаць, што пасля гэтага азёры атрымалі другое жыццё. Далей быў адрэстаўраваны "дом на рынку", альбо яго яшчэ завуць "дом рамесніка" — гэта адзіная пабудова першай паловы ХVІІІ стагоддзя ў стылі барока, што захавалася на тэрыторыі Беларусі. Сёння тут знаходзіцца дзіцячая бібліятэка. Пасля быў адрэстаўраваны будынак былога рамеснага вучылішча (сёння тут музей) і ратуша. Ратушы "вярнулі" 2 верхнія паверхі, якія ў 1836 годзе былі знішчаны пажарам. Далей была адрэстаўраваная Слуцкая брама. Практычна кожныя 3-5 гадоў нейкі помнік аднаўляўся. А ў 2004 годзе пачаліся рэстаўрацыйныя работы ў замку, былой рэзідэнцыі Радзівілаў, і ў 2008 годзе ў эксплуатацыю была здадзена першая пускавая чарга. Сёння ўжо завершаны ўсе будаўніча-мантажныя работы. Выканана велізарная праца, затрачана каля 55 мільёнаў долараў.

— Зазірнём на год наперад: пра што вы зможаце расказаць у справаздачы пра культурную сталіцу Нясвіж?


— Найперш мы не будзем адыходзіць ад таго, што ў нас ужо напрацавана. Скажам, у 17-ы раз будзе праходзіць рэспубліканскі фестываль з удзелам Нацыянальнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам маэстра Фінберга "Музы Нясвіжа". Традыцыйным стала правядзенне "Вечароў Вялікага тэатра оперы і балета" ў былой рэзідэнцыі князёў Радзівілаў. Безумоўна, культурнае жыццё дапоўніцца новымі падзеямі. 2012 аб`яўлены Годам кнігі, і менавіта ў Нясвіжы Сымон Будны выдаў першыя беларускія кнігі. На нашай зямлі пройдуць мерапрыемствы, прымеркаваныя да 450-годдзя выдання першай кнігі. Плануецца правесці міжнародны семінар ЮНЕСКА з тэмай "Аб`екты сусветнай спадчыны, зберажэнне і выкарыстанне ў мэтах устойлівага развіцця". У планах — запрасіць у Нясвіж тэатр оперы і балета — не тое што выступіць адзін раз у ліпені, а праводзіць вечары ў замку штоквартальна. У рэзідэнцыі ёсць шыкоўная камерная зала з цудоўнай акустыкай. Пройдуць у горадзе і пленэры, адзін з іх (з гэтага года ён стане міжнародным) прысвечаны мастаку з Нясвіжа Міхаілу Сеўруку. Будуць праводзіцца мерапрыемства з удзелам вядучых артыстаў і калектываў Рэспублікі Беларусь. Тут будуць і Співакоў, і Башмет, і Нацыянальны цэнтр музычнага мастацтва Мулявіна, і музычная капэла "Санорус", і інш. Будуць задзейнічаны розныя пляцоўкі: замак (як камерная зала, так і двор), раённы палац культуры, школы мастацтваў.

Пройдуць мерапрыемствы, прысвечаныя 130-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, тым больш што гэтыя людзі мелі дачыненне да нашага горада. Так, Якуб Колас у Нясвіжы скончыў настаўніцкую семінарыю, а Янка купала ў 1904-05 працаваў у Снове на бровары.

— Ці будзе задзейнічана анімацыя?

— На адкрыцці сталіцы ў нас гасцей сустракаў войт. Ужо склалася традыцыя ўсіх шаноўных гасцей частаваць рыбай. Пайшло гэта яшчэ ад Радзівілаў, якія мелі свае вадаёмы, дзе гадавалі карпаў. Яны прапаноўвалі гасцям прыгатаваную рыбу, а таксама сваё шампанскае.

У раёне ёсць тэатр імя Уршулі Радзівіл (дарэчы, гэта адзін з нямногіх самадзейных калектываў, якому прысвоена званне заслужанага). Акцёры прымаюць удзел у тэатралізаваных пастаноўках. У летні час з мінулага года па выхадных па горадзе і парку пачалі ездзіць карэты, на якіх могуць пакатацца турысты. Ля замка і па парку будуць гуляць артысты тэатра ў старадаўніх касцюмах.

— Як Нясвіж рыхтуецца да прыёму гасцей?


— Колькасць турыстаў з кожным годам павялічваецца. У 2010 годзе горад наведала 170 тысяч турыстаў, у 2011 — 210 тысяч. Сёлета плануецца, што мы прымем больш за 300 тысяч турыстаў.

Большасць з іх — "аднадзёнкі", і цяпер трэба працаваць над тым, каб ім захацелася ў нашым горадзе затрымацца.

Сёння ў нас працуе дзевяць пунктаў грамадскага харчавання, дзе адначасова можна пасадзіць за сталы каля 700 чалавек. Плануецца ў бліжэйшыя гады стварыць і новыя аб`екты харчавання. У горадзе дзейнічаюць гасцініцы на 194 месцы, сёлета плануем адкрыць яшчэ адну. На ўскрайку Нясвіжа, насупраць замка, пабудуем для турыстаў 80 дамкоў і невялікі санаторый.

Сёння ідзе шырокая рэклама, зроблена шмат біг-бордаў. На іх мы хацелі паказаць не толькі замак. У нас ёсць не менш значны архітэктурны аб`ект — фарны касцёл Найсвяцейшага Божага Цела, першае культавае збудаванне ў стылі барока ва ўсёй усходняй Еўропе; ён дзейнічае з 1593 года. Акрамя будынкаў, помнікаў, мы хацелі паказаць, што жыццё Нясвіжа не застыла, яно працягваецца. На адным з біг-бордаў змешчаны выявы князя з княгіняй, на другім — "Аношкінскія музыкі", ансамбль, які аб`ездзіў паў-Еўропы. Пра самі вуліцы горада скажу, што турысты, якія прыязджаюць сюды, заўсёды адзначаюць іх чысціню. Безумоўна, гэта дасягаецца дзякуючы напружанай працы нашай жыллёва-камунальнай гаспадаркі. І магу запэўніць, што і сёлета горад будзе чыстым.

— Ці з`явяцца ў Нясвіжы новыя помнікі?

— Так, павінен з`явіцца помнік Мікалаю Хрыстафору Радзівілу, празванаму Сіроткам, — заснавальніку каменнага горада. Менавіта дзякуючы яму, а таксама італьянскаму архітэктару Яну Бернардоні ў горадзе пачалося будаўніцтва ўсіх тых аб`ектаў, якія сёння з`яўляюцца помнікамі: замка, касцёла, ратушы, манастыроў, Слуцкай брамы.

Сёлета мы вернем гістарычныя назвы вуліцам у старой частцы горада, якую найбольш наведваюць турысты. Так, вуліца, якая носіць назву Гейсіка, раней была Фарнай, бо вядзе да Фарнага касцёла, вуліца Чкалава называлася Бенедыктынскай і вядзе да манастыра Бенедыктынак, які захаваўся, вуліца Карла Лібкнехта раней мела назву Міхалішская, ці Святога Міхаіла.

Алена Дзядзюля
Звязда, 22 лютага 2012
 
Дата публикации:22.02.2012
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:3180
 
Ключевые слова:
Нясвіж Города Беларуси Книгопечатание Туризм в Беларуси Культурная столица
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме