Усяго палявымі пошукавымі работамі быў ахоплены 151 пошукавы аб`ект на тэрыторыі 52 раёнаў усіх абласцей краіны. Аб гэтым паведаміла прэс-служба Міністэрства абароны.
У ходзе правядзення палявых пошукавых работ эксгумаваны і перададзены ў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы для наступнага перапахавання астанкі 2.748 загінулых, устаноўлены імёны 376 загінулых ваеннаслужачых і ахвяр войнаў, знойдзена 479 выбухованебяспечных прадметаў, 1.936 патронаў, 15 адзінак стралковай зброі, 63 медальёны, 1.916 іншых прадметаў і рэліквій. Абазначаны межы пахаванняў 1.771 загінулага ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Маштабныя палявыя пошукавыя работы праводзіліся на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой", у ходзе якіх эксгумаваны астанкі 58 абаронцаў Брэсцкай крэпасці, загінулых у чэрвені—ліпені 1941 года, і ўстаноўлены прозвішчы 3 загінулых.
Адным з самых значных мерапрыемстваў стала мемарыялізацыя створаных Мінскіх брацкіх ваенных могілак 1914—1918 гадоў і правядзенне цырымоніі пахавання астанкаў воінаў рускай імператарскай арміі, якія памерлі ад ран у гады Першай сусветнай вайны.
Воінамі-пашукавікамі 52-га батальёна на тэрыторыі 227-га агульнавайсковага палігона праведзены работы па лакалізацыі аднаго з месцаў масавага знішчэння мірных жыхароў Барысаўскага раёна Мінскай вобласці (ажыццёўлена эксгумацыя астанкаў 1.423 загінулых), забітых нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 26 снежня 2011