https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Струмочак жыцця


Палескія спевы на сучасны лад загучалі з дапамогай неафольк-гурта “Беларуская брама.
Аўтэнтычны фальклор — гэта “музей”, а музей — рэч закансерваваная. Каб наблізіць шырокае кола людзей да народнай творчасці, усяго таго, што выношвалася і стваралася продкамі на працягу стагоддзяў, шмат якія айчынныя калектывы выйшлі на шлях яе адраджэння. Надаць новае жыццё не адной сотні беларускіх народных песень хоча і заснавальнік неафольк-гурта “Беларуская брама” Руслан Хлебародаў.

Калі ўпершыню пачула па радыё песні ў выкананні гэтага калектыву, не магла стрымаць слёз. Ад светлага спаткання з мінулым нашых бабуль і дзядуляў, ад знаёмства з іх перажываннямі любові, расстання... Яны сыходзяць ад нас, а песні, імі спетыя, застаюцца. Жылі нашы прадзеды не ў такі насычаны тэхнікай час, і пачуцці іх былі, падаецца мне, больш пранікнёнымі і шчырымі. Замест эсэмэсак на мабільны слалі лісты адзін аднаму і з нецярпеннем чакалі адказу.

У час экспедыцыі па Палессі адна бабулька распавяла музыканту Руслану Хлебародаву пра старадаўні рытуал, які здзяйсняла дзяўчына, чакаючы свайго любага з далёкага краю. Каб мець надзею на тое, што ён абавязкова вернецца, а іх пачуццё за час расстання набярэ яшчэ большую моц, яна павінна была нешта пасадзіць на сваім агародзе. “Сімвал” пачуцця рос, як бы напітваўся энергіяй дзяўчыны і засцерагаў суджанага ад нягод у далёкім краі. Аднак здаралася і наадварот. Тады і нарадзілася песня “Гурочкі”. Дзяўчына, чакаючы свайго каханага “чатыры гадочкі, пасадзіла ў чатыры рады гурочкі”. А калі суджаны вярнуўся, “не пасмела сказаць “здрастуй”, бо маці стаяла”:

Я яму ні слова,
Ён мне ні слова,
Махнуў беленькім платочкам:
— Будзь, міла, здарова!


Песні, пачутыя ад палескіх бабулек, Руслан Хлебародаў занатаваў, а потым вырашыў запісаць іх у студыі цэнтра дадатковай адукацыі “Кантакт”, дзе выкладае курс ігры на гітары. Цяпер “Гурочкі” гучаць на ўсіх канцэртах “Беларускай брамы”, якая і была створана дзеля папулярызацыі беларускіх народных песень. Першы час музыкант знаходзіўся ў пошуку — гурту патрэбен быў уласны стыль, свой адметны твар. У рэшце рэшт прыйшлі да фольк-мадэрну: выканання фальклорных спеваў у сучаснай апрацоўцы з прымяненнем электронных музычных інструментаў. “Ствараючы калектыў, мы хацелі наш беларускі фальклор зрабіць больш зразумелым, блізкім людзям, асабліва моладзі, — гаворыць Хлебародаў. — У Мінскі цэнтр дадатковай адукацыі прыходзіць шмат школьнікаў, каб навучыцца іграць на музычных інструментах. І калі яны ўжо могуць асвойваць творы самастойна, вельмі рэдка хто з іх выбірае для выканання беларускую кампазіцыю. Шкада, бо наша культура мае чым ганарыцца”.

Гурт не мае на мэце захапіць слухача гучнасцю i галашэннем. Неабавязкова пець гучна, каб цябе пачулi i ацанiлi сiлу твайго голасу, лічаць артысты. Трэба браць душой i аранжыроўкамi, паказаць культуру выканання народнай песнi.

Разам з Марынай Сярдзюк і Святланай Кардаш, якія зараз ужо студэнткі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва, Руслан Хлебародаў выступае з канцэртамі не толькі ў Беларусі. “Калі былі з гастролямі ў Германіі, убачылі, з якім задавальненнем нас там слухалі, зразумелі, што беларуская песня не мае геаграфічных межаў, — расказвае Руслан. — У Еўропе нашым эстрадным артыстам складана знайсці свайго слухача, таму што там у гэтым жанры ўжо ўсё створана. А фальклору няма альбо ён даўно загублены. Таму нашы народныя спевы там могуць слухаць бясконца. Беларуская музыка — гэта вялiкае багацце, i можна смела рабiць выдатныя iнтэрпрэтацыi народных мелодый. Ведаеце, чым народная песня адрознiваецца ад iншых? Тым, што яна стагоддзямi выношвалася. Таму яна кранае да глыбіні душы”.
Гурт не мае на мэце захапіць слухача гучнасцю i галашэннем. Неабавязкова пець гучна, каб цябе пачулi i ацанiлi сiлу твайго голасу, лічаць артысты. Трэба браць душой i аранжыроўкамi, паказаць культуру выканання народнай песнi. “У розных рэгіёнах Беларусі адны і тыя ж песні гучаць па-рознаму, — гаворыць Руслан Хлебародаў. — А на Палессі можна знайсці яшчэ больш варыянтаў. Там у кожнай вёсцы спяваюць па-свойму”.

Складана знайсці беларуса, які б ніколі не чуў песні “Цячэ вада ў ярок...” Прывыклі, што часцей  яе выконваюць голасна, залівіста. А вось на Палессі ў вёсцы Дубравы яе спяваюць лагодна, павольна, ціха. Так у рэпертуары “Беларускай Брамы” з’явілася песня “Кладачка” з захаваннем дубраўскага стылю выканання. Усяго ў іх рэпертуары ўжо больш за сто песень. Многія з іх ніхто ніколі не чуў.

Напрыклад, песню “Струмочак”, якая ўжо стала візітоўкай неафольк-гурта. “Слова “струмочак” прыдумалі на Палессі, — расказвае Руслан Хлебародаў. — Так там называюць крыніцу, маленькую рэчаньку. Нядаўна на гэту песню знялі кліп. Здымкі праходзілі на месцы ўпадзення рэчкі Нарачанкі ў Вілію. На нашу думку, гэта і ёсць той самы струмочак, пра які мы спяваем”.

Марына Кузьміч, Народная Газета
27 снежня 2011 
 
Дата публикации:27.12.2011
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:3100
 
Ключевые слова:
Фольклорная музыка Народные мелодии Полесье Традиции белорусов
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме