Напярэдадні свята арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі звярнуўся з пастырскім пасланнем да вернікаў. У ім, у прыватнасці, гаворыцца, што ў свеце спажывання чалавек не павінен забываць пра духоўныя каштоўнасці і духоўныя карані.
Тайну Богаўцелаўлення "можна прыняць толькі ў духу веры", лічыць Кандрусевіч. "Сёння з гэтай праўды часта выдаляецца яе рэлігійны змест. Сучасны сусветны гандаль, які не мае нічога супольнага з рэлігіяй, Божае Нараджэнне распачынае ў лістападзе і, з мэтай заахвочвання кліентаў рабіць закупкі, выкарыстоўвае нават рэлігійную сімволіку. Яна, пазбаўленая свайго першаснага духоўнага значэння, уключаецца ў махіну рэкламы і камерцыі. Рэлігійныя сімвалы служаць нерэлігійным мэтам. Святыя рэчы зводзяцца да ўзроўню тавару. Такім чынам, свет камерцыі прысвоіў сабе Божае Нараджэнне з усімі яго рэквізітамі, акрамя аднаго: ён выкінуў з гэтага свята галоўнага пратаганіста — Езуса", — адзначае Кандрусевіч.
"На жаль, у некаторых краінах з вельмі багатай гісторыяй хрысціянства ў імя так званай паліткарэктнасці, якая ўжо дабралася і да рэлігіі, заўважаецца тэндэнцыя выпустошвання свята Божага Нараджэння з яго хрысціянскай сутнасці. Усё часцей замест паштовак з тэкстам віншаванняў з Божым Нараджэннем з’яўляюцца паштоўкі з сезонным віншаваннем — Season`s greetings. Знікаюць з публічных месцаў стаенкі і ёлкі з рэлігійнымі сімваламі. Гэта яўная тэндэнцыя выкінуць веру з публічнага жыцця людзей і ўчыніць яе толькі прыватнай справай", — лічыць мітрапаліт.
"Калі спажывецкая і ліберальная культура імкнуцца выкінуць хрысціянскія сімвалы са святкавання Божага Нараджэння, нам трэба старацца лепей зразумець сэнс гэтага свята і каштоўнасць яго традыцый, якія належаць да спадчыны нашай веры і культуры, каб іх перадаць новым пакаленням і развіваць далей", — адзначае Кандрусевіч.
Ён нагадвае словы папы рымскага Яна Паўла II, які заклікаў вернікаў: "Не бойцеся! Адчыніце дзверы Хрысту". "Адчыніце, бо Ён хоча нарадзіцца і быць у нашых сэрцах і іх умацоўваць сваёю ласкаю. Ён дапаможа нам лепей зразумець сябе саміх, наша грамадства і яго праблемы, каб на прынцыпах Евангелля мы маглі вырашыць іх годна, як адпавядае нашаму народу. Бо сустрэча з Хрыстом з’яўляецца найлепшым лекам для пагружанага ў крызіс свету. Калі нам пагражаюць духоўная засуха і смерць, у Хрысце ёсць будучыня, жыццё і радасць, — навучаў папа Бэнэдыкт XVI падчас свайго візіту ў Германію у верасні гэтага года", — гаворыцца ў пасланні Тадэвуша Кандрусевіча.
Рымска-каталіцкая царква Беларусі ўключае 470 парафій і чатыры дыяцэзіі. Католікі маюць 462 касцёлы і будуюць 28 храмаў. Паводле афіцыйных звестак, забяспечанасць вернікаў касцёламі складае больш за 96%, гэта самы высокі паказчык сярод усіх канфесій. Рымска-каталіцкая царква мае дзевяць місій, дзевяць кляштараў і тры навучальныя ўстановы. Службу нясуць 414 ксяндзоў, з іх 164 — замежныя (грамадзяне Польшчы, Літвы, Украіны і ФРГ).
У краіне таксама дзейнічаюць 14 уніяцкіх парафій і 997 пратэстанцкіх абшчын 14 кірункаў.
Сяргей Пульша, БелаПАН
Мінск, 25 снежня 2011