https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Міліцыя папярэджвае патэнцыяльных удзельнікаў "сацыяльных рэвалюцый" і дае ім рэкамендацыі


На сайце ГУУС Мінгарвыканкама 22 чэрвеня з`явілася папярэджанне, адрасаванае патэнцыяльным удзельнікам "сацыяльных рэвалюцый", якія арганізуюцца праз інтэрнэт.
Яго аўтары называюць "рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі" дурыкамі, якія "пачынаюць перарастаць з разраду дзіцячых нявінных свавольстваў у парушэнне беларускага заканадаўства з таго моманту, калі з віртуальнага свету яны перамясціліся ў свет рэальны".

У ГУУС адзначаюць, што з прававога пункту гледжання вынікі віртуальных заклікаў арганізатараў "сацыяльных рэвалюцый" — цалкам рэальнае, прамое парушэнне заканадаўства: "Арганізатары заклікаюць маўчаць ці мыкаць, тупаць ці пляскаць — для заканадаўства важны, у першую чаргу, сам факт арганізацыі падобных мерапрыемстваў".

Сталічная міліцыя папярэджвае, што беларускае заканадаўства арыентаванае на абарону законных правоў і інтарэсаў кожнага грамадзяніна, таму, калі паміж людзьмі ўзнікае канфлікт, закон абараняе таго, чые правы былі зняважаныя.

"Гэта ж тычыцца і грамадскіх адносін: калі ім прычынены ўрон, то закон проста АБАВЯЗАНЫ стаць на іх абарону, — падкрэсліваецца ў паведамленні ГУУС. — Такім жа прынцыпам кіруюцца і органы ўнутраных спраў, у чые непасрэдныя абавязкі ўваходзіць забеспячэнне ў краіне правапарадку і законнасці. І калі нечыя дзеянні скіраваныя на парушэнне закона, то прамым абавязкам праваахоўных органаў з`яўляецца супрацьдзеянне гэтым зламысным намерам".

Арганізатараў акцый у ГУУС называюць "правакатарамі", якія, "знаходзячыся за межамі нашай краіны, бударажаць моладзь і рознымі заклікамі правакуюць яе на масавае парушэнне заканадаўства".

"У рэшце рэшт, правакатары ўжо ў адкрытую агучваюць сваю галоўную мэту — здзейсніць у Беларусі рэвалюцыю праз сацыяльныя сеткі, — адзначаецца ў паведамленні ГУУС. — Дарэмныя старанні — не пройдзе гэты нумар. Але… Якой бы недарэчнай ні выглядала гэта мэта, хтосьці можа і ўсур`ёз "клюнуць" на яўна злачынныя намеры! А наступным яго крокам могуць стаць і канкрэтныя дзеянні, якія цягнуць не толькі адміністрацыйную, але і крымінальную адказнасць".

Акрамя таго, сёння, але ўжо на старонцы ГУУС у "Твітэры" з`явіліся 11 неафіцыйных парад прэс-сакратара мінскай міліцыі патэнцыяльным удзельнікам "площчы" (стыль і арфаграфія захаваныя):

"1. Абавязкова (!) паведаміце бацькам куды ідзяце — каб яны ведалі, дзе вас шукаць у выпадку пападання ў міліцыю.

2. Абавязкова (!) вазьміце з сабой пашпарт — для паскарэння разгляду ў РУУС у выпадку вашага затрымання.

3. Алкагольнае ап`яненне — прыкмета, якая абцяжарвае віну, таму ні-ні перад "плошчэй".

4. Не бярыце з сабой незарэг. сімволікі, колюча-рэжучыя прадметы, якія могуць траўмаваць.

5. Не бярыце так усімі любімымі аб`ёмныя рукзакі — адразу прыцягнеце ўвагу СМ (супрацоўнікаў міліцыі — БелаПАН.) і яны правераць іх.

6. Не лезьце з распытваннямі да СМ і не замінайце ім — яны пры выкананні, закон за гэта сурова карае.

7. Улічыце, што здымкі на мабільныя тэлефоны могуць стаць прычынай канфліктнай сітуацыі.

8. Не паддавайцеся правакацыям — вы для арганізатараў "мяса", яны будуць вас штурхаць да парушэння законаў.

9. У Еўропе разганяюць вадамётамі, кулямі і газам. У Мінску — выцясняюць. Не даводзьце сітуацыю да "еўрапейскай"…

10. Калі вы на "плошчы" — то вы правапарушальнік, з усімі высновамі. Будзьце гатовыя да затрымання і штрафу паводле арт. 23.34 КоАП.

11. І апошняе. Калі адчуваеце пах "смажанага" — паведаміце мне ў твітэры ў DM ваша прозвішча, імя, імя па бацьку, узрост, месцазнаходжанне: раптам дапамагу чым".

Маўклівыя акцыі пратэсту праводзяцца ў Беларусі кожную сераду з 8 чэрвеня. Яны арганізуюцца праз сацыяльныя сеткі. Падчас апошняй акцыі, 15 чэрвеня, каля сотні ўдзельнікаў па ўсёй краіне былі дастаўленыя ў міліцыю і адпушчаныя пасля высвятлення асобы.

На прэс-канферэнцыі 17 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што несанкцыянаваныя акцыі ў цэнтры Мінска будуць выкараняцца. Іх удзельнікаў ён назваў тымі, хто "мыкае і тупае". "Але ў нас забароненыя, акрамя дзяржаўных, сходы і мерапрыемствы на плошчах Незалежнасці, Кастрычніцкай, плошчы Перамогі. Але калі забароненыя, чаму вы ідзяце на парушэнне? Калі вы хочаце выказаць сваё меркаванне, я вас пачую і на Бангалоры, і каля Нацыянальнай бібліятэкі, і яшчэ ў нейкім месцы. Я вас пачую, але толькі не трэба сябе ставіць у супрацьлегласць закону і ўладзе. Паставіце — адпаведная будзе рэакцыя", — заявіў Лукашэнка.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 22 чэрвеня 2011
 
Дата публикации:22.06.2011
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:3571
 
Ключевые слова:
Интернет Цветные революции Права человека Несанкционированные митинги
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме