Гэтыя дзевяць кніг у светлай вокладцы сталі сапраўднымі сябрамі ў кватэрах беларусаў, а тыраж выдання вагаўся ў межах 60 тысяч. У некага больш зачытаны першы том (бо прываблівае паэзія), у некага — чацвёрты і пяты (дзеці ў школе вывучалі раман "Каласы пад сярпом тваім"), у некага — сёмы (у яго ўвайшлі гістарычныя псіхалагічныя дэтэктывы "Дзікае паляванне караля Стаха" і "Чорны замак Альшанскі").
Сёння, праз дваццаць гадоў, высветлілася, што для ўсяго Караткевіча трэба мець аж 25 тамоў! За гэты час вырасла новае пакаленне беларусаў, якое выхоўвалася ўжо ў незалежнай дзяржаве. А 25-томнік можа стаць для маладых людзей новым адкрыццём сваёй "зямлі пад белымі крыламі".
Выдавецтва "Мастацкая літаратура" і навукоўцы Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, іншых ВНУ краіны выступілі з ініцыятывай абвясціць падпіску на новы збор твораў Уладзіміра Караткевіча. Сутнасць у тым, што прыблізны тыраж у сённяшняй эканамічнай сітуацыі спрагназаваць цяжка, і можа так здарыцца, што хтосьці не зможа набыць любімай кнігі. Плануецца выдаць 25-ты том да 90-годдзя пісьменніка, у 2020 годзе. Пры спрыяльных умовах ужо ў 2012 годзе будуць выдадзены два тамы паэзіі.
Аматарам творчасці Караткевіча варта паспяшацца: да 1 снежня трэба перавесці грошы за першы (46.800 руб.) і апошні (58.400 руб.) тамы на разліковы рахунак выдавецтва "Мастацкая літаратура" і лістом паведаміць пра аплату. Кошт наступнай кнігі будзе паведамляцца ў выдадзеным томе.
Перавод грошай можна ажыццявіць праз аддзяленне любога банка або праз пошту па наступных рэквізітах: УП "Мастацкая літаратура" 220004, г. Мінск, пр. Пераможцаў, 11; р/р 3012001483810, аддзяленне № 538 у г. Мінску, ААТ "Белінвестбанк", БІК 153001739, УНП 100055406 ОКПО 02477775, "Падпіска на творы Караткевіча".
Пятро Жаўняровіч
Звязда, 26 кастрычніка 2011.