Кінафестываль "Лістапад" пройдзе пад дэвізам: "З шырока расплюшчанымі вачыма". То бок, будзе працягваць канцэпцыю мінулага года пра тое, што кіно павінна не падпарадкоўвацца гледачу, а выхоўваць яго. Здзіўляць і "расплюшчваць" вочы. Нездарма сёлета і дызайн фестывалю крыху змяніўся — усю друкаваную прадукцыю і новую версію сайта "Лістапада" ўпрыгожваюць вочы людзей розных нацыянальнасцяў.
— Думаю, што хопіць ужо гэтага надта спажывецкага стаўлення да кінематографа, — мяркуе дырэктар праграмы ігравога кіно Ігар Сукманаў. — Мы хочам, каб наш кінафестываль сапраўды адпавядаў культурнаму ўзроўню сталіцы і каб яго не сорамна было параўнаць з кінафестывалямі іншых еўрапейскіх сталіц.
Менавіта таму і праграма сёлетняга "Лістапада" адрозніваецца высокім мастацкім узроўнем і нават пэўнай экзотыкай. У трох галоўных конкурсах (ігравое кіно, дакументальнае кіно, дзіцячае кіно) возьмуць удзел кінематаграфісты з усяго свету. І ўпершыню на "Лістападзе" пакажуць карціны з Аргенціны, Бразіліі, Мексікі, Ірландыі, Тайланда. У асноўным конкурсе праграмы ігравога кіно шмат фільмаў, якія ўжо высока ацанілі на іншых міжнародных кінафестывалях класа "А". Беларускі глядач зможа ацаніць і скандальны расійскі "Шапіто-шоу" Сяргея Лобана, і "Паляўнічага" Бакура Бакурадзэ, і польскі фільм "Эратум" Марэка Лехкія, а таксама шмат чаго іншага. Не менш цікавымі будуць праграмы дакументальнага і дзіцячага кіно. "Лістападзік", які прэзентуе шмат цікавых дзіцячых фільмаў, пачнецца святам дзіцячага кіно 4 лістапада ў кінатэатры "Піянер".
Наогул, конкурсны і пазаконкурсны паказы "Лістапада" пройдуць у Мінску на чатырох пляцоўках: дакументальнае кіно ў "Цэнтры-відэа", ігравое ў кінатэатрах "Цэнтральны" і пазаконкурсныя паказы ў "Доме кіно" і кінатэатры "Перамога". Сёлета "Лістапад" часова акрэдытаваны Міжнароднай асацыяцыяй кінапрадзюсараў, прычым адной з галоўных умоў гэтай акрэдытацыі быў паказ конкурсных фільмаў у цэнтральных кінатэатрах горада.
Святлана Шыцікава, в.а. дырэктара Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры, распавядае:
— У апошні час Міністэрства культуры праводзіць палітыку па прыцягненні пазабюджэтных крыніц фінансавання на правядзенне разнастайных буйных фестываляў. Напрыклад, сёлета доля спонсарскай дапамогі на "Славянскім базары ў Віцебску" стала ў 2,8 раза большай, чым летась. Што тычыцца "Лістапада", то каля 45% фестывальных расходаў узялі на сябе спонсары фестывалю. Што змянілася ў правядзенні і арганізацыі кінафэсту? У нас створана пастаянная дырэкцыя. Сёлета яна ўдзельнічала ў найбуйнейшых міжнародных фестывалях і кінарынках: Каны, Берлін, Кракаў, Санкт-Пецярбург, Ераван і інш. І ў гэтым годзе мы ўпершыню закупляем 100% фільмакопій. Летась толькі 40% купляла Міністэрства культуры, астатнія 60% — УП "Кінавідэапракат".
Цікава, што пакуль бюджэт фестывалю "Лістапад-2011" так і не назвалі. Для параўнання: на мінулагодні фэст было патрачана 1 млрд 400 млн руб. Па словах Анжэлікі Крашэўскай, дырэктара "Лістапада", сярэдні кінафестываль у Еўропе абыходзіцца ў 500 тысяч долараў, і айчынны "Лістапад" яшчэ істотна недацягвае да гэтай сумы.
Судзіць удзельнікаў "Лістапада" будуць кінематаграфісты з сусветна вядомымі імёнамі. Варта назваць хоць бы старшыняў журы. Уладзімір Граматыкаў, рэжысёр славутых дзіцячых фільмаў "Вусаты нянь" і "Ішоў сабака па раялі" ўзначаліць журы дзіцячага кіно. Расійскі сцэнарыст і рэжысёр Марына Разбежкіна і прэзідэнт Расійскага фестывалю антрапалагічных фільмаў Андрэй Галаўнёў узначаляць секцыі дакументальнага кіно. Старшынёй журы маладога ігравога кіно стане аўстралійскі прадзюсар Кэтрын Шэлпер, якая летась прывезла на "Лістапад" фільм "Самсон і Даліла", а журы асноўнага конкурсу ўзначаліць вядомы ў свеце рэжысёр, акцёр і сцэнарыст з Кыргызстана Актан Арым Кубат. Дарэчы, летась яго фільм "Свет Аке" атрымаў некалькі ўзнагарод на беларускім кінафестывалі.
Мноства пазаконкурсных мерапрыемстваў будзе адбывацца ў межах "Лістапада". Беларускія сінефілы змогуць паглядзець карэйскае, польскае, расійскае, беларускае кіно, сабранае ў асобныя праграмы-панарамы нацыянальных кінематаграфій. Прычым жанрава гэтыя праграмы будуць вельмі стракатымі: ад радыкальнага аўтарскага кіно да дынамічных прыгодніцкіх фільмаў. Гэта і "Мая дзяўчына — спецагент" карэйца Тэры Шына, і "Нуль" паляка Паўла Бароўскі, і "У стылі jаzz" Станіслава Гаварухіна. Захапляльным відовішчам стане кінаканцэрт "Жорж Мельес", які ладзіцца пры падтрымцы пасольства Францыі ў Беларусі. 11 лістапада ў малой зале Палаца Рэспублікі нашчадкі піянера сусветнага кіно Жоржа Мельеса Мары-Элен Леерысэ і Лорэнс Леерысэ прэзентуюць арыгінальныя кінаролікі Жоржа Мельеса, якія будуць суправаджацца, як у 1900-ыя гг., піяністам і зазывалам.
Адкрыццё "Лістапада-2011" адбудзецца 5 лістапада ў Палацы Рэспублікі. Фестываль адкрые стужка Андрэя Звягінцава "Алена". Прадставіць фільм беларускай публіцы прыедзе сам рэжысёр разам са здымачнай групай. Праўда, фільмам закрыцця сёлета не стане фільм-пераможца — гэта звязана з тэхнічнымі нюансамі. Фільмы, якія бяруць удзел у "Лістападзе" — нашумелыя ў свеце кінакарціны, копіі якіх адразу пасля паказу ў конкурсе "Лістапада" адпраўляюцца на іншыя фестывалі. Таму на закрыцці гледачам пакажуць вытанчаную французскую трагікамедыю "Жанчыны з шостага паверха" Філіпа Ле Гюэ. Такім чынам, раўнавага паміж экстрэмальным аўтарскім кіно і якасным кіно для масавага гледача будзе дасягнута.
Вольга Чайкоўская
Звязда, 1 лістапада 2011