https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Беларускі славянскі камітэт выпрацуе рэкамендацыі для ўлад адносна пашырэння беларускай мовы ва ўжытку


Старшыня Беларускага славянскага камітэта Сяргей Касцяр з жалем канстатуе, што хоць па законе дзве дзяржаўныя мовы Беларусі знаходзяцца ў роўным становішчы, "але на самой справе — не".
За мову замовяць слова

Паводле яго ўражання ад удзелу ў нядаўнім з`ездзе Саюза пісьменнікаў Беларусі, там такое меркаванне падзяляюць. "Бо ўсе празаікі, паэты, крытыкі, журналісты, якія там прысутнічалі, казалі аб адным. Беларуская мова юрыдычна з`яўляецца дзяржаўнай, але на самой справе ёй мала хто карыстаецца".

Кіраўнік Беларускага славянскага камітэта акцэнтуе, што ў наяўнай сітуацыі ўлада не вінавата. Наадварот, "улада стварыла ўсе ўмовы, каб беларуская мова не толькі існавала, але развівалася і была асноўнай мовай нашых грамадзян". У чым тады справа? "Так склалася гістарычна, што мы, беларусы, паціху перасталі ўжываць беларускую мову", — мяркуе С. Касцян. На яго думку, не апошняя "заслуга" ў тым Мікіты Хрушчова, пры якім "насаджаліся рускія школы ў Беларусі".

— І сёння задача Беларускага славянскага камітэта (а гэта нацыянальная беларуская арганізацыя), Саюза пісьменнікаў, мовазнаўцаў Беларусі — аб`яднаць намаганні. Упэўніць нашых грамадзян, і ў першую чаргу бацькоў, каб яны самі вучыліся размаўляць на беларускай мове; і галоўнае, каб яны не перашкаджалі дзецям ісці ў беларускія школы, беларускія класы. І каб на наступны год большасць бацькоў, дзеці якіх пойдуць у першы клас, напісала заявы аб тым, каб навучанне там вялося на беларускай мове.

Сяргей Касцян сам навучаўся ў школе па-беларуску сем гадоў і цвёрда ўпэўнены, што менавіта праз школу, а таксама сям`ю, шлях да беларускай мовы найкарацейшы. "І ніякага прымусу", — удакладняе ён.

Не забываецца і на ролю СМІ ў пашырэнні беларускай мовы ва ўжытку. І ў гэтым плане ёсць еднасць у Беларускага славянскага камітэта з Саюзам пісьменнікаў Беларусі.

l Неабходна, каб беларускамоўная газета "Звязда" — адна з найстарэйшых у краіне — стала агульнай нацыянальнай беларускай газетай. Не па юрысдыкцыі, а па неабходнасці. Патрэбна масавая падпіска. Мы зробім усё, каб ужо на наступны год беларуская газета "Звязда" стала настольнай газетай усіх грамадзян — беларусаў нашай краіны, — абяцае С. Касцян.

Ён таксама ўпэўнены, што і па радыё, і на тэлебачанні (на ўсіх беларускіх каналах, удакладняе старшыня БСК) павінны выходзіць праграмы на беларускай мове і пра беларускую мову.

Са свайго боку, Беларускі славянскі камітэт возьмецца гэтую праблему абмеркаваць. Чарговы пленум арганізацыі, які адбудзецца ўжо ў снежні, плануюць прысвяціць менавіта ролі беларускай мовы і яе ўплыву на самасвядомасць нацыі. "Прымем пастанову, накіруем яе ва ўсе органы ўлады, — інфармуе С. Касцян. — Там будзе канкрэтна ўказана, што мы маем на ўвазе, што збіраемся рабіць і што павінна зрабіць улада. Мяркуем правесці сумесны пленум з Саюзам пісьменнікаў Беларусі, дзе таксама абмеркаваць новыя захады і прапановы наконт развіцця беларускай мовы".

l Усё залежыць ад нас, і ніякія загады Прэзідэнта не дапамогуць, калі беларусы не ўсвядомяць, наколькі патрэбна беларуская мова. Касмічны ўплыў на грамадзян тады дзейнічае адпаведна, калі яны размаўляюць на роднай мове, — упэўнены лідар Беларускага славянскага камітэта.

Аднак папулярызацыя беларускай мовы, на яго думку, не павінна азначаць заганнага стаўлення да рускай: "Гэта таксама наша мова". Апроч таго, "мы ствараем Саюзную дзяржаву, Адзіную эканамічную прастору". Таму і ад рускай адмаўляцца нельга.

— Адраджаючы беларускую мову, робячы ўсё, каб большасць нашага насельніцтва валодала беларускай мовай і размаўляла на ёй, мы павінны добра і дасканала вывучаць рускую, бо без Пушкіна, без Някрасава, без Горкага наша мова не будзе багатай. Яна будзе акрэслена нейкімі рамкамі і не будзе інтэнсіўна развівацца.

Абвяшчэння Года беларускай мовы, паводле пераканання С. Касцяна, недастаткова: "Кожны год павінен быць годам беларускай мовы". Ён бачыць рацыю ў тым, каб у супрацоўніцтве з міністэрствамі адукацыі, культуры, інфармацыі ствараць агульныя праграмы па пашырэнні ўжывання беларускай мовы ў штодзённым жыцці. А вось ініцыятывы, падобныя да той, якую праявіў кіраўнік Міністэрства культуры Павел Латушка (самому выступаць выключна па-беларуску і справаводства перавесці на беларускую), вітае: "Добра было б, каб і парламент перайшоў на беларускую мову".

— Прыклад павінны паказваць кіраўнікі ўсіх ведамстваў, абавязкова, — рэзюмуе Сяргей Касцян. — Але гэта не значыць, што ўсё трэба рабіць па загадзе — гэта павінна адбывацца свядома. Кожны павінен дайсці не толькі сваёй галавой — але і сэрцам адчуць неабходнасць беларускай мовы. Як можна, калі марозны вечар, не ўзгадаць Багдановіча?

Беларускую мову, на думку старшыні БСК, насамрэч, шмат хто ведае. "Трэба не саромецца, а як мага часцей ужываць беларускую мову ў паўсядзённай працы".

Зоя Варанцова, Звязда
1 лістапада 2011
 
Дата публикации:02.11.2011
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:3837
 
Ключевые слова:
Беларуская мова Союзное государство Русский язык
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме