https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Беларускія левыя адзначылі гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі


Прадстаўнікі беларускіх партый і арганізацый левага кірунку адзначылі 94-ю гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі ўскладаннем кветак да помніка Леніну на плошчы Незалежнасці ў Мінску.
У 10.00 каля помніка сабралася прыкладна 100 прыхільнікаў Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ), якая падтрымлівае курс уладаў. Сярод іх былі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, у тым ліку Ігар Карпенка і Таццяна Голубева. Пасля ўскладання кветак адбыўся кароткі мітынг. Члены КПБ гаварылі пра гістарычную важнасць падзей 1917 года, пра жаданне будаваць жыццё ў сваёй дзяржаве самастойна, без умяшання звонку, пра тое, што менавіта ў Беларусі рэалізуюцца прынцыпы роўнасці і свабоды, абвешчаныя падчас Кастрычніцкай рэвалюцыі.

У ходзе мітынгу міліцыя затрымала трох актывістаў "Маладога фронту" — міжнароднага грамадскага аб`яднання, зарэгістраванага ў Чэхіі, але нелегальнага ў Беларусі. Маладыя людзі спрабавалі закідаць помнік Леніну яйкамі з крыкамі "Камунізм пад трыбунал!". Такім чынам яны "выказалі сваё стаўленне да камунізму ў дзень большавісцкага перавароту — 7 лістапада" і "нагадалі пра злачынствы камуністычнай ідэалогіі", паведаміла прэс-служба "Маладога фронту". Затрыманыя Павел Сяргей, Раман Васільеў і Міхаіл Мускі былі дастаўлены ва ўпраўленне ўнутраных спраў Маскоўскага раёна сталіцы, дзе ў дачыненні да іх склалі пратаколы па абвінавачанні ў дробным хуліганстве. Найбліжэйшую ноч маладыя людзі правядуць у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна, а 8 лістапада паўстануць перад судом.

Пасля прадстаўнікоў КПБ кветкі да помніка правадыру сусветнага пралетарыяту ўсклалі члены грамадскага аб`яднання "За Саюз і Камуністычную партыю Саюза" (СКПС), а таксама апазіцыйнай Беларускай партыі левых "Справядлівы свет".

Лідар "Справядлівага свету" Сяргей Калякін упэўнены, што без рэвалюцыі 1917 года не было б Беларусі. "Сёння мы адзначаем вялікі дзень, які заснаваў нашу беларускую дзяржаву. Калі б не было рэвалюцыі, мы б жылі ў Расіі", — заявіў Калякін. Ён назваў Леніна "найвялікшым чалавекам", чые мары абавязкова здзейсняцца ў будучыні.

Калякін не згодны з тым, што ў Беларусі зараз рэалізуюцца прынцыпы роўнасці і свабоды. На яго думку, сёння ў беларускім грамадстве няма ні роўнасці, ні салідарнасці. "Грамадства зараз раздзелена. Толькі калі ўлада і народ будуць адзіныя, мы зможам рухацца наперад. Упэўнены, што большасць беларусаў хацелі б змяніць сваё жыццё. Хаця пакуль яны яшчэ не пераадолелі свой страх", —мяркуе лідар партыі "Справядлівы свет".

Пасля ўскладання кветак да Калякіна падышоў супрацоўнік міліцыі і прапанаваў яму 8 лістапада ў 10.00 наведаць Маскоўскае РУУС. Палітык лічыць, што яму могуць выставіць прэтэнзіі ў парушэнні заканадаўства аб правядзенні масавых мерапрыемстваў. У сувязі з гэтым Калякін падкрэсліў, што ні мітынгаў, ні шэсцяў члены партыі не праводзілі — проста ўсклалі кветкі да помніка.

Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі з`яўляецца ў Беларусі дзяржаўным святам і выхадным днём. Віншуючы суайчыннікаў з 94-й гадавінай Кастрычніцкай рэвалюцыі, Аляксандр Лукашэнка зазначыў: "Гісторыя зноў і зноў пацвярджае значнасць ідэалаў Вялікага Кастрычніка — вызваленне працоўных ад эксплуатацыі і прыгнечання, зацвярджэнне раўнапраўя і сацыяльнай справядлівасці, — гаворыцца ў віншаванні кіраўніка дзяржавы. — Імкненне народаў да самавызначэння і незалежнасці на роднай зямлі захавана нашымі дзядамі і бацькамі падчас замежнай інтэрвенцыі, у трагічны перыяд Вялікай Айчыннай вайны, найцяжэйшыя постсавецкія дзевяностыя гады".

Аднак у беларускім грамадстве, як і ў іншых краінах, існуе шырокі спектр ацэнак Кастрычніцкай рэвалюцыі. Калі адны ўспрымаюць рэвалюцыю як спробу стварэння дэмакратычнага ладу сацыяльнай справядлівасці, то іншыя называюць яе нацыянальнай катастрофай, якая прывяла да значных ахвяраў і ўстанаўлення таталітарызму.

БелаПАН
Мінск, 7 лістапада 2011
 
Дата публикации:07.11.2011
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:3845
 
Ключевые слова:
Великая Октябрьская революция Праздники Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме