«Многія нас падтрымліваюць, але...»
Мерапрыемства было ініцыіравана раённай арганізацыяй інвалідаў. Як падкрэсліў яе кіраўнік амаль з дваццацігадовым стажам работы Мікалай Самонаў, сёння грамадства, усе мы павярнуліся да праблем згаданай катэгорыі асоб. Ім аказваецца разнастайная матэрыяльная і маральная пад-трымка. «Не яны ідуць да нас, — акцэнтаваў ён увагу, — мы ідзём да іх. Галоўнае, вядома, рэабілітацыя інвалідаў. На вёсцы гэта праблема стаіць асабліва востра. Тым не менш у аграгарадках створаны аддзяленні кругласутачнага прабывання, працуюць разнастайныя гурткі, аказваецца адрасная дапамога. З адкрыццём цэнтра рэабілітацыі інвалідаў у мікрараёне Кісялевічы магчымасцей у гэтым плане з’явіцца яшчэ больш. Толькі ў гэтым годзе працаўладкавана каля трох дзясяткаў членаў нашай арга-нізацыі. Спадзяёмся, да канца года гэта лічба павялічыцца. Многія нас падтрымліваюць, але...»
Крытыка выказвалася ў адрас праектантаў, будаўнікоў, якія нярэдка ўзводзяць жыллё, сацыяльныя аб’екты, не ўлічваючы запатрабаванняў інвалідаў. Канешне, такая практыка — учарашні дзень, яе неабходна тэрмінова пераломліваць.
Было прыкра чуць, што падчас броня на працаўладкаванне для інвалідаў асобнымі прадпрыемствамі не выконваецца. Калі б яшчэ цяжкасці вытворчага характару, а то проста іх кіраўнікі, кадравыя службы адштурхоўваюцца: «Няхай іншыя бяруць...» А чаму не вы, няўжо нельга зразумець патрэбы абдзеленых лёсам людзей?
Слушную думку на гэты конт выказаў дырэктар аднаго з прыватных прадпрыемстваў Аляксандр Холад: «Трэба ісці па шляху тлумачэнняў, што працаваць могуць усе. Да нас прыводзілі людзей з абмежаванымі магчымасцямі ледзьве не за ручку: «Нідзе не бяруць...» А мы ўзяліся працаўладкаваць. Так, спачатку было няпроста, але праз месяц-два не пазнаць новых работнікаў: распраміліся, прыйшла ўпэўненасць, а галоўнае, разуменне, што яны патрэбны грамадству. Думаем яшчэ ўзяць з дзясятак чалавек. Людзі такога складу, як пераканаліся, больш дысцыплінаваныя, не схільны да парушэнняў. Так што тут яўныя перавагі».
— Прыклад завода «Бабруйск-Універсал», — адзначыла старшыня міжрэгіянальнай арганізацыі таварыства глухіх Людміла Лявонава, — дзе працуе дзясятак чалавек з абмежаванымі магчымасцямі, аб гэтым сведчыць. Хацелася б, каб гэты вопыт знайшоў падтрымку на іншых прад-прыемствах і ў арганізацыях. Праўда, тут павінна быць зацікаўленасць: ільготнае падаткаабкладанне распаўсюджваецца на тыя калектывы, дзе працуе 50 працэнтаў людзей з абмежаванымі магчымасцямі. А чаму б не знізіць гэту планку да 30—40 працэнтаў.
Звярталася ўвага на псіхалагічны аспект работы з людзьмі абмежаваных магчымасцей. Важна тут праяўляць тактоўнасць, абыходжанне, менш напамінаць пра абмежаванасці — яны раўнапраўныя члены грамадства!
Гэту думку развіў настаяцель Свята-Георгіеўскага храма бацюшка Генадзь: «Людзі абмежаваных магчымасцей для нас, царкоўнаслужыцеляў, такія, як усе. Бо можна быць фізічна моцным, але слабым духоўна. І наадварот, людзі з недамаганнямі становяцца моцнымі, калі вераць у Госпада Бога, у тое, што народжаны для вечнасці. Духоўнае — галоўнае. Таму мы і заклікаем часцей наведвацца ў храм. Хто не можа да нас патрапіць з-за пэўных абставін, мы ідзём да яго. Вунь сястрынства, якое створана пры храме, апякае два з паловай дзясяткі нямоглых чалавек: да праваслаўных свят уручаюцца матэрыяльныя і духоўныя падарункі, спавядаюць, прычашчаюць. Па любым выкліку выязджаем. Думаю, што людзі такой апекай задаволены».
— Канешне, — падкрэсліў удзель-нік круглага стала, інвалід ІІ групы Андрэй Крычко, — і нам, людзям абмежаваных магчымасцей, трэба быць больш актыўнымі: ты свайму лёсу гаспадар! Вось і я, калі атрымаў цяжкую траўму, заныў, а потым узяў сябе ў рукі: ніякі я не інвалід, дзейны чалавек! Паступіў завочна вучыцца ў сельскагаспадарчы каледж, зараз працую бухгалтарам у адной з арганізацый, жыццё па-іншаму адчуў!
Гаварылі аб неабходнасці больш актыўнай работы па папярэджанні інваліднасці, асабліва ў вытворчай сферы, і тых з’яў, якія з ёю звязаны. А калі ўжо адбылося няшчасце, трэба ствараць умовы для рэабілітацыі інвалідаў, адпаведныя цэнтры, якіх пакуль не хапае, аказваць больш дзейсную адрасную дапамогу. Аб гэтай і іншай дзейнасці інфармаваць на сайтах, у электронных і друкаваных СМІ, магчыма, з мэтай абмену вопытам наладжваць сувязi з падобнымі арганізацыямі ў рэспубліцы і за мяжой.
Мікалай Давідовіч
Рэспубліка, 13 верасня 2011