Гледзячы на Бялынічы, сёння цяжка паверыць, што калісьці тут знаходзіўся славуты марыйны санктуарый. Яшчэ цяжэй усвядоміць тое, што праз 250 гадоў пасля каранацыі абраза Маці Божай у Бялынічах не засталося нават цаглінкі ад былога велічнага санктуарыя.
Аднак веру тут захавалі: сёння ў горадзе зарэгістраваны дзве каталіцкія парафіі. 17 верасня 2011 г. у Бялынічах адбылася канферэнцыя, прысвечаная 250-годдзю каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай.
«Нягледзячы на тое, што слынны абраз знік, а касцёл быў узарваны, памяць пра Маці Божую Бялыніцкую засталася, — адзначыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падчас канферэнцыі. — Гісторыя — гэта настаўніца жыцця: каб ісці далей па жыцці, неабходна ведаць сваю гісторыю. Я спадзяюся, што канферэнцыя дапаможа нам яшчэ мацней адрадзіць культ Маці Божай Бялыніцкай і стане новым імпульсам для гістарычных пошукаў, адраджэння Касцёла і ўрэшце рэшт пошуку арыгіналу славутага абраза Маці Божай».
Паслухаць выступленні дакладчыкаў сабраліся вернікі і пілігрымы з розных парафій Беларусі.
«Сюды, у Бялынічы, людзі ішлі спрадвеку. Мы прыходзім сюды ўжо восем гадоў, — дзеліцца перажываннямі ўдзельніца магілёўскай пілігрымкі Галіна Касцюкевіч з парафіі Св. Антонія (Магілёў). — Мы хочам адрадзіць гэтую традыцыю, захаваўшы марыйны культ, які здаўна існаваў на гэтых землях. І мы верым, што дзякуючы веры і малітвам, у Бялынічах неўзабаве з’явіцца і касцёл».
Магілёўскіх пілігрымаў у Бялынічы прыехала два мікрааўтобусы. Агулам — чалавек сорак. Аднак капліцу ў гэты дзень наведалі не толькі магіляўчане, але таксама і госці з Мінска, Талачына, Крупак і нават з Польшчы — 27 пілігрымаў на чале з віцэ-рэктарам семінарыі ў Варшаве кс. Марэкам Шымулам.
«Бялынічы калісьці былі вельмі важным месцам для хрысціянаў, тут быў вельмі знакавы санктуарый, які, на жаль, не захаваўся да нашых часоў, — гаворыць вернік парафіі Узвышэння Святога Крыжа з Мінска (Кальварыя) Аляксандр Стральцоў. — Аднак мы прыязджаем сюды з году ў год і таксама сёння, і верым: традыцыя ўшанавання Маці Божай Бялыніцкай будзе адноўлена.
Ілья Лапато
Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
19 верасня 2011 Сatholic.by