https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Невядомы Сыс у Гарошкаве


29 кастрычніка, у вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёну сёмы раз ладзілася сьвята паэзіі “Дух — гэта, людзі, Я”. Яно прымеркавана да 52-й гадавіны з дня народзінаў беларускага паэта Анатоля Сыса.
У Гарошкаў ушанаваць памяць Анатоля Сыса, пачытаць  вершы прыехалі зь Менску старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч, галоўны рэдактар “Дзеяслова” Барыс Пятровіч, паэты Эдуард Акулін і Міхась Скобла. Тут былі таксама прыхільнікі творцы з Гомеля, Рэчыцы, Сьветлагорску, Веткі.



Па традыцыі сьвята пачалося ўскладаньнем кветак да помніка Анатолю Сысу на гарошкаўскіх могілках, дзе яго пахавалі ў траўні 2005 году пасьля заўчаснай сьмерці. А пасьля дзея перамясьцілася ў цэнтар вёскі, да бацькоўскай хаты Анатоля.

​​Заснавальнік і натхняльнік паэтычнага сьвята ў Гарошкаве Эдуард Акулін: “Я рады вас вітаць на гасьцінным падворку роднай хаты нашага выдатнага паэта Анатоля Сыса, дзе сёньня  сёмы раз мы праводзім традыцыйнае сьвята паэзіі ў ягоны гонар”.

Старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч лічыць, што ніша, якую займаў  у нацыянальнай беларускай літаратуры Анатоль Сыс як паэт-грамадзянін, паэт-трыбун да гэтага часу нікім не занятая. Веліч ягоных паэтычных радкоў  будзе усьведамляць яшчэ не адно пакаленьне беларусаў:

“Мне падаецца, што беларускі чытач ня толькі будзе ўсьведамляць веліч ягоных паэтычных радкоў, але й будзе ўсьведамляць сябе сучасьнікам Анатоля. Верш Анатоля Сыса:

        “А мне ня трэба шлях, дзе скрозь падковы,
          І ў сьветлы дзень я словы прыгублю,
          І ў злыбяду суцешуся высновай:
          Жыцьцё – бівак, ды я яго люблю”.

Гэта радкі з  толькі што апублікаванага верша Анатоля Сыса. На сёньняшнім сьвяце празаік і рэдактар Барыс Пятровіч прэзэнтаваў гасьцям і родным паэта пяты нумар “Дзеяслова” з невядомымі дасюль вершамі Анатоля Сыса. У прыватнасьці, “Балада-прысьвячэньне маці”, “Высакосны год”, “Верлібр першай сустрэчы з морам”.
Вершы знайшла сястра Анатоля Тамара Ціханаўна ў незабраным архіве. Праз Эдуарда Акуліна вершы й патрапілі ў рэдакцыю “Дзяслова”.

Прадмову да невядомых да гэтага часу вершаў Анатоля “Прарок свабоды й незалежнасьці” напісаў за кратамі ягоны сябра й паплечнік Алесь Бяляцкі.

На вясковым падворку ў Гарошкаве паэтычныя творы чыталі Вадзім Болбас, Ларыса Раманава, Эдуард Акулін. А гомельскі бард Андрусь Мельнікаў выканаў некалькі песень на вершы Анатоля Сыса.

​​Мельнікаў: “Ягоная кніжка “Сыс” – яна  “паралеліць”, на мой погляд, з біблейскай кніжкай “Псалтыр”.  “Псалтыр”, па сутнасьці, зборнік песьняў. Ёсьць такая ідэя, не кажу пра намер, бо ня ўпэўнены, што зьдзейсьніцца. Усе вершы з кнігі “Сыс” можна пакласьці на музыку. Некаторыя вершы пакладзены на музыку ня мною, а Вольгай Цярэшчанкай, Касяй Камоцкай. Некаторыя вершы з кнігі яны паклалі на музыку. Але ёсьць некалькі вершаў, на якія музыка павінна быць. Я яе адчуваю. Нават рытміку адчуваю, але пакуль мэлёдыі ня чую. Але ж, напэўна, будзе”.

29 кастрычніка 2011
Радыё Свабода
 
Дата публикации:29.10.2011
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:3717
 
Ключевые слова:
Анатоль Сыс Белорусские поэты
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме