https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Уваскрослы Хрыстус — надзея сучаснага свету


Пастырскае пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень 2011 года.
Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, вернікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі!

Гэтымі словамі велікоднага прывітання ўсіх вас вітаю і віншую са святам святаў — Пасхай нашага Пана Езуса Хрыста. Слова "сапраўды" азначае факт уваскрасення і з`яўляецца той абсалютнай праўдай, на якой апосталы абапіралі сваю місію.

Уваскрасенне Хрыста з`яўляецца падмуркам нашай веры. Без фізічнага ўваскрасення Езуса няма збаўлення. Калі б Езус ляжаў у грабніцы забальзамаваны, як ляжаць некаторыя вядомыя дзеячы гісторыі, а мільёны наведвальнікаў і прыхільнікаў аддавалі б Яму пашану, то хрысціянства было б не больш, чым легенда. Нездарма св. апостал Павел кажа, што "калі Хрыстус не ўваскрос, то марнае і прапаведаванне нашае, і вера ваша марная" (1 Кар 15, 14).

Святое Пісанне прадстаўляе ўваскрасенне Езуса як гістарычны факт. Хрыста пасля ўваскрасення бачылі апосталы і іншыя людзі. Ён паводзіў сябе, як кожны жывы чалавек: размаўляў, заахвочваў дакрануцца да Яго, нават прасіў, каб далі Яму есці. Усё гэта пераканала Ягоных вучняў, што сустрэча з Уваскрослым была не галюцынацыяй, а рэчаіснасцю. Таму хрысціянства абапіраецца на факт уваскрасення Хрыста, бо без гэтага яно было б безжыццёвым.

Аднойчы французскі філосаф Аўгуст Комтэ сказаў, што мае намер заснаваць новую рэлігію, якая заслоніць хрысціянства, яна не будзе мець ніякіх таямніц, будзе вельмі простай і будзе называцца пазітывізмам.

Адносна гэтай ідэі шатландскі пісьменнік Томас Карлейль сказаў наступнае: каб гэта сталася, табе трэба прамаўляць так, як да гэтага ніхто і ніколі не прамаўляў, і жыць так, як да гэтага ніхто і ніколі не жыў, а потым ты павінен быць укрыжаваны, затым уваскрэснуць на трэці дзень і пераканаць свет, што ты яшчэ жывеш. Толькі тады твая рэлігія будзе мець шанц.

Уваскрасенне Езуса Хрыста з`яўляецца надзеяй нашага ўваскрашэння. Чалавецтва, нягледзячы на імклівае развіццё навукі і яе вялікія дасягненні, тым не менш ведае, што існуе пераход толькі ў адным напрамку, без вяртання назад. Аднак факт уваскрасення Хрыста становіцца адзіным і выключным фактам у гісторыі: знаходзячыся ў грабніцы, Езус падрыхтаваў сабе шлях вяртання да жыцця. І не толькі сабе, але і іншым. Ён сказаў: "Хто верыць у Сына, мае жыццё вечнае" (Ян 3, 36). Таму дарам уваскрослага Езуса з`яўляецца наша будучыня.

Такім чынам, мы бачым, што ўваскрасенне Хрыста з`яўляецца актам бязмежнай Божай міласэрнасці. Аб гэтым мы павінны памятаць асабліва, бо праз тыдзень у Рыме адбудзецца беатыфікацыя Слугі Божага Яна Паўла ІІ — Апостала Божай міласэрнасці. Аб гэтым трэба памятаць і таму, што дваццаць гадоў таму, 13 красавіка 1991 г., менавіта Ян Павел ІІ адрадзіў іерархічныя структуры Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і ўстанавіў Мінска-Магілёўскую мітраполію.

Вялікі Пантыфік выдатна чытаў знакі часу і адказваў на іх выклікі. Зняволены ганеннямі, Касцёл у Беларусі быў як быццам у грабніцы. Ён не меў адпаведных касцёльных структур і іерархіі. Здавалася, што ён ужо ніколі не ўваскрэсне да новага жыцця. Аднак гісторыя яшчэ раз пацвердзіла праўду: тое, што немагчыма для чалавека, магчыма для Бога. Укрыжаваны і амярцвелы Касцёл уваскрос і жыве. Таму сённяшняя Пасха — гэта таксама свята адраджэння Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

Як мы прымаем гэты Божы дар? Ці нясе радасць у нашыя сэрцы велікоднае гучанне званоў? Радасць ад таго, што, нягледзячы на ўсе жыццёвыя цяжкасці і непазбежнасць заканчэння зямнога жыцця, нас чакае іншая рэчаіснасць — уваскрашэнне да вечнага жыцця.

На жаль, для многіх хрысціян Хрыстус і Яго ўваскрасенне значаць не больш, чым леташні снег. У імкненні да абсалютнай свабоды, якая лічыць Божы закон абмежаваннем правоў чалавека, многія імкнуцца да свабоды ад Бога і Яго закона. Такім чынам яны застаюцца ў грабніцы сваіх грахоў, зняволення і дрэнных звычак, а таксама спажывальнікамі сваёй малой стабільнасці. Усё гэта вядзе да таго, што людзі замест "больш быць" імкнуцца "больш мець" і не жадаюць ісці ў напрамку багацейшага чалавецтва, свабоды дзяцей Божых і поўні жыцця. Мы — хрысціяне, але як няшмат тых, хто мае веру, здольную змяніць жыццё!

Хрыстус — гэта не леташні снег, пра які мы ўжо даўно забылі, і не сёлетні. Езус, насуперак былым і сучасным пераследам хрысціянства, існуючым у некаторых, нават з развітай дэмакратыяй і традыцыямі, краінах свету, — як гэта моцна падкрэслівае папа Бенядыкт ХVІ, — насуперак розным цяжкасцям і выклікам сучаснага лібералізму і нават адыходу ад веры, жыве ў сваім Касцёле. Праз яго і ў ім Ён вядзе нас да паўстання з грабніц нашых грахоў і дае новую надзею на справядлівае вырашэнне ўсіх праблем і лепшае жыццё на гэтай зямлі, калі яно будзе будавацца на маральных каштоўнасцях і ў адпаведнасці з васьмю благаслаўленнямі Пана — гэтай дарожнай картай кожнага хрысціяніна, і таксама дае надзею на шчаслівую вечнасць. Сапраўдная перамена жыцця ў Хрысце — гэта радыкальная перамена, якая вядзе чалавека да трыумфу жыцця і паўнаты быцця (пар. Ян 10, 10).

Уменне глядзець на гісторыю ў святле праўды ўваскрасення вельмі важнае ў наш час, калі мары чалавека абмяжоўваюцца хвіліннымі клопатамі. Жывучы выключна праблемамі аднаго дня, мы забываем аб галоўным — аб збаўленні душы, Божым Провідзе, любові да Бога і бліжняга.

Менавіта адсутнасць любові да бліжняга і выклікала жудасны тэрарыстычны акт у мінскім метро 11 красавіка гэтага года, які прывёў да чалавечых ахвяраў. Няма і не можа быць тлумачэння таму, што тады сталася, і сталася падчас Вялікага посту — часу падрыхтоўкі да свята Пасхі. І хоць непамерна цяжка перанесці страту блізкіх і пагадзіцца з тым, што ў мірны час ад тэрарыстычнага акта гінуць людзі, наша хрысціянская вера і праўда Уваскрасення Хрыста дапамагае нам выцерці слёзы і дае новую надзею. Выказваючы свае спачуванні сем`ям і блізкім ахвяраў гэтага выбуху, давяраю душы загінулых Божай міласэрнасці з надзеяй на жыццё вечнае, а для пацярпелых прашу ласкі выздараўлення.

Уваскрасенне Хрыста дае магчымасць узвысіцца над штодзённай мітуснёй і цяжкасцямі жыцця і ўбачыць бязмежнасць Божай любові, якая дзеля чалавека сышла аж да Крыжа і смерці. Таму нам трэба ведаць і жыць праўдай, што сваім уваскрасеннем Хрыстус аднаўляе чалавечую прыроду і дае чалавеку неабходныя сілы ў служэнні Касцёлу, Бацькаўшчыне, грамадству, сям`і і бліжняму.

Сучасны свет у развіцці навукі, паліттэхналогіях і эканамічных рэцэптах ліхаманкава шукае адказу на свае праблемы. Аднак не знаходзіць яго. У той жа час Касцёл і само жыццё нагадваюць, што трэба толькі адно: жыць паводле Божага слова, якое з`яўляецца крыніцай паяднання, супакою (пар. VD 102) і ўсялякага адраджэння. Менавіта Евангелле вызваляе чалавека ад вельмі балючага пачуцця недастатковай развітасці і пыхі прагрэсу, ад сувязяў з негуманістычнымі культурамі і новым язычніцтвам, якім з`яўляецца большасць найбольш развітых тэхналогій. Евангелле адкрывае сэнс гісторыі чалавецтва, а таксама дапамагае адказваць на найбольш небяспечныя выклікі сучаснасці.

Дарагія браты і сёстры, усе людзі добрай волі!

Ад усяго сэрца віншую вас з радасным і збаўчым святам Пасхі. Віншую католікаў і ўсіх хрысціян. Дзякуючы Божаму Провіду, мы другі год запар адзначаем галоўнае свята хрысціянства ў адзін дзень. Гэта знак з неба і заклік да будавання адзінства хрысціян, што павінна з`яўляцца нашым маральным абавязкам, каб разам сведчыць праўду Евангелля, асабліва праўду ўваскрасення, і разам адказваць на выклікі часу, каб сучасны свет выйшаў з грахоўных грабніц і будаваў цывілізацыю жыцця.

Усім вам жадаю радасных велікодных святаў. Няхай праўда ўваскрасення ўзмоцніць нашыя сілы і адновіць надзею, нават насуперак надзеі — як да гэтага заклікае св. апостал Павел (пар. Рым 4, 18). На гэты шлях ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч,
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.


Звязда
23 красавіка 2011
 
Дата публикации:24.04.2011
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:4419
 
Ключевые слова:
Пасха Пастырское послание Христианство Костел Христос
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме