https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У пошуках сталічнага стылю


На жаль, беларускую сталіцу ў свеце не ўсе ведаюць. Кожнаму значнаму гораду неабходны свой эфектыўны брэнд. Па даручэнні мэра горада Мінска "Інфармацыйна-турыстычны цэнтр "Мінск" распрацаваў праграму па стварэнні і прапагандаванні стылю нашай сталіцы.

— Брэнд — больш чым сімвал, лагатып або лозунг,— тлумачыць дырэктар цэнтра Алена Пліс. — Гэта суцэльная сістэма каштоўнасцяў і характарыстык, якія адлюстроўваюць сутнасць горада. Іншымі словамі, брэнд — ідэалогія і яго душа.

Брэнд Мінска як сталіцы будзе таксама прэзентаваць і ідэалогію Беларусі ў цэлым, з`яўляючыся адным з асноўных інструментаў яе папулярызацыі.

Брэндзінг дае адчувальныя вынікі за 5-10 гадоў. Грошы, якія будуць затрачаны на яго стварэнне, вернуцца ў гарадскі бюджэт у выглядзе прыбытку ад турызму. Міжнародныя даследаванні даказалі, што правільна сфармуляваны брэнд павялічвае плынь іншаземцаў у краіну ў 4-5 разоў. А кожны турыст — гэта дадатковая крыніца валюты, якая паступае ў гарадскую казну. Чалавек прыехаў — яму неабходна жыць, харчавацца, наведваць музеі, купляць сувеніры, а гэта — грошы.

Сёння тэма стварэння стылю горада вельмі актуальная ў сувязі з падрыхтоўкай да правядзення ў Мінску Чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе. Такая падзея дасць магчымасць прапагандаваць Мінск для еўрапейскіх і паўночнаамерыканскіх турыстаў, колькасць якіх у нашай сталіцы пакуль невялікая. А менавіта яны маюць звычку набываць брэндаваныя прадукты і сувеніры. Такім чынам, яны не толькі прыносяць прыбытак, але і добраахвотна папулярызуюць брэнд Мінска ў сваіх краінах. Гэта дакладны і вельмі эфектыўны спосаб рэкламы.

Брэнд павінен вызначыць сімвалы, візуальныя вобразы, шрыфты, якія адпавядаюць сутнасці горада. Яны ўкараняюцца сістэмна ўсімі дзяржаўнымі і прыватнымі структурамі, што стварае адзіную мадэль вобраза Мінска ў свядомасці мэтавай аўдыторыі. Лагатып горада будзе наносіцца на сувенірную прадукцыю і на рэкламна-інфармацыйныя матэрыялы. У адзіным стылі будзе створаны стэнд горада для ўдзелу ў міжнародных мерапрыемствах.

Брэнд будзе звязаны з якім-небудзь аб`ектам, неабавязкова архітэктурным, гэта можа быць скульптура ці нешта іншае.

Рыхтуецца тэхніка-эканамічнае заданне па стварэнні стылю Мінска. У ім будуць дакладна прапісаны ўсе неабходныя патрабаванні да рэкламнай кампаніі, якая вырашыць гэтым займацца. Пасля збору камерцыйных прапаноў правядуць конкурс. Вылучаць некалькі кампаній, але толькі адна з іх, з найбольш падыходзячым праектам, возьмецца за распрацоўку брэнда.

Па словах Алены Пліс, ад некаторых беларускіх фірмаў ужо паступілі прапановы. Таксама з ініцыятывай выступіла адна з замежных кампаній.

Практыка гарадскога брэндзінгу хутка распаўсюджваецца ў постсавецкіх краінах. Свой брэнд ужо стварылі Рыга, Вільнюс, Тбілісі, Астана і іншыя. Цяпер чарга і беларускай сталіцы.

Аляксандра Квіткевіч
_______________________________________________

Як вы лічыце, што магло б стаць брэндам Мінска?

Алег Хаменка, гурт "Палац":

— На маю думку, гэта павінен быць герб Мінска: Божая Маці з анёламі. Бо гэта не можа быць ні стэла, ні плошча Перамогі, ні нават Нацыянальная бібліятэка... Толькі герб. Гэта відавочна і бясспрэчна.

Ігар Бархаткоў, мастак:

— У нас цудоўная архітэктура. Мне вельмі падабаецца "сталінская" частка горада. Прыгожа выглядае вуліца Мяснікова, чыгуначны вакзал... Раней быў самы прыгожы краявід з моста праз Свіслач каля парку Горкага, але там дадумаліся паставіць нейкія цёмныя пабудовы, якія зусім там не да месца.

Уладзімір Цэслер, скульптар:

— Мне цяжка так адразу адказаць. Гэта вельмі адказная, сур`ёзная справа. У Мінску амаль нічога такога не засталося, таму, можа быць, можна выбраць нешта, чаго ўжо няма.


Аляксей Грышын, алімпійскі чэмпіён па фрыстайле:

— Па-першае, Нацыянальная бібліятэка. "Мінск-Арэна", зразумела, таксама. Ці вось зараз будуюць на Сурганава спартыўную пабудову менавіта для фрыстайлістаў, таксама першую падобную ў свеце. Увогуле ў нас шмат што можа быць такім брэндам.

Міхась Міцкевіч, доктар тэхнічных навук,
сын Якуба Коласа:

— Мне здаецца, што гэта павінны быць помнікі Купалу і Коласу. Гэтыя людзі адлюстроўваюць значны пласт нашай культуры. Яны заклалі асновы сучаснай літаратуры. Ёсць у Мінску, вядома, і шмат іншага, але гэтыя помнікі значныя і вельмі адметныя ў гарадскім ландшафце.

Уладзіслаў Кулецкі
Звязда, 10 жніўня 2011

 
Дата публикации:10.08.2011
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:4740
 
Ключевые слова:
Бренд Символ города Мінск
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме