Як паведаміў старшыня аб`яднання Алег Трусаў, сустрэчы адбудуцца ў межах кампаніі "Будзьма". 22 жніўня пройдзе сустрэча з Лявонам Баршчэўскім, 24 жніўня — з Валянцінам Голубевым, 25 жніўня — з Алегам Трусавым. Усе тры мерапрыемствы ладзяцца ў сядзібе ТБМ (вуліца Румянцава, 13) ад 18.00 да 20.00.
"У гэтым годзе 25 жніўня адзначаецца 20 гадоў з таго часу, як Дэкларацыя аб незалежнасці Беларусі набыла статус канстытуцыйнага закона і ўступіла ў дзеянне. На жаль, некаторыя людзі, у тым ліку і некаторыя журналісты, лічаць, што незалежнасць нам "звалілася з неба", што гэта была нейкая недарэчнасць. А некаторыя нават кажуць, што Беларусь не была гатова да незалежнасці і лепш вярнуцца ў "абдымкі" Расіі", — адзначыў Трусаў.
"Мэта гэтых сустрэч — паказаць, што нішто ніадкуль не ўзнікае. Наша незалежнасць была створана шматгадовымі высілкамі, нават пачынаючы ад часоў Кастуся Каліноўскага. І ўдзельнікі гэтых сустрэч маюць унікальную магчымасць атрымаць з першых вуснаў інфармацыю пра тое, як была абвешчана незалежнасць Беларусі", — сказаў Трусаў.
Ён звярнуў увагу на тое, што ад абвяшчэння незалежнасці Беларусі ўжо вырасла пакаленне тых, хто не ведае, як гэта адбывалася. "Тым, хто нарадзіўся ў 1991 годзе, сёлета ўжо 20 гадоў, і няшмат хто ведае пра падзеі таго часу. Менавіта ім выпадае ўнікальны шанец пачуць, як усё гэта было", — сказаў Трусаў.
Ён не выключае, што на сустрэчы прыйдуць і іншыя дэпутаты Вярхоўнага Савета Беларусі XII склікання, якія таксама падзеляцца сваімі ўспамінамі.
Сяргей Пульша, БелаПАН
Мінск, 15 жніўня 2011