Ёсць Бог на небе!.. Пацвярджэннем гэтаму было жыццё Казіміра Свёнтка. Жыццё чалавека і жыццё пастара Божага, які ўвесь свой шлях вымяраў колькасцю пакут, якія можа вытрымаць чалавек, які імкнецца ісці за Ісусам Хрыстом.
Менавіта вера ў яго дае надзею на тое, што душы тых, хто служыў людзям ад усяго сэрца, пойдуць у лепшы свет, нават там апякуючыся тымі, дзеля каго служыў. Кардынал Казімір Свёнтак служыў дзеля адраджэння і распаўсюджвання веры Хрыстовай у беларускім каталіцкім свеце. Ён паспеў зрабіць шмат за сваё жыццё, даўжынёй у 96 гадоў.
Гэта амаль цэлая эпоха. Гэта была тая эпоха, калі чалавек мог зусім адмовіцца і забыць пра Бога, будучы ўпэўненым, што ён сам каваль свайго лёсу. У нейкім сэнсе так было і ў Казіміра, які сам, але з ласкі Боскай, абраў лёс святара. Прычым вызначыўся са сваім выбарам у 30-я гады ў краіне, якая будавала камунізм і рашуча адмаўлялася ад перажыткаў мінулага, да чаго адносілі і "опіум для народа". Але, магчыма, гэта быў той выпадак, калі чалавек сапраўды выбірае не сам.
Ну як з такім прозвішчам было жыць без Бога ў душы? Як было выжыць без яго наогул? Калі з эстонскай Валгі сям`ю выслалі ў Сібір, Казіміру было толькі тры гады. Але маці давала яму прыклад веры, навучыўшы сына хрысціцца ў цяжкія хвіліны. Яна навучыла шукаць вытокі моцы ў веры. І ён верыў. Паверыў і таму поклічу, які адчуў аднойчы ў Пінску падчас малітвы. Магчыма, гэта быў лёс: у Пінску Казімір Свёнтак потым будзе вучыцца ў духоўнай семінарыі і стане святаром, атрымаўшы накіраванне ў Пружаны.
Быць святаром на той час азначала быць не зусім савецкім чалавекам. Гэта значыць — быць ворагам. Далей працавала логіка звычайных рэпрэсій таго часу: пераслед, абвінавачванні ў здрадзе, шпіёнстве, прысуд да расстрэлу... Вайна яго адсунула. Пасля вайны зноў пераслед. Канцлагеры — у Сібіры, каля Варкуты... Выхад на волю пасля смерці Сталіна. Першая малітва на свабодзе. Адліга — і зноў пераслед... Але супраць усяго мацнейшай была малітва, вера ў тое, што несправядлівасць і нечалавечнасць неўзабаве абрынецца і тады чалавека трэба будзе падтрымаць, даць яму арыенцір, у якім кірунку рушыць і дзеля чаго варта жыць на гэтым свеце.
Фактычна тройчы ў жыцці ён мог адмовіцца ад сваёй веры, спадзеючыся ўратаваць жыццё. Але, магчыма, яго ўратавала якраз непахіснасць і падтрымка вышэйшых сіл.
"Мяне ўтрымала і пры жыцці, і пры Богу мая моцная, непахісная вера. Часам здараліся сітуацыі (з людскога пункту погляду) сапраўды безнадзейныя. Хоць бы і тыя два месяцы, праведзеныя ў камеры смерці Брэсцкай турмы. Адтуль кожную ноч а 12-ай гадзіне людзей выводзілі на расстрэл. Я чакаў, калі адчыняцца дзверы ў маю камеру... Але ў душы быў перакананы, што выжыву. Зразумела, калі на тое будзе Божая воля. І нават на допытах, з прыстаўленым да скроні пісталетам, я не губляў надзеі... Не губляў надзеі таксама і ў перасыльным лагеры ў Оршы, дзе сярод вязняў панавала крывавая дызентэрыя... Лежачы на бетоннай падлозе, напаўпрытомны, я не пераставаў маліцца. Звяртаўся ў думках да Маці Божай і да Яе Сына і верыў, што Яны не пакінуць мяне, не дадуць прапасці...", — распавядаў у інтэрв`ю часопісу "Наша вера" сам кардынал Казімір Свёнтак.
Пінск стаў яго горадам. Калі ў Пружанах не было дзе служыць, то горад прыняў святара Свёнтка, які пакрысе — у тым ліку і ўласнымі рукамі — адбудаваў пінскую катэдру. Фактычна з яго пачаўся рух адбудовы і адраджэння Касцёла ў Беларусі. Невыпадкова яго ўзначаліў той, хто адчуў на сабе сапраўдныя ганенні на вернікаў, вёў змаганне за чалавечыя душы і паказаў прыклад святарскага служэння ўсім тым, хто прыйдзе потым. А яшчэ ён сам быў прыкладам хрысціянскага шляху: Бог дае чалавеку пакуты, якія можна вытрымаць. Падчас іх наша душа толькі загартоўваецца і становіцца моцнай, здольнай зварочваць горы. Такімі (з вышыні прайшоўшых гадоў) можна лічыць многія справы Казіміра Свёнтка — чалавека і святара, які паказаў, што можна адрадзіць веру ў чалавеку, нават калі яна вынішчалася пакаленнямі.
Дзякуючы яго намаганням была адроджана Мінская архікатэдра, якая стала сімвалам адроджанага Боскага жыцця для католікаў Беларусі. Створана Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі — вышэйшага прадстаўнічага органа лакальнага Касцёла, а Казімір Свёнтак быў абраны яе старшынёю. Пры яго служэнні былі каранаваны тры цудадзейныя абразы Маці Божай — у Брэсце, Лагішыне і ў Будславе. Яго прыклад і імпэт натхняў на аднаўленне храмаў і пабудову новых.
"Сведка веры" — адна з узнагародаў кардынала Казіміра Свёнтка, якую ўручыў яму Ян Павел ІІ. Усім сваім зямным шляхам гэты чалавек сведчыў пра тое, што толькі з верай чалавек можа мець доўгае жыццё і несці дабро іншым.
Казімір Свёнтак адышоў ад кіруючых спраў у Касцёле ў 2006-м годзе, застаючыся пры гэтым святаром, першым кардыналам сучаснай Беларусі. З вясны гэтага ён хварэў, 21 ліпеня зямное жыццё вялікага чалавека скончылася. 23 ліпеня пройдзе развітанне з Казімірам Свёнткам у Мінску, але ў апошні шлях 25 ліпеня яго праводзіць Пінск.
Чалавек, які насіў Бога ў сэрцы, зрабіў шмат дзеля таго, каб змяніць Беларусь...
Звязда, 22 ліпеня 2011