https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Беларускую мову адстаялі ...хоць бы ў адказах на звароты


Нам — людзям, якія выбіраюць беларускую мову ў банкаматах ды і паўсюль, дзе яе толькі можна выбраць, — прыемна, калі з намі гутараць на адной мове. Вось і прыняты абедзвюма палатамі парламента закон аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб абавязвае адказваць на пісьмовыя беларускамоўныя звароты па-беларуску.
Моўнае пытанне мае даўнюю гісторыю і даўжэзны праблемны шлейф у нашай краіне. Таму і пры абмеркаванні гэтай нормы знайшліся спрачальнікі. Турбаваліся, што рабіць са зваротамі на трасянцы. Даводзілі, што калі звароты можна скіроўваць на адной з дзвюх дзяржаўных моў, дык няхай і адказваць можна будзе на адной з дзвюх — на выбар. Звярнуліся да цябе па-беларуску, а ты па-руску шпар — як умееш! Так атрымліваецца?! Аднак дэпутат Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Яўген Мельнікаў, які курыраваў праект закона, настойваў на тым, каб адказы даваліся на мове звароту. І як усцешна, што ў выніковым тэксце дакумента апынулася менавіта такая фармулёўка. У практыцы самога дэпутата беларускамоўныя звароты былі, і яму не раз даводзілася адказваць па-беларуску. І хоць, паводле яго ўласнага вопыту, зваротаў на беларускай няшмат (каля пяці адсоткаў), трэба ўмець даваць на іх адказ.

 — Не бачу аніякіх цяжкасцяў адказваць на той мове, на якой пастаўленае пытанне.

Эх, усе б так, Яўген Аляксандравіч! А тое ж здараюцца абсурдныя выпадкі, калі ледзь не перакладчыка патрабуюць...

— Большасць чыноўнікаў ведае беларускую мову, — верыць дэпутат. — У гарвыканкамах, я думаю, цяжкасцяў не будзе. Пры аддзелах кадраў на прадпрыемствах напэўна знойдуцца асобы, якія валодаюць беларускай мовай. Ды і ўвогуле па асобных галінах перапіска ідзе выключна па-беларуску. Усё справаводства Міністэрства культуры, напрыклад, вядзецца на беларускай мове. Узнагародныя лісты афармляюцца па-беларуску. Не думаю, што будуць нейкія цяжкасці з адказамі на звароты па-беларуску.

Дажыць бы да той пары, калі  беларуская мова насамрэч зойме трывалыя пазіцыі дзяржаўнай мовы, няхай нават адной з... Калі б справаводства па-беларуску стала не выключэннем, а сапраўды нормай.

Імгненны запыт

Апроч гэтай, лічы, беспрэцэдэнтнай змены, ёсць і шэраг іншых навінак па зваротах. Бадай, самае прагрэсіўнае, а значыць, і спрэчнае для нашага досыць кансерватыўнага чыноўніцтва — электронныя звароты ўраўноўваюцца з папяровымі для дзяржаўных органаў і арганізацый. Прыватнікам жа закон дазваляе самім вызначацца, ці рэагаваць на дасланае па інтэрнэце, і калі рэагаваць, то якім чынам. Чыноўнікаў такая перспектыва не натхніла на працоўныя подзвігі.

— У многіх былі асцярогі, што пачнуцца злоўжыванні, вал рознай інфармацыі пойдзе на электронныя адрасы арганізацый, — прыгадвае Яўген Мельнікаў.

Але, прабачце, у наш час, калі звычайную пошту справядліва называюць слімаковай, а імгненныя электронныя паведамленні сталі гэткай жа данасцю, як размова, адмаўляцца ад такога сродку сувязі і закрываць на яго вочы проста недаравальна. І натуральна, народу так зручней кантактаваць з уладай — сваё пытанне можна задаць, не выходзячы з дому і нават не пакідаючы канапы.

Пасля дыскусій і першапачатковага адхілення ў верхняй палаце парламента, праект закона менавіта ў такім выглядзе ўсё ж быў ухвалены сенатарамі. Цвярозы розум узяў верх, трэба думаць. З моманту ўвядзення закона ў дзеянне электронныя звароты, якія паступяць у дзяржаўныя органы і арганізацыі, будуць падлягаць разгляду ў абавязковым парадку. Адказы таксама будуць давацца ў электронным выглядзе. Зноў жа, прынцып адпаведнасці. Па сутнасці, да іх прад`яўляюцца тыя ж патрабаванні, што да пісьмовых і вусных зваротаў. Ну а як інакш, калі яны гэткія ж звыклыя?!

Рэчавы доказ рассудзіць

Карыстацца дасягненнямі прагрэсу заканадаўцы дазваляюць і падчас прыёму. Любы чыноўнік (паводле рашэння кіраўніка дзяржструктуры), які прымае наведнікаў, мае права весці аўдыё-, відэазапіс, кіна- і фотаздымку. Пра што, праўда, ён абавязаны загадзя папярэдзіць візіцёра. На што разлічвалі заканадаўцы, калі надзялялі дзяржслужбоўцаў такім правам?

— Гэта будзе дысцыплінаваць чыноўнікаў, якія вядуць прыём, і асобных заяўнікаў, якія потым спасылаюцца, што ім далі не тыя адказы.

Каб не было потым спрэчак, хто каго абазваў і куды паслаў: відэазапіс усіх рассудзіць. Рэчавы доказ, як ні круці. Але ў мяне як чалавека, што знаходзіцца па іншы бок стала, натуральна ўзнікае пытанне: а чаму я не магу скарыстацца дыктафонам ці відэакамерай, калі прыходжу на прыём да чыноўніка? Чаму заканадаўцы не надзяляюць такім правам і нас, звычайных грамадзян, а не толькі дзяржслужбоўцаў? І як высветлілася, пытанне ўзнікла не ў адной мяне. Падчас падрыхтоўкі законапраекта выказваліся пажаданні, каб запіс мог весці наведнік. Аднак заканадаўцы на гэта не пайшлі.

— Абраная намі форма найбольш прымальная для арганізацыі парадку і аператыўнага прыёму, — мяркуе дэпутат. — Грамадзянін, які ідзе на прыём, павінен усё ж такі давяраць гэтай арганізацыі, інакш навошта тады звяртацца? І мы лічым, што прапанаваная намі норма абараняе заяўніка.

Яшчэ адным яго аргументам была тая акалічнасць, што нідзе ў свеце падобнай практыкі няма — каб дазвалялі весці запіс наведнікам, а не тым, хто прымае. Спаслаўся ён і на тое, што сітуацыя з запісам не такая ўжо і новая для нас.

— Калі мы купляем білеты ў чыгуначнай касе, нашу размову запісваюць, — нагадвае парламентарый, і цяжка не прызнаць, што жанчыны ў акенцы з тых часоў сталі прыкметна больш ветлівымі і спагадлівымі. — Вось і новай нормай у законе аб зваротах мы таксама пайшлі насустрач грамадзянам.

Насустрач нам ідуць, трэба думаць, і тады, калі патрабуюць ад рэспандэнтаў даваць дакладныя адказы. Заканадаўцы, па сутнасці, павысілі патрабаванні да якасці адказаў. Яны павінны быць абгрунтаванымі і матываванымі, змяшчаць канкрэтныя фармулёўкі. Заношаны штамп "у адпаведнасці з дзейным заканадаўствам", які чыноўнікі ўсіх масцей рассылалі направа і налева, цяпер не спрацуе.

— Калі ў адказе спасылаюцца на заканадаўства, павінны быць прыведзеныя канкрэтныя нарматыўныя акты і артыкулы, — тлумачыць Яўген Мельнікаў.

Папросту наліць "вады" ў нядбайных працаўнікоў цяпер, відаць, не атрымаецца. Заканадаўцы прадугледзелі адказнасць асоб, якія вядуць прыём — калі крытэрыі аб`ектыўнасці і якасці разгляду пытанняў не выконваюцца. Прапісалі таксама і адказнасць людзей, якія звяртаюцца. Так што ўсё ўзаемна. Скажам, калі падчас прыёму даюць заведама хлуслівую інфармацыю пра іншых асоб, іх чакае адміністрацыйная адказнасць. А колькі выпадкаў, калі ў пісьмовых зваротах мацюкаюцца, абражаюць і абвінавачваюць ва ўсіх грахах!.. Заканадаўцы паклапаціліся, каб усё гэта не засталося без адказу (ці без адказнасці, калі быць дакладнымі).

Адвечнай песні канец?

Сацыяльна арыентаваная краіна — спрыяльная глеба для ўзрошчвання адвечных просьбітаў і скаржнікаў. Некаторым канцылярыі дзяржустаноў — бы родны дом, а на прыёмы да службоўцаў яны ходзяць, бы на працу. Заканадаўцы, здаецца, вырашылі пакласці канец гэтай хадзе.

— Паўторныя звароты — вельмі балючае пытанне. На практыцы бывае, калі грамадзяніну даецца вычарпальны адказ, а ён працягвае абабіваць парогі... Дзеля такіх выпадкаў і прапісаная новая норма: заяўнікам, на чые звароты далі вычарпальныя адказы, адмаўляецца ў прыёме, з ім спыняецца перапіска.

Іншая справа, што вычарпальны адказ — катэгорыя ўсё ж адносная. Няцяжка ўявіць сітуацыю, калі чыноўнік упэўнены, што даў вычарпальны адказ, а наведнік настолькі ж перакананы, што не атрымаў яго. І хоць у законе даецца дакладная фармулёўка, што варта лічыць вычарпальным адказам, аднак ад спрэчак гэта наўрад ці пазбавіць. Ці будзе стварацца нейкі апеляцыйны савет па зваротах ці нешта накшталт гэтага, які б рассудзіў, хто правы, а хто вінаваты?

— Калі грамадзянін незадаволены атрыманым адказам, ён можа звярнуцца ў вышэйстаячую арганізацыю, — тлумачыць прадугледжаны парадак заканадаўца. — Калі няма вышэйстаячай арганізацыі, можа звярнуцца ў суд. Той вынесе канчатковы вердыкт.

У нейкай іншай інстанцыі для гэтых мэтаў, на думку парламентарыя, патрэбы няма. Так што незадаволеныя — калі ласка, у суд.

— З боку супрацоўнікаў Вярхоўнага суда былі асцярогі, што іх закідаюць зваротамі, — расказвае дэпутат. — Але сітуацыі, па якіх звяртаюцца да іх, як правіла, маюць насамрэч выпакутаваны характар, і іх трэба разглядаць.

Зваротам грамадзян павінна надавацца асаблівая ўвага, акцэнтуе дэпутат. "Ад гэтага залежыць у цэлым абстаноўка ў краіне". Ну а калектыўным зваротам і пагатоў.

— Практыка паказвае, што калі людзі ідуць на калектыўны зварот, сітуацыя там сапраўды крытычная. Таму ў законе мы прадугледзелі: калі звярнулася 30 і больш чалавек, то іх справа разглядаецца з абавязковым выездам на месца, — адзначае дэпутат.

Па многіх пазіцыях законапраекта ішла жвавая палеміка. Прапановы гучалі часам абсалютна супярэчлівыя.

— Канчатковым варыянтам мы задаволеныя, — дзеліцца з намі дэпутат, — мы пастараліся дасягнуць кампрамісу ўсіх груп, якія пажадалі ўзяць удзел у абмеркаванні. Нехта, магчыма, застаўся незадаволены, што на яго леглі дадатковыя нагрузкі. Але я вось што скажу: закон атрымаўся такі, які патрэбны грамадству, а гэта самае галоўнае.

Ала Мачалава
Звязда, 16 ліпеня 2011
 
Дата публикации:16.07.2011
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:3621
 
Ключевые слова:
Делопроизводство Белорусский язык Законодательство
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме