https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Помнім, нават калі танчым


Ёсць падзеі, якія беларусы ўспамінаюць, калі нават асабіста іх не бачылі. Ёсць у гэтым нешта асабліва нашае, беларускае... Магчыма, нездарма кажуць пра генетычную памяць. Колькі дзесяцігоддзяў пасля вайны, а яна ў нас адна з самых балючых тэм для размоў, і адна з самых адлюстраваных у мастацтве, нават тымі, хто не ваяваў сам.
Не бачылі вайну артысты дзяржаўнага ансамбля "Харошкі", якім прыйдзецца сродкамі танца расказаць пра яе са сцэны ў праграме "Памяць сэрца". Аднак кіраўнік ансамбля народная артыстка Беларусі Валянціна Гаявая заўсёды ведае, што робіць. Пра што. І дзеля чаго. Яна належыць да таго пакалення, для якога тэма вайны даволі балючая. Бо яе можна бачыць не толькі на фронце, але і адчуваць па жыцці, праз страты пасляваеннага дзяцінства. "Памяць сэрца" — гэта і яе памяць. І памяць тых, каму ёсць каго ўспомніць — сваіх родных, якія ваявалі, перажылі, аднаўлялі, стваралі наноў.

22 чэрвеня ў "Белдзяржфілармоніі" праграма "Памяць сэрца" будзе паказана ў дабрачынным канцэрце, прымеркаваным да 70-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Гэта будзе дабрачыннае выступленне для ветэранаў вайны, дзяцей вайны, вязняў канцлагераў і ветэранаў працы, якія змогуць прыйсці па запрашальных білетах (іх зрабілі на 680 месцаў).

— Гэта наша даніна за ўласнае жыццё. Мы прысвячаем праграму людзям, якія не вярнуліся з вайны, — патлумачыў дырэктар ансамбля "Харошкі" Аляксандр Нікіта. — Кожны наш праект па-свойму незвычайны, але гэты сапраўды адпавядае назве "тэатр танца", як пра нас часта гавораць. Таму што не проста ў танцавальнай, але ў тэатралізаванай форме мы пакажам першы дзень перад пачаткам вайны, пакажам людзей, якія апынуліся ў гэтым віры жудасных падзей, вяртанне дадому. У праграме шмат наватарства — ансамблю і яго кіраўніку хацелася адлюстраваць усе падыходы да разумення таго, што ёсць сучасны танец на дадзены прамежак часу. Праект неверагодны па размаху: у ім сышліся майстэрства харэаграфіі, гукавое афармленне, святло, а гэта павінна быць цікава для ўсіх узростаў.

Пачнецца ўсё з вакальна-харэаграфічнай кампазіцыі "Мядуначка". Мір і спакой павінен парушыць эмацыянальны крык — праз баладу "Журавы". Назва нумара "Ішлі салдацікі дадому" гаворыць сама за сябе. А скончыцца ўсё павінна на пазітыўнай ноце — нумарам "Вяселле", які павінен сведчыць пра тое, што жыццё працягваецца.

"Харошкі" больш за 30 гадоў працуюць на ніве беларускага харэаграфічнага мастацтва, паказваючы адметнасць і абаяльнасць Беларусі. У калектыву было шмат рознапланавых праграм — фальклорныя і гістарычныя, зробленыя з адкрытай душой для розных гледачоў, і больш камерныя, разлічаныя на асаблівую публіку. Прычым не толькі ў Беларусі — ансамбль добра вядомы ў свеце, ён жа сваім майстэрствам ствараў імідж краіны за межамі — на самых розных кантынентах. Але "Памяць сэрца" — праграма, адметная тым, што стваралася не на "экспарт", а для самой Беларусі і важная найперш для яе. Валянціна Гаявая, якая была ўшанавана званнем "Жанчына-легенда", адчувае легендарнае. І ведае, як знайсці мастацкі падыход, каб у пэўны момант закрануць за жывое.

Ларыса Цімошык
Звязда, 18 чэрвеня 2011

 
Дата публикации:18.06.2011
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:4593
 
Ключевые слова:
Хорошки Великая Отечественная война Память сердца Танцевальные коллективы Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме