Праверку акалічнасцяў смерці журналіста праводзіць пракуратура Мінскай вобласці. Тэрмін праверкі працягваўся двойчы, у чарговы раз ён заканчваецца 3 снежня.
Цела Алега Бябеніна, заснавальніка і кіраўніка папулярнага сайта www.charter97.org, было знойдзенае павешаным у пятлі 3 верасня ў яго загарадным доме ў вёсцы Пярхурава Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці.
Да праверкі акалічнасцяў смерці журналіста прыцягваліся эксперты АБСЕ. У падрыхтаваным імі заключэнні сказана: вынікі ўскрыцця і рэчавыя доказы, сабраныя на месцы здарэння, "ясна сведчаць, што прычынай смерці стала самазабойства праз павешанне". "Ацэнка і аналіз экспертаў такія, каб на падставе доказаў і даступнай для іх інфармацыі яны прыйшлі да высновы, што няма прычын думаць, што Бябеніна павесілі пасля смерці", — гаворыцца ў паведамленні АБСЕ.
Многія калегі і сябры Бябеніна, у тым ліку кандыдат у прэзідэнты Беларусі, лідар кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Андрэй Саннікаў, у чыю каманду ўваходзіў Бябенін, з версіяй самазабойства не згодныя.
Чакаць аб`ектыўнага расследавання гібелі журналіста Алега Бябеніна пры ўладзе Аляксандра Лукашэнкі бессэнсоўна, заявіў Саннікаў, каментуючы БелаПАН планы пракуратуры.
"Беларускія ўлады смерць Бябеніна ператварылі ў палітычную гульню з Еўропай. Экспертаў АБСЕ, якія прыязджалі для ацэнкі расследавання, яны проста выкарысталі. І ні следства, ні эксперты АБСЕ не развеялі нашых сумненняў у тым, што Бябенін быў забіты, а не скончыў жыццё самагубствам. Наадварот, яны толькі ўзмацнілі нашы падазрэнні", — заявіў Саннікаў.
Вячаслаў Будкевіч, Сяргей Пульша, БелаПАН
Мінск, 1 снежня 2010