У прыватнасці, па колькасці легкавікоў на тысячу насельніцтва мы амаль у 1,1 раза апярэджваем Расію, у 1,7 раза — Украіну, у 2,3 раза — Малдову, у 2,8 раза — Азербайджан і практычна ў чатыры разы — Кыргызстан.
Трэція — і без карысных выкапняў
Як паказваюць шматлікія даследаванні, асноўнымі крыніцамі даходаў беларусаў традыцыйна застаюцца зарплаты і пенсіі. Між тым, статыстыка сведчыць, што за апошнія 15 гадоў рэальная, з улікам змянення цэн на тавары і паслугі, зарплата ў нашай краіне ўзрасла ў 4,9 раза. Тут мы апярэдзілі Казахстан, Украіну і Расію — у 3,1, 2,7 і 2,5 раза адпаведна.
Не менш цікавае параўнанне — доларавы эквівалент сярэдніх заробкаў. У ліпені гэтага года "сярэднестатыстычны" работнік у Таджыкістане атрымліваў 79, Кыргызстане — 157, Малдове — 234, Украіне — 300, Арменіі — 307, Азербайджане — 409, Беларусі — 427 долараў. І, да слова, чакаецца, што да канца года ўзровень сярэдніх заробкаў у нашай краіне перавысіць адзнаку ў паўтысячы "ўмоўных адзінак". Большымі заробкі ў доларавым эквіваленце ў ліпені былі толькі ў Казахстане (558) і Расіі (695). Зрэшты, апошняму існуе і даволі аб`ектыўнае тлумачэнне — традыцыйна высокі ўзровень аплаты працы ў здабыўных галінах.
Што ж да ўзроўню пенсійнага забеспячэння, то тут сярод краін СНД мы — другія. Сярэдняя пенсія ў Расіі складае 204, у Беларусі — 176, Азербайджане, Казахстане і Украіне — 125 "умоўных адзінак". Можна таксама заўважыць, што напрыканцы 1995 года сярэднестатыстычны беларускі пенсіянер атрымліваў толькі 34 долары ў месяц. І з таго ж часу рэальны, з улікам змянення цэн на тавары і паслугі, "змест" пенсій павялічыўся ў 5,2 раза.
Да "скандынаўскага" стандарту
Паступовае павышэнне заробкаў і пенсій адбілася на росце грашовых даходаў у цэлым. Статыстыка зноў жа сведчыць: летась рэальныя даходы беларусаў павялічыліся ў 2,8 раза ў параўнанні з 2000-м, у 1,5 раза — у параўнанні з 2005-м і на 2,7 працэнта — у параўнанні з 2008 годам.
Адзін з галоўных вынікаў росту даходаў — зніжэнне ўзроўню малазабяспечанасці. Калі ў 2000 годзе за "рысай беднасці" фактычна знаходзіліся 42 працэнты беларусаў, то ў 2005 годзе — каля 13 працэнтаў, пазалетась — 6,1 працэнта, а летась — 5,4 працэнта. Да слова, гэты паказчык аказаўся па-сапраўднаму нізкім. Напрыклад, у 2008 годзе бедным лічылася 26,4 працэнта насельніцтва Малдовы, 25,6 працэнта жыхароў Латвіі, 20 працэнтаў — Літвы, 19,5 працэнта — Эстоніі, 18,1 працэнта — Украіны, 16,9 працэнта — Польшчы, 13,4 працэнта — Расіі, 12,1 працэнта — Казахстана.
І таксама адметны момант. Паводле статыстыкі, у Беларусі не адбылося значнага расслаення насельніцтва. На працягу апошніх гадоў узровень даходаў паміж 10 працэнтамі найбольш і найменш забяспечаных грамадзян нашай краіны складае 5,6-5,9 раза. Падобны малюнак у СНД назіраецца толькі ў Казахстане і ва Украіне, а ў Еўропе — у традыцыйна "сацыяльна арыентаваных" Нарвегіі і Швецыі. Для параўнання: па ўзроўні даходаў багатыя апярэджваюць бедных у Польшчы і Францыі ў 9, у Эстоніі, Латвіі і Літве — больш чым у 10, у Малдове — у 12, у ЗША — у 16, а ў Расіі — у 16,7 раза.
Больш садавіны, агародніны і рыбы
Лічбы — рэч даволі ўмоўная, і параўнальнае супастаўленне засведчыла даволі цікавы факт. На сярэднюю зарплату ў Беларусі ў 2009 годзе (тады ў нашай краіне яна адпавядала прыкладна 350 "умоўным адзінкам") можна было набыць такую ж колькасць тавараў і паслуг, як на 865 долараў у ЗША. Таму асобная тэма — пакупніцкая здольнасць. Статыстыка канстатуе: у нашай краіне адбываецца яе рост. Так, калі ў 2000 годзе на свой сярэдні даход беларус мог набыць 36 кілаграмаў ялавічыны, то летась — 64, свініны — адпаведна 27 і 70 кілаграмаў, мяса птушкі — 31 і 86, масла — 25 і 55, макароны — 104 і 223, цукру — 107 і 332.
Як адзначае статыстыка, па спажыванні мяса і малака мы знаходзімся на адных з першых месцаў у СНД. Аднак сама структура харчавання пакрысе змяняецца. У рацыёне беларусаў становіцца больш карысных прадуктаў. Так, з 2000 года ў разліку на аднаго чалавека спажыванне рыбы ўзрасло з 9,5 да 15,2, агародніны — з 93 да 146, садавіны — з 25 да 60 кілаграмаў.
Не сакрэт: больш рацыянальнае харчаванне заўсёды становіцца своеасаблівым люстэркам росту даходаў. Як і, дарэчы, яшчэ адна акалічнасць — павелічэнне выдаткаў на нехарчовыя тавары і паслугі. З 2005 па 2009 год колькасць хатніх гаспадарак, якія маюць уласны камп`ютар, узрасла больш чым утрая, у 2,4 раза павялічылася колькасць мабільных тэлефонаў і ў 1,4 раза — колькасць легкавых аўтамабіляў. Да слова, у пачатку гэтага года ва ўласнасці грамадзян нашай краіны знаходзілася 2,3 мільёна легкавікоў — па 242 аўтамабілі ў разліку на 1000 жыхароў. Прычым тут мы былі бясспрэчнымі лідарамі сярод краін СНД.
Сяргей Грыб, Звязда
21 кастрычніка 2010