https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Без культуры няма нацыі


Пра нацыянальную самасвядомасць, праблемы культуры, творчыя саюзы і наступную пяцігодку разважае дэпутат парламента Рэспублікі Беларусь Генадзь Давыдзька.

Калі гаворым пра планы на чарговую пяцігодку, заўжды згадваем ВУП, аб`ёмы прадукцыі, інвестыцыі ў асноўны капітал і абавязкова тэмпы іх росту. Карацей, усё пра матэрыяльнае ды пра матэрыяльнае. У пагоні за ўсімі адсоткамі і стаўкамі ці не губляем мы з вачэй таго, што найдаражэй за ўсё — маральнасці, духоўнасці, душэўнасці, у рэшце рэшт? Ці працуем над тым, каб у імкненні да дабрабыту не ператварыцца ў хціўцаў? А дамогшыся салодкага жыцця, не страціць саміх сябе? Гэтаксама і ў торгу за інтарэсы краіны: важна не прадаць галоўнае багацце — нацыянальную самасвядомасць. Пра гэта варта гаварыць і на ўсенародным вечы, калі народ можа пагутарыць з уладай без пасрэднікаў. Пра гэта і наша размова з карыфеем тэатра, кіно і тэлебачання, а заадно і дэпутатам парламента Генадзем Давыдзькам. Ён накіроўвае позірк калег да творчых саюзаў.

ГД: — Дзяржава павінна ісці насустрач творчым саюзам, гэта адназначна, паколькі аснова любой дзяржавы — нацыянальная культура. Калі няма культуры — няма нацыі. Таму значэнне культуры вялікае ў кожнай краіне, пра гэта і казаць няма чаго. Роля творчых саюзаў як часткі грамадзянскай супольнасці павінна ўзрастаць. У першую чаргу за кошт ініцыятывы творчых саюзаў, у прыватнасці, Беларускай канфедэрацыі творчых саюзаў, якую мне выпаў лёс узначальваць.

З яго пазіцыі — творцы і адначасова заканадаўцы — лепш, чым адкуль-небудзь відаць, як дапамагчы галіне.

ГД: — Рэч у тым, што ў тыя незразумелыя часы васьмі-дзевяцігадовай даўніны, калі знешнія сілы спрабавалі праз грамадскія арганізацыі ўмешвацца ў палітычную сітуацыю ў нашай краіне, быў зроблены шэраг жорсткіх перасцерагальных захадаў. Так атрымалася, што ў пэўнай ступені пад іх падпалі і творчыя саюзы. І сёння аб`яднанні, скажам, мастакоў і кінематаграфістаў падпарадкоўваюцца тым жа правілам, што і грамадскія арганізацыі калекцыянераў матылькоў ці паляўнічых. Я не супраць такіх аб`яднанняў, на здароўе, але ж гэта не галоўны дзяржаўны кірунак. Эліта, тое, чым ганарыцца кожная краіна, — спорт, навука, культура. І творчыя саюзы павінны заключаць асаблівае пагадненне з дзяржавай.

Самы галоўны вынік узняцця падобных праблем на такім прадстаўнічым форуме дэлегат бачыць у тым, каб кіраўнікі саміх творчых саюзаў страпянуліся. Бо "пры наяўнасці ініцыятывы, — і не проста просьбаў, скажам, пра змяншэнне арэнды, — дзяржава ўсё зробіць, у тым ліку і падатковымі прэферэнцыямі дапаможа". У рэжысёра, акцёра і тэлевядучага свае прапановы ўжо ёсць:

ГД: — Трэба спрасціць заканадаўства (якое рэгулюе дзейнасць творчых саюзаў. — Аўт.). Бо сёння, калі мы хочам ладзіць канцэрты, нам трэба рэгістраваць УП, што пазбаўлена ўсялякай логікі. Варта стварыць у Мінску Дом творчых саюзаў ці Дом працаўнікоў мастацтва — непрынцыпова, як яго назваць — хацелася б такое месца, дзе былі б: невялікая канцэртная зала, каб можна было праводзіць творчыя вечары; адміністрацыйныя памяшканні для юрыдычных службаў, бухгалтэрыі, кансультантаў; кавярня, дзе проста маглі б разам кавы папіць. Каб забурліла творчае жыццё Беларусі. А то ўсе сядзяць па сваіх майстэрнях, грамадства і так раз`яднанае, трэба яго кансалідаваць, а творчых людзей — найперш.

У праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2011—2015 гады, на думку суразмоўцы, культуры нададзеная дастатковая ўвага.

ГД: — Галоўнае цяпер напоўніць праграму руплівай працай. У нас малады энергічны міністр, ён выказвае цікавыя, добрыя, слушныя ідэі. Пры гэтым уважліва слухае маладых і вельмі сталых, вопытных дзеячаў. Выразна выказваецца пра менеджмент культуры, пра неабходнасць стварэння школы прадзюсіравання ў краіне. Пытанні вельмі і вельмі актуальныя.

Надзённых праблем у сферы культуры хапае.

ГД: — Часам нарошчванне заданняў па платных паслугах, гэты нястрымны рост працэнтаў, пазбаўлены сэнсу. У выніку пачынаюць аказваць паслугі на шкоду самой культуры. Зарабляць на культуры — усё роўна як зарабляць на прыгажосці сваёй дачкі. Нібыта чым даражэй прадасі, тым лепшая ў цябе дачка. Трывожыць таксама адукацыя ў сферы культуры. Асабліва ў школе. На ўзровень факультатываў былі адсунутыя многія прадметы, архіважныя для выхавання чалавечка. Фізіка, геаграфія — гэта ўсё важна і патрэбна, але не на шкоду духоўнасці. А сёння складваецца такое ўражанне, што фізікі неяк выцеснілі лірыкаў! Выклікае пытанні і якасць навучання ў вышэйшай школе. Не хапае тых акцёраў, рэжысёраў, сцэнарыстаў, якія б узрушвалі нас — даўнютка не было такіх выпускнікоў. З гэтым трэба разбірацца. Што адбываецца з эстрадай? У нас ёсць літаральна тры-чатыры калектывы, якія можна пазіцыянаваць на знешні рынак. Астатняе... Мы разумеем, што гэта добрыя артысты, але для 1970-1980-х гадоў. Сёння яны выглядаюць архаічна, мы ўсведамляем, што гэта не сучасны фармат. Музыкі з класічнай адукацыяй імкнуцца з`ехаць у іншыя краіны свету...

З: — На рэстаўрацыю славутых беларускіх тэатраў грошай сёння не шкадуюць, каб падтрымаць культуру матэрыяльна, робіцца шмат. Ці дастаткова?

ГД: — Фінансаванне нармальнае. Вось як расходуюцца сродкі — туды, не туды, — гэта ўжо іншае пытанне. Аднак дзяржава фінансуе культуру ўжо не па рэшткавым прынцыпе, крыўдзіцца супрацоўнікам культуры сёння не варта, — мяркуе спадар Давыдзька. — Існуюць спецыяльныя фонды. Вырашаюцца пытанні матэрыяльнай падтрымкі на месцах.

Можа, варта папрацаваць над нематэрыяльнай часткай...

ГД: — Папрацаваць трэба разам і вельмі сур`ёзна. У культуры галоўнае не будынак. Можна пабудаваць храм, а веры ў ім не будзе. Важна, каб людзі ад самага нізу да самага верху ўсвядомілі, зразумелі, што быць культурным, валодаць навыкамі культурнага чалавека, — жыццёва неабходна. Гэтае ўсведамленне бярэ пачатак у выхаванні, у сям`і, жывіцца атмасферай у грамадстве, агульным узроўнем культуры. На жаль, ён падае. І гэтаму "дапамагае" меркантылізацыя адносін. Відаць, сёння, калі запытацца ў чалавека, чаму ён аддасць перавагу — рублю ці добрым адносінам, многія адкажуць "рублю"... А прымаўка "Не май 100 рублёў, а май 100 сяброў", моладзі, відаць, наогул незразумелая. Яны скажуць: калі будзе 100 рублёў, будзе і 100 сяброў. Вось што сумна. Паняцці сяброўства, любові сціраюцца, губляюць сваю каштоўнасць. бескарыслівыя адносіны становяцца нечым неверагодным. Такое "падзенне" нораваў робіцца натуральным. Шмат хто сёння цэніць найперш свае кватэрныя інтарэсы нейкія: каб цёпла, суха ды сыта было. А што адбываецца ў дзяржаве, ім не так цікава...

Наступная пяцігодка, паводле адчуванняў дэлегата, будзе напружаная.

ГД: — Назбіралася вельмі шмат інфармацыі — наогул у свеце, у Еўропе. Мы ўваходзім у новы этап з няпростымі адносінамі з нашымі суседзямі. Я не кажу дрэннымі, сапсаванымі... Я кажу няпростымі. Яны сталі больш шчырымі, адкрытымі, яны выйшлі на прагматычны ўзровень. Усім навакольным краінам не трэба, каб у нас былі дабрабыт і гармонія. Пляваць ім на гэта ўсё. Ім неабходна, каб мы ім прадавалі тое, што ім трэба, — нашто ім наша культура. І варта, каб беларусы разумелі, што ўсе патрабаванні звонку скіраваныя выключна на ўласныя інтарэсы, а не на паспяховасць і дабрабыт у Беларусі. І ў наступнай пяцігодцы нам трэба будзе зразумець, што мы самі гаспадары свайго шчасця. Не варта спадзявацца на суседзяў. Трэба разумець: як мы будзем працаваць, так і будзем жыць. Разуменне сябе як удзельніка грамадства, дзяржавы, развіццё ўласнай палітычнай культуры павінна за гэтае пяцігоддзе прэваляваць. І не толькі палітычнай — культуры наогул. Увогуле, слова "культура" мне здаецца асноўным у чалавечых стасунках.

На нашу просьбу прадказаць, якой будзе Беларусь праз пяць гадоў, суразмоўца аджартаваўся, што ён не Герберт Уэлс (аўтар вядомых навукова-фантастычных твораў, напрыклад, рамана "Машына часу". — Аўт.). Але памарыць разам з намі не адмовіўся:

ГД: — Мне ўяўляюцца поўнасцю адкрытая мяжа для беларусаў з ЕС, шыкоўныя гарады, утульныя, добраўпарадкаваныя аграгарадкі, вялікая колькасць фермерскіх падворкаў. Імкліва развіваецца турызм і спорт, а сама Беларусь — транзітная краіна, і патэнцыял гэты цалкам выкарыстоўваецца. Такая вось утапічная мара.

Зоя Варанцова
Звязда
7 снежня 2010

 
Дата публикации:07.12.2010
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:4276
 
Ключевые слова:
Творческие союзы в Беларуси Белорусские театры
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме