https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


На некамерцыйны восьмы фестываль дакументальнага кіно краін СНД «Еўразія.DOC» было пададзена 324 заяўкі


Аб гэтым паведаміў старшыня праўлення ГА «Беларускі саюз журналістаў», выканаўчы дырэктар фестывалю Андрэй Крывашэеў на прэс-канферэнцыі, прымеркаванай да фестывалю.
«Усяго на фестываль былі пададзены 324 заяўкі з 16 дзяржаў. У кароткую праграму ўвайшлі 32 фільмы з 10 дзяржаў. Адзін з іх дэманструецца па-за конкурснай праграмай. Тры дні фестываль ужо актыўна адпрацаваў у Смаленску, дзе адбылося адкрыццё, шэраг круглых сталоў, прэзентацыі новых мультымедыйных праектаў і адкрытыя паказы дакументальных фільмаў, якія выклікалі жывы водгук у смаленскай аўдыторыі», — расказаў Андрэй Крывашэеў.

«Акрамя таго, прайшоў маладзёжны конкурс кароткаметражных дакументальных фільмаў „Еўразія.DOC: 4 мінуты“. Адабраны тры фіналісты, месцы паміж якімі мы размяркуем з маладзёжным журы тут, у Мінску», — дадаў ён.

Сярод хвалюючых тэм ён вылучыў тэму бяспекі, у тым ліку ў інтэрнэце, тэму чалавека ў гэтым свеце і малой радзімы. Многія фільмы расказваюць аб людзях, якія дзякуючы свайму ўнутранаму росту робяць жыццё вакол сябе значна больш камфортным і адкрытым для іншых людзей.

Дырэктар фестывалю Валерый Шахаўцоў адзначыў, што сёння таксама пройдзе круглы стол «Гарызонты новага свету. Стваральныя прынцыпы новага светаўладкавання» ў Доме Масквы, а заўтра — «Памятныя даты Вялікай Айчыннай вайны. 80 гадоў вызвалення Беларусі» ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

«324 заяўкі — гэта новы рэкорд. У мінулым годзе іх было 250. Гэта дае магчымасць нам спрэсаваць большую колькасць фільмаў да кароткай праграмы. На думку ўсіх, хто бачыў конкурсныя работы, наш фестываль зрабіў яшчэ адзін крок і якасць фільмаў вырасла, а склад аўтараў памаладзеў. Нечакана, што да нас прыязджаюць маладыя дзяўчаты, студэнткі, якія здымаюць вельмі сур’ёзныя, цікавыя, якасныя фільмы», — дадаў Валерый Шахаўцоў.

Паводле яго слоў, пашыраецца геаграфія фестывалю. У гэтым годзе прысутнічаюць калегі з Ірана і Кітая. Прадстаўнікі Ірана нават правялі сустрэчу са смаленскімі студэнтамі. «Мы адчуваем, што жывы інтарэс расце з году ў год. Такое адчуванне, што ў нас ужо сфарміравалася свая аўдыторыя, і мы вельмі гэтаму рады», — падкрэсліў дырэктар фестывалю.

Дакладную праграму фільмаў можна знайсці на сайце «Еўразія.DOC». Паказы будуць праходзіць у кінатэатры «Беларусь» бясплатна. Уваход на ўсе мерапрыемствы фестывалю свабодны.

Звязда, 3 кастрычіка 2024
 
Дата публикации:03.10.2024
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:104
 
Ключевые слова:
Фэст культуры Документальное кино
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме