Якія падзеі адбыліся 6 кастрычніка і чым адзначаны гэты дзень у народным календары, чытайце далей:
Гістарычныя падзеі 6 кастрычніка
1596 год: у Бярэсці часткай праваслаўных епіскапаў абвешчана аб’яднанне Праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай з Каталіцкай царквой пад уладай Папы Рымскага (Берасцейская унія).
1973 год: пачалася Вайна Суднага дня.
Хто нарадзіўся 6 кастрычніка
1876 год: Ян Булгак, беларускі і польскі фотамастак, краязнавец і этнограф.
1908 год: Алесь Мілюць, беларускі паэт.
Таксама сёння нарадзіліся французскі архітэктар Ле Карбюзье і нарвежскі падарожнік і навуковец Тур Хеердал.
6 кастрычніка ў народным календары
У гэты дзень праваслаўныя вернікі шануюць памяць святой пакутніцы Іраіды. Аднойчы Іраіда ішла па ваду і ўбачыла карабель, на якім везлі хрысціянскіх вернікаў – іх збіраліся катаваць. Іраіда добраахвотна далучылася да пакутнікаў і была адна з першых забіта, калі карабель прыплыў з Александрыі ў егіпецкі Антынопаль.
Таксама ў гэты дзень святкуецца зачацце Іаана Прадцечы. Яго маці была праведная Лізавета, сваячка Маці Боскай Марыі, а бацькам – свяшчэннік Захарыя. Калі Захарыя быў у храме, да яго прыйшоў архангел і сказаў, што хутка ў яго народзіцца сын. Захарыя не паверыў і за гэта архангел пакараў яго нематой.
Таксама ў народзе ў гэты дзень адзначалі свята печнікоў. У гонар майстроў пяклі ў печы пірагі і аладкі-налівушкі з бульбай і тварагом.
Печ, як і чырвоны кут, займала цэнтральнае месца ў хатнім жыцці нашых продкаў. З ёй звязана шмат рытуалаў. Напрыклад, гаспадыня перад тым, як засланіць печ, хавала асобна пад попелам некалькі вугельчыкаў, каб потым з іх запаліць новы агонь. Лічылася, што калі гэтыя вугельчыкі патухлі, хутка ў хаце нехта памрэ.
Маладая дзяўчына, як выходзіла замуж, калі ўваходзіла ў хату мужа, у першую чаргу кранала печ – калі яна была цёплая, то і жыццё ў новай хаце ў яе будзе добрае.
Sputnik, 6 кастрычніка 2024