Арыгінальнае дзейства разгорнецца на пляцоўцы каля Гомельскага гарадскога цэнтра інклюзіўнай культуры. З 19.00 да 21.00 на лакацыях гасцям прапануюць пагрузіцца ў атмасферу XIX стагоддзя. Так, у «Гімназіі» можна будзе асвоіць асновы каліграфічнага пісьма, «пазмагацца» у паэтычнай дуэлі ў імправізаванай бібліятэцы. Не абыдзецца і без музіцыравання: арганізатары прапануюць развучыць класічную мелодыю ў асобнай лакацыі. А з 21.00 да 22.00 усіх гасцей свята чакае ўрачысты баль у суправаджэнні аркестра.
Атмасферныя здымкі на памяць можна будзе зрабіць у фотазонах з карэтай і фотастудыі ў стылістыцы XIX стагоддзя.
Паскевіч Ірына Іванаўна — нявестка генерал-фельдмаршала І.Ф.Паскевіча, апошняя ўладальніца Гомельскага маёнтка. Муж і жонка Паскевічы шмат зрабілі для эканамічнага развіцця Гомеля і маёнтка. Дабрачыннай дзейнасцю яны пакінулі пра сябе добрую памяць. У ліку іх добрых спраў — утрыманне жаночага вучылішча і прытулку для дзяўчынак, будаўніцтва начлежнага прытулку, чатырох народных вучылішчаў, бальніцы і гарадскога вадаправода.
У знак падзякі і ўдзячнасці імем княгіні названа адна з вуліц у цэнтральнай частцы Гомеля — вул. Ірынінская. Тут ўстаноўлена скульптура ў гонар княгіні.
Звязда, 18 жніўня 2023