Сёння ў Расіі адзначаюць Дзень дзяржаўнага сцяга. Якія яшчэ падзеі адбыліся 22 жніўня і чым адзначаны гэты дзень у народным календары, чытайце далей:
Гістарычныя падзеі 22 жніўня
У 1864 годзе была падпісана 1-я Жэнеўская канвенцыя і створана таварыства Чырвонага крыжа.
У 1991 годзе пасля правалу спробы дзяржаўнага перавароту ў СССР прэзідэнт краіны Міхаіл Гарбачоў, часова адхілены ад улады, вярнуўся ў Маскву, а змоўшчыкі былі арыштаваны.
Хто нарадзіўся 22 жніўня
1861 год: Ігнат Буйніцкі, беларускі акцёр, рэжысёр, тэатральны дзеяч, стваральнік нацыянальнага прафесійнага тэатра.
1898 год: Генрык Лаўмянскі, польскі гісторык, даследчык ВКЛ.
1907 год: Андрэй Кіжаватаў, удзельнік абароны Брэсцкай крэпасці, Герой Савецкага Саюза.
Таксама ў гэты дзень нарадзіліся французскі кампазітар Клод Дэбюсі, амерыканскі пісьменнік-фантаст Рэй Брэдберы і савецкі пісьменнік-казачнік Сяргей Казлоў, найбольш вядомы як стваральнік казкі "Ёжик в тумане".
22 жніўня ў народным календары
Сёння вернікі моляцца апосталу і евангелісту Матфею. У народзе яго таксама называлі Мацвей або Мацей Непагодлівы. З гэтага часу цёплыя летнія дажджы з навальніцамі змяняюцца восеньскімі, працяглымі і халоднымі. "Летні дождж з восеньскім спрачацца пачынае", - казалі ў народзе.
Лічылася, што большая частка палявых прац да гэтага дня ўжо была скончана, таму казалі: "Пасля Мацея мужык на полі не пацее".
Лішкі сабранага ўраджаю збожжа і садавіны рыхтавалі да продажу – хутка ўжо восень, а з ёю і кірмашы.
Sputnik, 22 жніўня 2023