Падставай для звароту да тэмы паслужылі якія частыя выпадкі падыходу касалапых драпежнікаў да жылля. Нядаўна амбіцыйны мішка быў заўважаны на шляху ў Мінск, пасля чаго карыстальнікі сацсетак пачалі жартаваць – ці дойдуць мядзведзі да Зыбіцкай.
Прымаць рашэнне па новым выданні Чырвонай кнігі будзе Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя на аснове звестак Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Галоўнай інтрыгай новага выдання Чырвонай кнігі Беларусі – 2025 можа стаць буры мядзведзь, на выключэнні якога настойвае Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў.
Пазіцыя Мінпрыроды
У Мінпрыроды адзначылі, што пазіцыя ведамства адносна выключэння з Чырвонай кнігі бурага мядзведзя агучвалася неаднаразова і не памянялася.
"Пакуль што папуляцыя мядзведзяў не з’яўляецца ўстойлівай, і таму мы і гаворым, што заўчасна выключаць гэты від з Чырвонай кнігі", - адзначылі ў ведамстве.
Там падкрэслілі, што такая ж пазіцыя і ў дачыненні да рысі і барсука, якіх БТПР прапануе выключыць з новай рэдакцыі Чырвонай кнігі.
У Мінпрыроды асабліва адзначылі, што ў пытанні аб выключэнні жывёлы з Чырвонай кнігі трэба кіравацца наступным прынцыпам: колькасць асобін у папуляцыі павінна быць устойлівай.
"Пакуль што даныя вучоных з Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі гавораць аб тым, што колькасць папуляцыі бурага мядзведзя ў краіне недастатковая для таго, каб яго выключылі з Чырвонай кнігі", - падкрэслілі ў Мінпрыроды.
Там адзначылі, што, хоць колькасць мядзведзяў павялічылася, насяляюць яны ў асноўным поўнач краіны, а, напрыклад, у Белавежскай пушчы іх практычна няма.
"(….) толькі ў апошні час было некалькі сігналаў аб тым, што сляды мядзведзя былі заўважаны ў Белавежскай пушчы. Магчыма, мядзведзь, проста мігрыраваў", - сказалі субяседнікі агенцтва.
Навукоўцы напішуць нарысы
Як расказаў навуковы супрацоўнік НПЦ па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Павел Велігураў, сёлета пачалі лічыць і ацэньваць колькасць відаў жывёл, раслін у рамках падрыхтоўкі новага выдання Чырвонай кнігі.
"Паводле існуючага заканадаўства, рашэнне аб уключэнні або выключэнні (відаў жывёл, раслін) прымае Мінпрыроды на аснове даных НАН Беларусі", - сказаў ён.
Субяседнік агенцтва расказаў, што пакуль што вучоныя займаюцца маніторынгам відаў, але ў наступным годзе пачнуць пісаць абгрунтаванні па кожным з іх.
"Цяпер ідзе маніторынг, у наступным, 2024 годзе будзе праводзіцца работа па ўдакладненні спіскаў чырвонакніжных жывёл і пачнём падрыхтоўку нарысаў для новай рэдакцыі Чырвонай кнігі", - сказаў вучоны.
Як лічаць мядзведзяў
Велігураў расказаў, што ўлік бурага мядзведзя ў Беларусі ў апошнія гады праводзіцца шляхам анкетнага апытання па ўсіх паляўнічых гаспадарках.
"Мы рассылаем анкеты, яны (паляўнічыя гаспадаркі) гэтыя анкеты запаўняюць і адсылаюць нам. Ужо пэўныя лічбы па мядзведзю ёсць, але яны неканчатковыя. У Беларусі жыве каля 600-700 мядзведзяў, з іх каля 450 у Віцебскай вобласці, у тым ліку ў Бярэзінскім запаведніку іх каля 90", - распавёў навуковец.
Ён таксама паведаміў, што, паводле звестак маніторынгу, мядзведзі рассяліліся практычна па ўсёй тэрыторыі Беларусі, але на поўначы Віцебскай вобласці іх больш за ўсё.
Ці дойдуць мядзведзі да Зыбіцкай
Адказваючы на пытанне, з чым звязана павелічэнне выпадкаў падыходу мядзведзяў да населеных пунктаў, Павел Велігураў сказаў, што навукоўцы "яшчэ не прыйшлі да адназначнага адказу" наконт гэтага, але гэта можа быць звязана і з павелічэннем іх колькасці.
Навуковец адзначыў, што раней лічылася, што колькасць папуляцыі гэтага драпежніка павялічваецца за кошт міграцыі з тэрыторыі Расіі, а ў абарыгенных беларускіх мядзведзяў ёсць праблемы з размнажэннем.
"Але апошнія гады мы бачым, што рост колькасці папуляцыі ідзе не толькі за кошт міграцыі. Нашы беларускія мядзведзі пачалі інтэнсіўна размнажацца. З чым гэта звязана, мы пакуль што не ведаем", - дадаў ён.
Субяседнік агенцтва падкрэсліў, што навукоўцам яшчэ трэба будзе высветліць прычыны павелічэння абарыгеннай папуляцыі беларускіх мядзведзяў.
Пазіцыя БТПР
У сваю чаргу Беларускае таварыства паляўнічых і рыбалоў настойвае на тым, што бурага мядзведзя, рысь, барсука трэба выключыць з Чырвонай кнігі і дазволіць на іх паляванне.
"Наша пазіцыя па гэтым пытанні не змянілася", - паведаміў старшыня БТПР Ігар Шуневіч. Ён таксама ўдакладніў, што БТПР, як і раней, не запрашаюць узяць удзел у падрыхтоўцы новага выдання Чырвонай кнігі. Шуневіч лічыць гэтую пазіцыю недальнабачнай, але і напрошвацца на ўдзел не будзе.
"Мы (БТПР) хоць і не маем навуковага абгрунтавання, але добра знаёмыя з рэальнай сітуацыяй па відах жывёл. Наша пазіцыя па бурым мядзведзі вядомая, яна не памянялася. І маё глыбокае перакананне, што яго не выключаць з Чырвонай кнігі да таго часу, пакуль не здарыцца першая бяда", - сказаў Шуневіч.
Ён падкрэсліў, што колькасць мядзведзя ў Беларусі ўжо дасягнула небяспечных значэнняў, калі настаў час "прыняць разумнае і ўзважанае рашэнне".
"Гэта звер небяспечны, разумны, падступны і чалавека ўспрымае як аб’ект ежы", - нагадаў Шуневіч.
Ён таксама ўпэўнены, што трэба выключыць з Чырвонай кнігі рысь і барсука, і называе "памылковым рашэнне" ўнесці гэтыя віды жывёл у Чырвоную кнігу некалькі гадоў таму.
Гаворачы аб тым, што трэба дазволіць паляванне на гэтыя віды жывёл, старшыня БТПР адзначыў, што папуляцыя віду, на які дазволена паляванне "становіцца больш інтэлектуальным".
З гісторыі Чырвонай кнігі
Як паведамілі ў Мінпрыроды, у 2025 годзе выйдзе пятае выданне Чырвонай кнігі Беларусі.
Першае выданне Чырвонай кнігі Беларусі выйшла ў 1981 годзе, у яе было ўключана 80 відаў жывёл і 85 відаў раслін. Потым было двухтомнае выданне, абноўленая Чырвоная кніга выйшла ў 1993 годзе. У 2006 годзе Чырвоная кніга ўключала ўжо 189 відаў жывёл і 274 віды раслін, 24 – лішайнікаў і 29 – грыбоў.
У цяперашняе чацвёртае выданне Чырвонай кнігі ўключаны 203 віды дзікіх жывёл, што складае крыху больш за 1 працэнт ад агульнай колькасці відаў дзікіх жывёл, якія жывуць у краіне.
Sputnik, 13 жніўня 2023