Гульні краін СНД пройдуць у Беларусі з 4 па 14 жніўня. Урачыстая цырымонія іх адкрыцця адбудзецца 5 жніўня на «Мінск-Арэне». Да гэтай падзеі ў Брэсце плануюць прымеркаваць свята марожанага. «Яго арганізуюць па даручэнні старшыні Брэсцкага аблвыканкама Юрыя Шулейка. Лакацыяй для свята, хутчэй за ўсё, будзе абраная набярэжная Мухаўца. Плануем усталяваць вялікі экран, на якім будзе ў прамым эфіры транслявацца цырымонія адкрыцця з «Мінск-Арэны», — распавёў Юрый Хоміч.
Акрамя таго, што вытворцы Брэсцкай вобласці прапануюць наведвальнікам фан-зоны пачаставацца рознымі відамі марожанага, будуць арганізаваны забавы. Публіку будуць весяліць вядучыя. Арганізатары спадзяюцца, што планам не перашкодзіць непагодлівае надвор’е.
Брэст падчас гульняў краін СНД прыме спаборніцтвы па двух відах спорту. Для іх прадугледжаны асобныя цырымоніі адкрыцця. «Плануем 5 жніўня правесці цырымонію адкрыцця ў Палацы гульнявых відаў спорту „Вікторыя“, дзе будуць гуляць гандбалісты. Прадугледжана невялікая ўрачыстая праграма, некалькі канцэртных нумароў. Кожнай камандзе ад гасціннай Брэсцкай зямлі ўручым караваі. Пасля гэтага плануем пераехаць у Брэсцкую крэпасць і там з удзельнікамі спаборніцтваў правесці цырымонію ўскладання кветак», — адзначыў начальнік упраўлення спорту і турызму.
Па такім жа прынцыпе 9 жніўня маюць намер арганізаваць цырымонію адкрыцця спаборніцтваў у Палацы водных відаў спорту, дзе за медалі будуць змагацца плыўцы.
Спартыўныя арэны і гасцініцы абласнога цэнтра цалкам гатовыя да прыёму ўдзельнікаў і балельшчыкаў гульняў краін СНД.
Звязда, 30 ліпеня 2023