https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Алесь Карлюкевіч: Роднае слова трымае экзамен перад вечнасцю…


Напярэдадні свята прыгожага пісьменства ў Гарадку на шэраг пытанняў адказаў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч.
— Алесь Мікалаевіч, пра якія навацыі можна гаварыць у дачыненні да сёлетняга Дня беларускага пісьменства?..

— Навацыі — слова сучаснае. Але і яны, зразумела, павінны быць заснаваны на традыцыях. Дзень беларускага пісьменства — сапраўды дзяржаўнае, усенароднае свята ў нашай краіне. Вопыт яго правядзення на працягу многіх дзесяцігоддзяў — гэта сведчанне тых шырокіх намаганняў самых розных інстытутаў улады, шырокай грамадскасці ў справе ўшанавання беларускага слова. І, канешне ж, штогод у розных гарадах краіны ўсталёўваюцца новыя помнікі, памятныя знакі, прыводзяцца ў належны стан бібліятэчныя і адукацыйныя ўстановы, ды і ўвогуле розная інфраструктура вялікіх і малых гарадоў краіны, тых раённых цэнтраў, дзе праводзіцца свята.

А калі весці размову пра сёлетнія навацыі, то відавочна: пабольшала ўвагі да пісьменніцкай супольнасці. Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, аргкамітэт свята спланавалі работу літаратараў такім чынам, што кожная рэгіянальная арганізацыя нашага творчага саюза будзе прадстаўлена на асобнай пляцоўцы. Пісьменнікі ў межах гэтых пляцовак пазнаёмяць гасцей свята са сваімі кнігамі, прагучаць вершы, песні, будзе ісці размова пра творчыя здабыткі. А поруч абласныя бібліятэкі краіны разгорнуць тэматычныя выстаўкі, пакажуць кнігі, якія ў апошнія гады выйшлі на тэму таго ці іншага куточка нашай Радзімы, кнігі, якія напісалі ўраджэнцы той ці іншай старонкі.

І, вядома ж, і на астатніх пляцоўках будзе гаспадарыць кніга, загучаць мастацкія словы. Афіцыйная дэлегацыя Саюза пісьменнікаў Беларусі будзе складаць болей як 100 паэтаў, празаікаў, публіцыстаў, драматургаў, перакладчыкаў. Сваімі творчымі знаходкамі, адкрыццямі падзеляцца яны і на цэнтральнай пляцоўцы свята. Будзе і шмат прэм’ер — у тым ліку і песенных. Першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Алена Стэльмах наўмысна да свята і песню пра Гарадок напісала. Дарэчы, добры прыклад! Чаму б да кожнага свята з пэўным адрасам не ствараць новую песню?! І з часам будзе сапраўдная анталогія такіх музычных і паэтычных твораў. Магчыма, да наступнага Дня беларускага пісьменства мы і конкурс адпаведны абвесцім.

— Часам Дзень беларускага пісьменства называюць літаратурнымі дажынкамі… Ці правільным было б гаварыць пра падсумоўванне творчых здзяйсненняў у пярэдадзень Дня пісьменства?

— Чаму б і не?!. Дарэчы, на Гомельшчыне, дзякуючы руплівасці, напружанай працы старшыні Гомельскага абласнога аддзялення празаіка, публіцыста, проста таленавітага чалавека і вопытнага, выключна ініцыятыўнаага арганізатара літаратурнага працэсу Уладзіміра Гаўрыловіча, якраз і праходзяць «Літаратурныя Дажынкі». Вопыт сваіх калег тым ці іншым чынам бяруць на ўзбраенне і пісьменнікі з іншых рэгіёнаў краіны. Прабачце, што адыходжу ад прамога адказу, але не магу не падкрэсліць, што ва ўсіх аддзяленнях праводзіцца шмат розных святочных рэгіянальных імпрэз — і на Гродзеншчыне, і на Берасцейшчыне, і на Віцебскай зямлі, і на Магілёўшчыне, і на Міншчыне, ды і, зразумела, у самім Мінску. Падсумоўванне творчых здабыткаў, разгляд кніг, выпушчаных на працягу года, размовы, ацэнка зробленага — добрая нагода і планы вызна­чыць, а не тольткі ацэнкі здзейсненаму даваць…

— І калі пра канкрэтыку, то што ў агульны кніжны каравай, у дадатак да зробленага раней, прыўносіце менавіта цяпер?

— Вельмі шмат кніг выдадзена літаральна за апошніх паўгода-год у галіне дзіцячай літаратуры. Гэта звязана і з увагай дзяржаўных выдавецтваў, найперш сістэмы Міністэрства інфармацыі, да дзіцячага кнігавыдання, і з плённай работай секцыі дзіцячай літаратуры, якую ў СПБ узначальвае Алена Стэльмах, і з падтрымкай, якую мы адчуваем з боку бібліятэк Міністэрства культуры, з боку агульнаадукацыйных школ краіны. Назаву хаця б такіх аўтараў, як Генадзь Аўласенка, які знайшоў сябе ў жанры пазнавальных тапанімічных казак, Алену Стэльмах, якая добра адчувае дзіцячую аўдыторыю, прыдумвае даволі прыкметных герояў, Кацярыну Хадасевіч-Лісавую, Вухуцік якой захапіў ужо тысячы юных чытачоў… Дарэчы, па ініцыятыве ганаровага старшыні СПБ, народнага пісьменніка Беларусі Мікалая Чаргінца мы звярнуліся да бібліятэк і Мінкульта, і Міністэрства адукацыі з просьбай прасачыць па 50 ці нават болей пісьменнікаў краіны кнігавыдачы. Цікавая атрымалася статыстыка!.. Мы бачым, што з кнігамі сучасных літаратараў працуюць, што яны запатрабаваны чытачамі розных катэгорый. У найбліжэйшы час па выніках гэтай працы, за якую вельмі і вельмі ўдзячны двум міністэрствам — культуры і адукацыі, правядзём дэталёвы аналіз, агучым, як нам падаецца, цікавыя лічбы. І, канешне ж, зробім высновы.

А калі прадаўжаць тэму здабыткаў у дачыненні да дзіцячай літаратуры, то не магу не назваць Жанну Міус, Уладзіміра Мазго, Міхася Пазнякова, які актыўна працуе ў самых розных жанрах мастацкай літаратуры. Дарэчы, Міхась Паўлавіч — і актыўны, дбайны перакладчык. Хацелася б, каб чытач звярнуў увагу на перакладзеныя ім раманы Мухтара Аўэзава, прысвечаныя класіку казахскага прыгожага пісьменства Абаю. Гэта сапраўды падзея ў развіцці беларуска-казахскіх літаратурных, гуманітарных сувязей!..

Што да мастацкай прозы, то, на мой погляд, знайшоў свайго чытача раман Уладзіміра Гаўрыловіча «Па веры вашай». Летась выйшла яго першая кніга. Часопіс «Полымя» надрукаваў працяг. Мне здаецца, што пісьменнік прадоўжыць сваю работу над гэтым творам, над гэтай тэмай. Адметна, што ў рамане даволі шмат разваг пра сучаснасць, выразная спроба адлюстраваць най­ноўшыя падзеі беларускай рэчаіснасці.

Па-ранейшаму плённа працуюць у паэзіі Анатоль Аўруцін, Алесь Казека, Алесь Бадак, Віктар Шніп, Валянціна Паліканіна, Міхась Башлакоў, Андрэй Цяўлоўскі, Рагнед Малахоўскі, Тамара Краснова-Гусачэнка, Андрэй Скарынкін, Ірына Аўсеп’ян, Алена Басікірская, Расціслаў Бензярук, Мікола Антаноўскі, Таццяна Яцук, Дзмітрый Радзівончык, Таццяна Лейка, Таццяна Дашкевіч, Елізавета Палеес, Змітрок Марозаў, Людміла Кебіч, якая і празаічную кнігу нядаўна выдала… Сучасная беларуская літаратура багатая і на імёны празаікаў — Уладзімір Саламаха, Віктар Праўдзін, Алесь Марціновіч, Анатоль Бензярук, Аляксандр Валковіч, Таццяна Дземідовіч, Уладзімір Мажылоўскі, Анатоль Матвіенка, Анатоль Драздоў, Леанід Крыванос, Ягор Конеў, Сяргей Клімковіч, Аляксандр Сакалоў… Апошнім часам нельга было не заўважыць адразу некалькі кніг Ганны Чыж-Літаш. Яна смела асвойвае раман і аповесць, піша з разлікам на дарослага чытача і падлетка. Раман Ганны Чыж-Літаш «Дары Бога», выдадзены немалым для сённяшняга часу тыражом, хутка знік з паліц кнігарняў, разышоўся з выдавецтва. Мне здаецца, што будуць яго перавыданні.

— Чытач заўважыў, а крытыка?..

— Так, я асабіста памятаю дзве ці нават больш рэцэнзій… Хацелася б, каб пра кнігу загаварылі ў школе. Паверце, яна таго вартая. Для падлеткаў і пра падлеткаў не так шмат у нас і пішуць. У Выдавецкім доме «Звязда» ёсць серыя «Пераходны ўзрост». Шукаем рукапісы пад гэты творчы праект!.. Мяркую, што і іншыя выдавецтвы адгукнуліся б на ініцыятывы ў гэтых тэматычных абсягах.

А што да крытыкі, то ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі яе ўзначаліў Валерый Максімовіч, чалавек і даследчык неабыякавы. Веру, што разам з калегамі ён шмат чаго прыўнясе ў агляданне сучаснага літара­турнага працэсу — і ў газеце «Літаратура і мастацтва», і ў часопісах «Полымя», «Маладосць». Дарэчы, добра было б адрадзіць гадавік крытыкі і літаратуразнаўства «Вобраз». Ён некалі прыцягваў увагу і саміх пісьменнікаў, і тых, хто вывучае мастацкую літаратуру. На старонках такога гадавіка, такога альманаха можна было б ставіць сур’ёзныя дыскусійныя пытанні, разважаць пра тое, куды, у які бок рухаецца літаратура альбо той ці іншы яе від. Іншая справа, што ў дадатак да ініцыятыўнасці Валерыя Максімовіча патрэбна падтрымка ўніверсітэцкага і акадэмічнага літаратуразнаўства. Дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Іван Саверчанка — сапраўдная наша ў гэтым апора. Ды і на ўніверсітэцкіх выкладчыкаў, якія ўваходзяць у наш Саюз, вельмі спадзяёмся — Вольгу Русілку, Аліну Сабуць, Алеся Бараноўскага і іншых даследчыкаў.

На свяце ў Гарадку не абмінуць увагай і арганізатары, і ўдзельнікі кнігі цэлага шэрага публіцыстаў — філакартыста Уладзіміра Ліхадзедава, чый альбом «Ад Віцебска да Полацка» можна будзе набыць у Гарадку, майстроў палітычнай публіцыстыкі Андрэя Мукавозчыка, Сяргея Мусіенкі, Людмілы Гладкай, Андрэя Тура, Рыгора Азаронка… Пра іх ужо неаднойчы гаварылася. Дарэчы, Андрэй Мукавозчык — старшыня секцыі публіцыстыкі Саюза пісьменнікаў… Мы ў СП Беларусі стварылі грамадска-палітычны кансультатыўны савет, які ўзначаліў Мікалай Іванавіч Чаргінец. Якраз на яго пляцоўцы і праводзяцца, і плануюцца розныя экспертныя размовы… Спадзяёмся, што яны падштурхнуць і да нараджэння многіх цікавых кніг.

Асобна я хацеў бы сказаць пра інтэлектуальныя, багатыя на разважанні кнігі вучонага і публіцыста, дзяржаўнага дзеяча Аляксандра Міхайлавіча Радзькова. Ён так лагічна ўвайшоў у пісьменніцкую грамаду, што, здаецца, заўсёды быў працоўнай, знакавай часцінкай нашага творчага калектыву. А кнігі Аляксандра Радзькова пра рэктараў, матэматыкаў і фізікаў — неад’емная частка таго складніка сённяшняга літпрацэсу, які проста нельга абмінуць. Чытанне ўжо пенталогіі ці пяцікніжжа Аляксандра Радзькова — гэта інтэлектуальная праца. Мне здаецца, што наспеў у Саюзе час стварыць пастаянна дзеючы семінар навуковай публіцыстыкі. Якім ён будзе — вырашаць нам усім разам.

Хацелася б звярнуць увагу і на такі кірунак творчай працы, як краязнаўства. Вельмі актыўна, напружана ў гэтай сферы працуюць дзясяткі членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі. А гэта — Ігар Пракаповіч, Анатоль Бензярук, Таццяна Канапацкая, Святлана Кошур… Вось толькі што, літаральна да Дня беларускага пісьменства ў Гарадку, Святлана Андрэеўна Кошур выдала даволі грунтоўны і цікавы зборнік нарысаў пра людзей і мясціны навагрудскага, карэліцкага краю. Мне здаецца, што кніга будзе запатрабаванай у чытача не толькі ў Карэлічах і Навагрудку, але і ва ўсёй краіне.

— Што пажадалі б, Алесь Мікалаевіч, калегам-пісьменнікам у пярэдадзень свята прыгожага пісьменства?

— Новых творчых здзяйсненняў! Уважлівага, разумнага чытача!

Гутарыў Ігнат ПАЎЛАЎ
Звязда, 1 верасня 2023
 
Дата публикации:01.09.2023
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:242
 
Ключевые слова:
Дзень беларускага пісьменства Литература Книгоиздание Гарадок
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме