https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Гранд-фінал рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла» стартуе сёння ў Александрыі


Арганізатарам гранд-фіналу рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла — 2023» выступілі Грамадскае аб’яднанне «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», міністэрствы адукацыі, сельскай гаспадаркі і харчавання, Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт пры падтрымцы ААТ «Белаграпрам».
7-8 ліпеня ў рамках афіцыйнай праграмы свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў») на тэрыторыі Горацкага і Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці адбудуцца асноўныя мерапрыемствы гранд-фіналу рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла — 2023». Яго мэта — павышэнне прэстыжу сельскагаспадарчых прафесій, замацаванне маладых сем’яў у вёсцы і ўмацаванне сямейных традыцый.

За галоўны тытул праекта ў творчых і сельскагаспадарчых выпрабаваннях будуць змагацца шэсць дружных, гаспадарчых, творчых і спартыўных маладых беларускіх сем’яў: Сяргея і Ірыны Шавялёвых (в.Паляцічы, Кобрынскі раён, Брэсцкая вобласць); Мікалая і Аляксандры Кудраўцавых (в.Гарадзец, Шаркаўшчынскі раён, Віцебская вобласць); Ільі і Анаіт Рабкавец (аграгарадок Сырод, Калінкавіцкі раён, Гомельская вобласць); Сяргея і Таццяны Адамовіч (аграгарадок Жыровічы, Слонімскі раён, Гродзенская вобласць); Яўгена і Вольгі Калініных (аграгарадок Арэхаўка, Клічаўскі раён, Магілёўская вобласць); Аляксея і Алены Клім (аграгарадок Сноў, Нясвіжскі раён, Мінская вобласць).

Усе яны — пераможцы раённых і абласных тураў папулярнага сямейнага сельскагаспадарчага праекта . Дарэчы, у бягучым годзе за права абараняць гонар свайго рэгіёна ў рэспубліканскім фінале ў першым, раённым этапе праекта, змагаліся 742 сем’і.

Двухдзённая праграма гранд-фіналу ўключае конкурсныя іспыты «Хлеб — усяму галава» (прэзентацыя каравая на сямейным ручніку і ў нацыянальным касцюме), «Дранікі на калодзе» (адзін з самых відовішчных, вогненных і незвычайных конкурсаў — прыгатаванне любімай нацыянальнай беларускай стравы ў палявых умовах), «Сельскія саленні» (конкурс на самыя смачныя і арыгінальна прадстаўленыя саленні), «Па дровы» (традыцыйны конкурс праекта — распілоўка дроў ручной пілой «Дружба», рубка і складаванне дроў), «Касцы» і «Купальскі вянок».

Тэатралізаваныя замалёўкі аб сямейных традыцыях, захапленнях, любімым сямейным хобі журы і гледачы змогуць ацаніць падчас конкурсу «Сардэчна запрашаем да нас!». Традыцыйна абавязковай умовай сямейнай «візітоўкі» з’яўляецца прадстаўленне беларускага нацыянальнага касцюма з улікам рэгіёну пражывання сям’і .

Пасля заканчэння конкурснай праграмы «Уладары сяла» розных гадоў паўдзельнічаюць у адкрытым дыялогу «Сямейныя каштоўнасці ў сучасным свеце»

Традыцыйна сямейны сельскагаспадарчы праект «Уладар сяла» рэалізуецца ў тры асноўныя этапы: раённы, абласны і фінальны — рэспубліканскі гранд-фінал. А галоўнымі героямі конкурсу штогод становяцца сотні маладых беларускіх сем’яў (муж і жонка ва ўзросце не старэйшыя за 31 год, іх дзеці), якія пражываюць на тэрыторыі сельскай мясцовасці і працуюць у сельскагаспадарчай галіне не менш за тры гады.

Надзея Нікалаева
Звязда, 7 ліпеня 2023
 
Дата публикации:07.07.2023
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:192
 
Ключевые слова:
Конкурс Александрыя збірае сяброў Фэст культуры
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме