На датэрміновае распараджэнне сродкамі сямейнага капіталу пададзена 92 537 заяў. З іх — на такія мэты, як паляпшэнне жыллёвых умоў (74 629), атрыманне медыцынскіх паслуг (10 164), атрыманне адукацыі (7738) і набыццё тавараў для інвалідаў (6).
У Мінпрацы нагадалі, што сямейны капітал прызначаецца шматдзетным сем’ям пры нараджэнні (усынаўленні, удачарэнні) трэцяга або наступнага дзіцяці.
З 1 студзеня 2025 года памер сямейнага капіталу складае 33 275 рублёў. У такім памеры сямейны капітал прызначаецца сем’ям пры нараджэнні (усынаўленні, удачарэнні) трэцяга або наступных дзяцей у перыяд з 1 студзеня да 31 снежня бягучага года.
Дарэчы, у профільным міністэрстве нагадалі аб новых магчымасцях гэтай гарантыі і расказалі, як яшчэ можна выкарыстоўваць сродкі сямейнага капіталу ў нашай краіне.
Самастойна, без накіравання
Датэрмінова выкарыстоўваць сямейны капітал на ўзвядзенне жылля ў шматкватэрных жылых дамах, у тым ліку на пагашэнне крэдытаў (пазык), узятых на гэта ўзвядзенне, змогуць сем’і (грамадзяне), якія будуюцца альбо пабудавалі кватэру самастойна, без накіравання рай-, гарвыканкама.
Умовы сталі мякчэйшымі
Змякчыліся ўмовы па ўліку ва ўласнасці жылля для атрымання права на датэрміновае выкарыстанне сямейнага капіталу для паляпшэння жыллёвых умоў. У агульнай плошчы жылля, якое знаходзіцца ва ўласнасці сям’і, не будуць улічвацца жылыя памяшканні, прызнаныя не адпаведнымі ўстаноўленым для пражывання санітарным і тэхнічным патрабаванням.
Набыццё долі (долей) жылых памяшканняў
Дадзена магчымасць датэрмінова выкарыстоўваць сямейны капітал на набыццё долі (долей) жылых памяшканняў, калі ў сям’і ўжо маюцца ва ўласнасці долі гэтых жылых памяшканняў, замацаваныя за некалькімі членамі сям’і.
На вяртанне крэдыту
Дадзена права датэрміновага выкарыстання сямейнага капіталу на вяртанне крэдыту, атрыманага ў парадку рэфінансавання для пагашэння запазычанасці па раней заключаным крэдытным дагаворы на фінансаванне ўзвядзення, рэканструкцыі, набыцця жылля.
Што для гэтага трэба?
1) стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў;
2) не мець ва ўласнасці жылля, агульная плошча якога 15 кв. м (у горадзе Мінску — 10 кв. м) і больш на аднаго чалавека, і інш.
Гэтыя ўмовы разглядаюцца на дату заключэння першаснага крэдытнага дагавора, атрыманага на ўзвядзенне, рэканструкцыю, набыццё жылля.
Таксама можна аплаціць навучанне не толькі за бягучы і папярэдні навучальныя гады, але і за будучы перыяд.
Акрамя таго, стаў шырэйшым пералік тавараў, якія можна набыць для членаў сям’і з інваліднасцю і парушэннямі зроку.
Звязда, 18 лютага 2025