Гледачы ўбачаць ваенна-гістарычную рэканструкцыю найважнейшай падзеі ў гісторыі краіны — аб’яднання восенню 1939 года зямель Заходняй і Усходняй Беларусі. Таксама гасцям прадставяць эпізоды дэмаркацыі і аховы новай мяжы, наладжвання мірнага жыцця, трагічнага пачатку вайны, самаадданай абароны адной з застаў. Будуць задзейнічаны ваенна-гістарычны клуб «Салдаты перамогі» і баявая тэхніка часоў Вялікай Айчыннай вайны.
Таксама адкрыюцца некалькі інтэрактыўных зон: кожны зможа паспрабаваць свае сілы ў гістарычнай віктарыне, стральбе з пнеўматыкі, зборцы-разборцы зброі, кіданні гранат і іншых майстар-класах. Самых актыўных удзельнікаў узнагародзяць дыпломамі і каштоўнымі прызамі.
У папярэдняй праграме значацца выстава ўзбраенняў, тэхнікі і службовых сабак. Выступяць ансамбль, рота ганаровай варты, аркестр і курсанты пагранічнай службы, у тым ліку прадэманструюць элементы рукапашнага бою. Адбудзецца і пляц-парад роты ганаровай варты, паказальныя выступленні спецыялістаў-кінолагаў. Прагучаць музычныя нумары ў выкананні ансамбля Інстытута пагранічнай службы. Пры спрыяльных умовах надвор’я за дадатковую плату можна пакатацца на танку ПТ-76 або БМП-1, на верталёце Мі-2.
Мерапрыемства пройдзе з 11.00 да 19.00. Каб пазбегнуць затораў, наведвальнікаў просяць прыязджаць за 2-3 гадзіны да пачатку рэканструкцыі і купляць квіткі ў электронным выглядзе.
Пагранічныя войскі выконваюць ганаровы абавязак, ахоўваючы знешнія рубяжы дзяржавы. Свята вядзе сваю гісторыю з часоў існавання СССР — тады дзень пагранічных войскаў адзначаўся 28 мая. Менавіта ў гэты дзень у 1918 годзе дэкрэтам Савета народных камісараў заснавана памежная ахова мяжы РСФСР, створана Галоўнае ўпраўленне памежнай аховы, у якое ў поўным складзе перайшлі афіцэры былога ўпраўлення асобнага корпуса памежнай варты Расіі.
Гонар і годнасць, нязломная воля і самаадданая адданасць абавязку, гатоўнасць да самаахвяравання пагранічнікаў дазволілі абараніць рубяжы і заклалі аснову перамогі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У Беларусі пасля здабыцця незалежнасці захавалі традыцыю адзначаць Дзень пагранічніка 28 траўня як даніну павагі подзвігу савецкіх салдат.
Звязда, 25 траўня 2023