Творчыя работнікі, супрацоўнікі арганізацый культуры Мінска і апарату Міністэрства культуры далучыліся да акцыі «Беларусь памятае. Памятаем кожнага», якая праходзіць у Беларусі напярэдадні Дня Перамогі.
Ускладанне праходзіла ў новым фармаце. Работнікі сферы культуры на чале з міністрам Анатолем Маркевічам чарадой ішлі да мемарыяльнага знаку і ўскладалі да яго вянкі і кветкі. На працягу гэтага дзейства агучваліся імёны герояў Мінскага падполля. Акцыя праходзіла па ініцыятыве студэнтаў і выкладчыкаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.
«9 Мая — свята асаблівае, яно ўвасабляе перамогу над самым вялікім злом — фашызмам. Дзякуючы пакаленню пераможцаў у нас ёсць магчымасць вучыцца, жыць, тварыць, — адзначыў мастацкі кіраўнік Белдзяржфілармоніі заслужаны артыст Беларусі, прафесар Юрый Гільдзюк. — Таму ўсе людзі культуры, у тым ліку музыкі, бяруць удзел у акцыі, прыходзяць да мемарыяльных комплексаў, помнікаў, каб пакланіцца магілам загінулых».
Ён падкрэсліў: «Шмат пакаленняў зменіцца, а свята Дзень Перамогі будзе заўсёды».
Дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Уладзімір Пракапцоў адзначыў, што для кожнага беларуса Дзень Перамогі — святое свята, яго адзначае кожная сям’я. «Я думаю, што ў кожнай сям’і ёсць ветэраны, тыя, хто змагаўся ў партызанскіх атрадах, падполлі. Мой бацька быў на фронце», — сказаў ён.
Прыходзячы да брацкіх пахаванняў і помнікаў, мемарыялаў савецкім воінам, беларусы аддаюць даніну павагі людзям, якія адстаялі незалежнасць Беларусі, усяго Савецкага Саюза, людзям, якія цаной свайго жыцця падарылі цяперашняму пакаленню чыстае неба.
Пасля ўскладання для яго ўдзельнікаў адбылося гісторыка-патрыятычнае прадстаўленне «На гэтай вуліцы гісторыя мая...», прыдуманае і пастаўленае маладымі рэжысёрамі-студэнтамі БДУКМ пад кіраўніцтвам лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва Аляксандра Вавілава. У прадстаўленні прынялі ўдзел народны артыст Беларусі Уладзімір Яскевіч, заслужаныя артысты Беларусі Валерый Анісенка, Ірына Дарафеева, Алёна Ланская, Руслан Чарнецкі, Беларускі дзяржаўны ансамбль «Песняры», арт-група «Беларусы», фіналісты тэлепраектаў «Х-фактар. Беларусь», «Фактор.by», творчая моладзь і іншыя.
Звязда, 7 траўня 2023