У прыватнасці, пройдуць урачыстыя цырымоніі па ўзнагароджванні лепшых работнікаў розных галін, пераможцаў прафесійных конкурсаў, ушаноўванні ветэранаў працы. Тысячы чалавек атрымаюць заслужаныя ўзнагароды за добрасумленную працу і значны ўклад у развіццё сваіх прадпрыемстваў. Запланаваны таксама святочныя канцэрты, творчыя конкурсы, спартыўныя спаборніцтвы і забавы для дзяцей.
Самай маштабнай пляцоўкай святкавання Першамая стане сталічны парк Перамогі. Мерапрыемства аб’яднае прадстаўнікоў прадпрыемстваў усіх галін не толькі сталіцы і Мінскай вобласці, але і іншых рэгіёнаў.
«Цэнтральная падзея ўрачыстай часткі — гэта, безумоўна, цырымонія ўзнагароджвання лаўрэатаў прэмій Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў галіне працы і культуры. Гэта знакавыя ўзнагароды. Іх асаблівасць у першую чаргу ў тым, што яны, па сутнасці, заснаваны і прысвойваюцца самімі працоўнымі лепшым арганізацыям і работнікам усіх галін, — расказалі ў прэс-службе ФПБ. — У бягучым годзе ў галіне працы прысуджана 21 узнагарода за дасягненне высокіх паказчыкаў у сацыяльна-эканамічным развіцці, высокія дасягненні ў працы, за значны ўклад у развіццё сацыяльнага партнёрства, а таксама за распрацоўку і ўкараненне новых тэхналогій. Іх уладальнікамі сталі як асобныя прафесіяналы сваёй справы, так і аўтарскія калектывы, прадпрыемствы і арганізацыі краіны».
Адзін з галоўных крытэрыяў для вызначэння пераможцаў сярод арганізацый — наколькі наймальнік клапоціцца пра свой працоўны калектыў, як выбудавана на прадпрыемстве сістэма сацыяльнага партнёрства. У першую чаргу ацэньваецца калектыўны дагавор арганізацыі, якія дадатковыя бонусы звыш устаноўленага заканадаўствам ён змяшчае, як узаемадзейнічае прафсаюз і кіраўніцтва арганізацыі па вырашэнні важных для калектыву пытанняў і праблем.
У галіне культуры вызначаны 8 лаўрэатаў. Яны атрымаюць высокую ўзнагароду за стварэнне ўнікальных твораў літаратуры, мастацтва, журналістыкі і аматарскай творчасці.
Акрамя таго, будуць працаваць інтэрактыўныя пляцоўкі па прадстаўленні розных прафесій. Яны размесцяцца ў парку Перамогі. Кожны галіновы прафсаюз, а іх у сістэме ФПБ 15, прадэманструе лепшыя дасягненні і новыя распрацоўкі прадпрыемстваў галіны, майстэрства і творчасць работнікаў. Напрыклад, на пляцоўцы прафсаюза работнікаў лесу будзе арганізавана цімбер-шоу. Тут выступяць удзельнікі чэмпіянатаў свету па валцы лесу. Прафсаюз работнікаў культуры арганізуе выставу работ рамеснікаў па самых розных напрамках. А прамысловасць будзе прадстаўлена сакрэтамі кавальскага майстэрства і найноўшымі ўзорамі тэхнікі вядучых прадпрыемстваў краіны. Прафсаюз работнікаў хімічнай галіны прадэманструе, як беларускія нафтавікі здабываюць «чорнае золата». У парку будзе ўстаноўлена міні-версія нафтавай вышкі. А пакаштаваць самую смачную прадукцыю беларускіх перапрацоўчых прадпрыемстваў можна будзе на пляцоўцы прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Самае цікавае ў тым, што госці свята самі змогуць паспрабаваць свае сілы ў розных прафесіях.
У ФПБ падкрэслілі, што з 11.30 да 11.50 адбудзецца ўскладанне кветак да стэлы «Мінск — горад-герой». З 12.00 да 14.00 пройдзе ўрачыстая цырымонія адкрыцця Свята працы і ўзнагароджвання лаўрэатаў прэмій Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. У 14.00 пачнецца канцэртная праграма з удзелам папулярных артыстаў, прафсаюзных і ведамасных калектываў мастацкай творчасці. З 10.00 да 16.00 на тэрыторыі парка Перамогі будуць працаваць інтэрактыўныя пляцоўкі галіновых прафсаюзаў па прадстаўленні прафесій, можна будзе паўдзельнічаць у розных творчых і спартыўных спаборніцтвах. Таксама будзе арганізавана работа выязнога гандлю.
Звязда, 1 траўня 2023