Паводле аператыўных дадзеных, агучаных начальнікам галоўнага ўпраўлення гарадской гаспадаркі і энергетыкі Мінгарвыканкама Аляксандрам Ракаўшчыком на аператыўнай нарадзе ў мэрыі, на 17 красавіка за час правядзення месячніка па ўборцы і добраўпарадкаванні горада прыбрана каля 73% тэрыторый сталіцы.
План па навядзенні парадку і ўладкаванні тэрыторый Мінска на гэты год уключае ўборку, уладкаванне і азеляненне двароў, плошчаў, вуліц, сквераў, паркаў, зон адпачынку і іншых аб’ектаў горада сацыяльна-бытавога і культурнага прызначэння. Акрамя таго, у рамках месячніка прадугледжана ўборка мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы, тэрыторый арганізацый горада, будаўнічых пляцовак, прыдамовых тэрыторый, а таксама аднаўленне парушанага добраўпарадкавання ў месцах правядзення раскопак.
Аляксандр Ракаўшчык праінфармаваў, што з пачатку месячніка па ўборцы і добраўпарадкаванні горада было высаджана больш за 10,5 тыс. дрэў пры плане 7,25 тыс. і больш за 32,4 тыс. кустоў, было адрамантавана больш за 63 тыс. кв. м. асфальтабетоннага пакрыцця на тэрыторыі горада і вывезена звыш 14,8 тыс. куб. м. смецця.
Да работ па навядзенні парадку прыцягваюцца не толькі працоўныя калектывы, але таксама моладзь, якая навучаецца, работнікі грамадскіх арганізацый, актывісты, валанцёры.
Паводле слоў Аляксандра Ракаўшчыка, маніторынг горада паказаў, што неабходна надаць асаблівую ўвагу навядзенню парадку на ўнутрыдваровых тэрыторыях Мінска, бо дзе-нідзе прысутнічае леташняя лістота і смецце, маюць патрэбу ў рамонце дзіцячыя пляцоўкі, патрабуецца рамонт дарожнага пакрыцця. Падчас аб’езду горада ў мінулую пятніцу старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў адзначыў таксама неабходнасць навядзення парадку на тэрыторыі прыватнага сектара горада, а менавіта на рамонт агародж і ўборку смецця на прыдамовых участках.
Да заканчэння месячніка будуць завершаны работы па навядзенні парадку на вулічна-дарожнай сетцы сталіцы і пуцеправодах, забяспечана ўборка тэрыторый будаўнічых аб’ектаў, прамысловых прадпрыемстваў і вытворчых баз. Профільныя арганізацыі звернуць увагу ўладальнікаў на прывядзенне ў парадак рэкламных канструкцый.
Аляксандр Ракаўшчык акцэнтаваў увагу на тым, што прадпрыемствы і арганізацыі Мінска на працягу гэтага тыдня, не чакаючы даты рэспубліканскага суботніка, паспрабуюць завяршыць работы па ўборцы замацаваных тэрыторый.
Звязда, 17 красавіка 2023