У гэтым годзе маштабная акцыя ў падтрымку чытання прайшла 21 красавіка. Асноўная тэма — «БібліяІмпульс». Ён быццам бы дасылаўся жыхарам і гасцям сталіцы, заклікаў іх убачыць усю ўрачыстасць на свае вочы.
Мерапрыемствы яшчэ не пачаліся, а ўвесь хол бібліятэкі ўжо быў запоўнены людзьмі. Шмат было і дзяцей, якія весела танчылі з аніматарамі-мімамі. Знаёмімся з глядачкай Марынай Марозавай, якая прыйшла на «Бібліяноч-2023» са сваім пяцігадовым сынам Аляксеем. Гэтае мерапрыемства яны наведваюць ужо другі год. Хлопчыку вельмі падабаюцца дзіцячыя тэматычныя нумары. Па словах мамы, у мінулым годзе ён годна вытрымаў праграму ад пачатку да канца. Сёлета яны таксама планавалі заставацца да завяршэння «Бібліяночы».
Роўна а 19 гадзіне пачалося тэатралізаванае адкрыццё. Людзі з цікавасцю назіралі за выступленнем студэнтаў кафедры рэжысуры БДУКіМ і студыі танца ліцэя БДУ «Глорыя». Пасля гэтага кожны сам мог выбіраць, у якую зону яму накіравацца. Хтосьці пайшоў разглядаць бібліятэчныя экспанаты, хтосьці адправіўся на майстар-клас, нехта гуляць у настольныя гульні або шахматы. «Звязда» ж вырашыла зазірнуць у «Літаратурны салон», дзе вось-вось павінна была пачацца сустрэча з пісьменніцай і паэткай, кіраўніцай народнага клуба кампазітараў і паэтаў «Жывіца» Ірынай Карнаухавай.
Для пісьменніцы гэта быў хвалюючы момант, бо яна ўпершыню прадстаўляла сваю творчасць у Нацыянальнай бібліятэцы. На стэндзе — каля 37 кніг, але на мерапрыемстве яна планавала расказаць пра апошнія творы, сярод якіх кнігі Выдавецкага дома «Звязда» – «Байкальская трылогія» і «Дзвярны дом». Кожная з іх мае цікавую перадгісторыю. Ірына Карнаухава кожны год лятае да сваіх родных у Іркуцк. Неяк у адну з такіх паездак ёй пашчасціла пабываць на зімовым Байкале. Па словах пісьменніцы, гэта была самая сапраўдная казка Снежнай каралевы. Пасля гэтага яна і вырашыла напісаць для дзяцей аб гэтым возеры і аб унікальным востраве Альхон, на якім развіваюцца падзеі. «Разынка» гэтай трылогіі ў тым, што ў фантастычнае апавяданне ўплецена пазнавальная інфармацыя аб прыродзе вострава. Па словах Ірыны, перад напісаннем кнігі яна прачытала шмат літаратуры, каб сумленна і праўдзіва падаць гісторыю.
Таксама пісьменніца падзялілася, што вялікай папулярнасцю ў школьнікаў карыстаецца фантастычная кніга «Дзвярны дом». З усмешкай успамінае, як на прэзентацыі ў школе да яе падбягалі дзеці, куплялі гэтую кнігу і захоплена казалі: «Я так люблю страшылкі на ноч чытаць!»
А ідэя напісання кнігі ўзнікла даволі незвычайна.
— Ехала на машыне, каля ЦУМа на святлафоры спынілася, а каля нас крыху бокам стаіць машына з рэкламай — «Дзвярны дом», — дзеліцца Ірына. — Я яшчэ тады падумала, чаму не «Дом дзвярэй» — мякчэй жа гучыць.
Здаецца, абсалютна штодзённая сітуацыя. Але гэтае словазлучэнне так настойліва стукалася ў падсвядомасць пісьменніцы, што праз нейкі час нарадзілася ідэя новай кнігі. Па сюжэце галоўныя героі, хлапчукі Лёшка і Макс, знаходзяць старую кнігу і чытаюць у ёй замову. Усё б нічога, толькі вось гэтае свавольства запускае часавы гадзіннік, які адлічвае час да апакаліпсісу. Каб яго спыніць, хлопцы трапляюць у вельмі дзіўную хату з велізарным калідорам, мноствам дзвярэй розных формаў і памераў.
У літаратурным салоне было ўтульна і душэўна, але ж трэба паспець наведаць і іншыя пляцоўкі! Увагу прыцягвала гучная музыка ў прасторы «Рытмы планеты». Спачатку там выступаў хор кітайскіх студэнтаў БДПУ «LoveMusicTeam». Яны выконвалі кранальныя меладычныя песні. Выдатным дадаткам калектыва быў харызматычны бубнач, які цалкам аддаваўся ігры на сваім інструменце. Аднак літаральна праз паўтары гадзіны на гэтай жа пляцоўцы панавала зусім іншая атмасфера. Тут праходзіў майстар-клас па індыйскім танцы ад Дар’і Усаравай, шматразовага прызёра рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў па індыйскім танцы, выкладчыка школы індыйскага танца «АМРАПАЛІ». Першыя шэрагі былі занятыя дзяўчынкамі, якія старанна паўтаралі рухі за прафесійнай танцоркай. Перад кожным танцам Дар’я давала кароткую даведку аб яго асаблівасцях і аб тым, пры якіх абставінах яго выконваюць у Індыі.
Яшчэ адна этна-вечарына праходзіла зусім побач, у зале беларускай літаратуры. Тут гурт «Guda» разам з капэлай традыцыйнай музыкі «Анягож» і гарамністам Уладзімірам Ганчаровым выконвалі беларускія народныя танцы.
Для аматараў класічнай музыкі ідэальным месцам была пляцоўка «Музычны салон XIX стагоддзя». Тут праходзіў канцэрт-лекцыя, дзе музыканты-аматары выконвалі шэдэўры Шапэна, Мендэльсона, Чайкоўскага і іншых кампазітараў.
Па дарозе з «Музычнага салона XIX стагоддзя» на кальцавым калідоры не магла не прыцягнуць увагу доўгая чарга. Цікава, куды так маглі выстраіцца людзі? Як аказалася, гэта была пляцоўка «Астралогія з усмешкай», дзе можна было атрымаць экспрэс-кансультацыю ад астролага Анжалікі Шаставец.
Але не трэба думаць, што на «Бібліяночы-2023» былі толькі забаўляльныя мерапрыемствы. Тут таксама праходзілі турніры па шахматах і шашках, сустрэчы з адвакатам, нутрыцыёлагам і імідж-стылістам. А для самых маленькіх наведвальнікаў працаваў дзіцячы пакой, дзе былі прадстаўлены розныя спектаклі і гульнявыя праграмы.
Адным словам, шанс злавіць «БібліяІмпульс» быў у кожнага. Галоўнае — знайсці пляцоўку сабе па душы, чытаць добрыя кніжкі і наведваць біліятэку не толькі ў «Бібліяноч»!
Аўтар: Лізавета Голад
Звязда, 22 красавіка 2023
Звязда, 22 красавіка 2023